Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра будучыню мы больш ня думаем: як у Бараўлянах жыве сям’я з Луганшчыны


Нараджэнка Луганскай вобласьці Ала Выскваркіна разам з дачкой у верасьні мінулага году пераехала ў Беларусь.

У канцы сакавіка сям’я перабралася ў Бараўляны пад Менскам. Некалькі дзён Свабода правяла разам зь імі, каб паглядзець, у якіх умовах жывуць украінскія мігранты ў Беларусі.

Не хацела, каб дачка бачыла вайну

«Так, так, мы з Украіны», — на інтэрвію і фотарэпартаж 42-гадовая Ала пагаджаецца на месцы — у офісе Чырвонага крыжа, дзе яна ў той дзень атрымлівала ваўчары на вопратку.

Яшчэ да красавіка мінулага году, узгадвае Ала, пра вайну ніхто ня мог і падумаць. Сёмага красавіка, на Дабравешчаньне, пачаліся баявыя дзеяньні, а ў траўні ўжо Ірміна пачалі абстрэльваць. 29 траўня, адразу пасьля лінейкі ў школе, Ала забрала дачку і адвезла да сваякоў у Белгародзкую вобласьць у Расеі.

«Гэта мая прыёмная дачка, яна нічога добрага да 6 год ня бачыла. Я не магла яе пакінуць у вайне».

Ала працавала кантралёрам у аддзеле тэхнічнага кантролю на прадпрыемстве па вуглеперапрацоўцы. Зь вясны мінулага году яна стала часта браць дачку на працу, бо там былі лепшыя бамбасховішчы.

«Ня думалі, што калісьці яны спатрэбяцца. Бамбасховішчы былі закінутыя, і ўвесь горад быў заняты прыбіраньнем, праводам камунікацыяў у іх».

Дачка заставалася ў далёкіх сваякоў у Расеі, і ў ліпені Ала паехала, каб перавезьці яе да больш блізкіх сваякоў. Пасьля думала вярнуцца назад, але гэта ўжо было небясьпечна. Да восені яны пажылі ў Расеі, а потым прыехалі ў Стоўбцы, дзе былі далёкія сваякі па бацькавай лініі і сябры дзяцінства.

«Нас у Расеі вельмі шмат было, у двух пакоях — дванаццаць чалавек, і мы там не маглі заставацца».

Пажыўшы тры месяцы ў сяброўкі ў Стоўбцах, Ала з Воляй сталі наймаць пакой за мільён рублёў на месяц. Уладкаваўшыся ў пральню мясцовай бальніцы, Ала атрымлівала заробак 1,5 мільёна. Яшчэ каля 1,5 мільёна дапамогі плацілі за прыёмную дачку.

«Грошы тут зарабляюць прыкладна тыя самыя, што і ва Ўкраіне, — кажа Ала. — Але ў Беларусі ўсё нашмат даражэйшае».

Стоўбцы і Бараўляны — розныя краіны

У Беларусь яны прыехалі амаль без анічога. Калі ў Волі былі нейкія рэчы, то Ала выяжджала літаральна з адным пашпартам. Таму мусілі прыстасоўвацца на хаду.

«Вось у мяне была камізэлька, — паказвае куртку Ала. — А я давязала рукавы і хадзіла ў гэтай куртцы ўсю зіму».

Да таго ж старая вопратка ўжо не падышла б Але па памеры, бо толькі за апошнія чатыры месяцы яна схуднела на 18 кг.

«Калі перастаеш есьці, перастаеш спаць, у пастаянных думках і на нэрвах, яшчэ не такое здарыцца з арганізмам».

Калі мы першы раз сустрэліся з Алай, яна толькі тыдзень як пераехала са Стоўбцаў у Бараўляны. У яе было адчуваньне, што яна прыехала ў іншую краіну, так адрозьніваецца мэнтальнасьць мясцовых людзей.

«У Стоўбцах было дзіка, там кожны сам па сабе, а тут людзі самі прапануюць дапамогу».

