Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наперадзе падзел Расеі, і ёй ніхто ня прыйдзе на дапамогу — прагноз


Першая Халодная вайна абярнулася развалам СССР. Новая — пачатая Пуціным, верагодна, абернецца развалам Расеі. Пра гэта ў інтэрвію «Голасу Амэрыкі» сказаў прафэсар унівэрсытэту Джорджа Мэйсана Марк Кац. Прафэсар дасьледуе Расею ўсё жыцьцё. Галоўны інтарэс: зьмены ўлады ў Расеі, зьнешняя палітыка Масквы і міжнародны тэрарызм.

У 1980-я, у апошнія гады першай Халоднай вайны, Кац пасьпеў папрацаваць у Дзяржаўным дэпартамэнце спэцыялістам па СССР. На яго рахунку мноства артыкулаў, кніг і дакладаў. Апошнім часам увага прафэсара сканцэнтравана на спробах Расеі выбудаваць процівагу ЗША і Эўразьвязу на міжнароднай арэне. Ён лічыць: нягледзячы на гучныя заявы з Масквы міжнародная палітыка Расеі — гэта поўны правал, які да таго ж нятанна абыходзіцца.

Уладзімір Пуцін, 2014 год

Уладзімір Пуцін, 2014 год

У чалавека, які кіруе Расеяй кульгае лёгіка — лічыць Марк Кац. Таму ўсё, што робіць Пуцін, больш шкодзіць самой Расеі. Паслухайце заявы Пуціна, кажа прафэсар, Захад у яго адначасова і слабы, і вырадзіўся, і страшная пагроза Расеі. Гэтыя тэзісы супярэчаць адзін аднаму! А паколькі слова ў Пуціна не разыходзіцца са справай, ад яго трэба чакаць і новай бяды, і новых пралікаў, якія і разваляць Расею.

«У Пуціна наперадзе можа быць тры адначасовыя канфлікты: ва Украіне, на Паўночным Каўказе і ў Цэнтральнай Азіі. І чым больш складана будзе сытуацыя, тым больш пад ім будзе хістацца крэсла. Унутры Расеі ёсьць сілы, якія чакаюць свайго часу. Людзі хочуць дэмакратызацыі — шмат людзей», — кажа прафэсар.

У Пуціна наперадзе можа быць тры адначасовыя канфлікты: ва Украіне, на Паўночным Каўказе і ў Цэнтральнай Азіі.

Зьнешняя палітыка Расеі, з пампэзнымі разьездамі Пуціна па сьвеце і дарагая прапаганда — таксама ня прыклад адэкватнасьці — лічыць Кац. Далей заяў пра братэрства з чарговым антыамэрыканскім рэжымам ці палітычнай сілай, справа не ідзе. Расея хоча зарабляць на сябрах, а яны — на ёй. Але саміх грошай ня мае ніводзін з бакоў.

«Ну каму патрэбны такі саюзьнік, як прэм’ер Грэцыі Цыпрас? Ён ня хоча вяртаць даўгі Эўропе. Хіба ён нешта дасьць Расеі? Калі мэта Пуціна складаецца ў тым, каб стварыць „Альянс абражаных Захадам“, то ён гэта можа зрабіць. Але ўсе яго члены захочуць рэальных грошай», — тлумачыць Марк Кац.

Зарабляць можна, вызваліўшыся ад карупцыі, пабудаваўшы дэмакратыю. Аднак ўся палітыка Расеі наадварот — пакліканая зрываць і рэформы, і дэмакратычныя пераўтварэньні. Знайсьці сяброў з такім падыходам ня проста.

Віцэ-прэзыдэнт аналітычнага цэнтру «Атлянтычная Рада» Дэйман Уілсан тлумачыць на прыкладзе Бальканаў.

«Натуральна для Расеі адстойваць эканамічныя інтарэсы, разьвіваць культурныя і гістарычныя сувязі. Але Расея цяпер ня мае пазытыўнай мэты. Яна шукае слабасьці, выкарыстоўваючы для гэтага разьведку, арганізацыі, якія фінансуюцца з Масквы, і праваслаўную царкву. А мэта Расеі — ня даць краінам правесьці рэформы, стаць паўнавартаснымі эўрапейскімі дзяржавамі, членамі ЭЗ або НАТО. Уплыў Расеі выкарыстоўваецца не на карысьць, а на шкоду», — тлумачыць сытуацыю Уілсан.

У Эўропе Расея мае такую ж дэструктыўную праграму. Грошы, падтрымку з Масквы атрымліваюць рухі, якія выступаюць супраць ЭЗ і ЗША як такіх, і тыя, каго палітолягі называюць фашыстамі. Прафэсар Кац лічыць: падтрымліваючы іх, Масква выкормлівае сваіх ворагаў.

«Гэта ня моцна адрозьніваецца ад таго, што Сталін рабіў у 30-х гадах мінулага стагодзьдзя, калі загадваў нямецкім камуністам супрацоўнічаць з нацыстамі. Бо Сталін лічыў, што нацысты працуюць у інтарэсах СССР! Мы памятаем, чым гэта скончылася. Падобныя групы, прыйшоўшы да ўлады, могуць павесьці сябе ня так, як хацелі б у Маскве. Цяпер яны шкодзяць Захаду, але ляяльнымі да Пуціна яны будуць толькі за грошы», — кажа Кац.

З Расеяй ніхто ня хоча сябраваць задарма. У Эгіпце — хочуць зброю. У Лацінскай Амэрыцы — таксама ведаюць свой «шкурны» інтарэс. Расьпіяраная Крамлём група БРІКС у складзе Бразыліі, Кітаю, Расеі, Індыі і Паўднёвай Афрыкі таксама не зьяўляецца процівагай ЗША і Эўропе.

«Праблема БРІКС у тым, што два найбуйнейшыя члены групы — Кітай ды Індыя — ня любяць адзін аднаго. Індыя лічыла, што Масква можа ўраўнаважыць Кітай, але цяпер Пэкін і Расея сябры — таму Індыі ад Масквы больш няма карысьці! Усе гэтыя размовы пра БРІКС — проста паказуха», — кажа прафэсар Марк Кац.

Але тое, што Расея атрымлівае ад варот паварот ад Індыі ці Вэнэсуэлы, не азначае нічога добрага для непасрэдных суседзяў Масквы. Адносна іх Пуцін выкарыстоўвае выпрабаваную тактыку — шукае слабых і адзінокіх, а калі знойдзе — душыць. Уілсан адзначае — выратаваць або загубіць такіх можа пазыцыя Эўропы і ЗША.

«Расея правярае, наколькі далёка ёй дазволяць зайсьці. Калі атрымлівае адпор — пачынае думаць аб альтэрнатывах. Успомнім Крым: зялёныя чалавечкі спачатку асьцярожна правяралі рэакцыю Ўкраіны і Захаду. Яе не было, таму вынікала анэксія», — адзначае прафэсар.

Драпежніцкія, падступныя паводзіны Расеі настройваюць супраць яе ўсіх. Марк Кац кажа — таму, калі ў Расею прыйдзе рэальны крызіс дзяржаўнасьці, да якой і вядзе Пуцін, на баку Масквы ня будзе нікога.

«Пуцін так пагардліва думае, што ён можа Ўкраіну разьдзяліць, а з Расеяй такога не адбудзецца. А я думаю гэта ня так. Расею можа чакаць выхад зь яе складу Паўночнага Каўказу, Татарстану. І розьніца з Украінай будзе ў тым, што на дапамогу Расеі ніхто ня прыйдзе», — кажа дасьледчык.

«Расея шукае павагі, але лічыць павагу сынонімам страху. Калі яны хочуць адвадзіць суседзяў ад НАТО, ім варта было б быць лагоднымі да іх. Але расейцам такое і ў галаву ня прыйдзе. Яны паводзяць сябе як бандыты, таму што ня ўмеюць па-іншаму. Яны да гэтага часу не зразумелі, што больш не зьяўляюцца звышдзяржавай, таму і паводзяць сябе так, выклікаючы ў некага страх, а ў некага — сьмех. Расейцы проста ня ведаюць, што для іх саміх лепш», — падсумоўвае прафэсар Марк Кац.

XS
SM
MD
LG