Уладкаваўшыся санітаркай у дзіцячы анкалягічны цэнтар, Ала цяпер чакае месца ў інтэрнаце. Заробак тут удвая вышэйшы, чым у Стоўбцах. Аднак галоўнае, чаго не хапае Але, — гэта дакумэнтаў, каб атрымаць від на жыхарства. Калі на руках няма нічога, акрамя пашпарту, звароты ў любыя дзяржаўныя інстанцыі ўскладняюцца.

«А каб зрабіць толькі адну даведку, мне трэба заплаціць 55 даляраў ва ўкраінскім консульстве. Маючы беларускае паходжаньне, я б за месяц магла аформіць від на жыхарства. Але каб атрымаць усе дакумэнты з украінскіх архіваў, трэба заплаціць 400 даляраў».

Ала зьдзіўлена, што ў Беларусі ў яе ёсьць ільготы, а ва Ўкраіне няма. Цэлы шэраг дакумэнтаў жыхарам Данецкай і Луганскай абласьцей у Беларусі афармляюць бясплатна.

Хто па даведку аб несудзімасьці, а хто хоча ажаніцца

Каля консульства Ўкраіны людзей як ніколі шмат. Абсалютная большасьць — украінцы з паўднёвага ўсходу. Яны чакаюць дакумэнтаў, якія з Украіны перасылаюцца ў консульства ў Менск.

«А вы таксама даведку аб несудзімасьці чакаеце?» — пытаецца Ала. Гэта самая неабходная даведка для атрыманьня дазволу на працу, на падставе чаго можна жыць у Беларусі.

«Не, мы хочам ажаніцца», — кажа хлопец. Яшчэ на жнівень 2014 году ў Сяргея Бурлакіна з Луганску было заплянаванае вясельле. Але праз вайну давялося яго перанесьці. У сьнежні разам зь нявестай яны пераехалі да далёкіх сваякоў у Менск, бо на чыгунцы, дзе ён працаваў, сталі плаціць толькі палову заробку.

«Я працую касірам у гандлёвай сетцы „Алмі“. Мая дзяўчына таксама знайшла працу. Сяк-так на пражыць хапае. Вось ужо трэба шукаць пакой, зьяжджаць ад ейнага стрыечнага дзядулі. Але гэта складана зрабіць, бо мала хто пагаджаецца заключаць дамову найманьня».

У чарзе людзі кансультуюць адзін аднаго, як аформіць від на жыхарства, якія даведкі для чаго патрэбныя. Але ні Сяргей, ні Ала ў консульства ў той дзень не трапляюць. Нягледзячы на вялікі наплыў наведнікаў у апошнія месяцы, яно працуе, як і раней, да абеду.

Калі ёсьць вада — не магу не прыбіраць у хаце

Наступным разам Ала сустракае нас ужо дома — пакуль ім ня выдзелілі інтэрнат, яны з дачкой жывуць у сябра дзяцінства ў Бараўлянах. Ала працуе на 1,25 стаўкі і вяртаецца дамоў каля шостай гадзіны вечара.

«Чым займаюся пасьля працы? Вось прыбіраюся, гатую».

У Беларусі яе зьдзівіла, што вада з крана цячэ круглыя суткі. Яшчэ да вайны ў іхнім доме ў Ірміне ваду давалі двойчы на дзень: дзьве гадзіны раніцай і дзьве гадзіны ўвечары.

«Калі я прыяжджаю некуды, дзе вада цячэ цэлы дзень, для мяне гэта сьвята. Па звычцы я тады пачынаю прыбірацца і мыць вопратку».

Яшчэ Ала шмат гатуе. Распавядае рэцэпт сапраўднага баршчу, у якім павінна лыжка стаяць. У Беларусі ж ёй не падабаецца хлеб, таму што «чыстага — без разынак, арэхаў і кмену» — тут амаль не знайсьці. А яшчэ ёй нестае хатняга малака.

«У нас хоць і горад, але заўжды на рынак вяскоўцы прывозілі сьвежае малако. Два разы на тыдзень я брала там 3-літровы слоік сьвежага малака. А ваша малако з крамы не магу піць».

Хачу захаваць горад у памяці мірным

Увесь час у размовах Ала ўзгадвае родны горад. Там, кажа, у адрозьненьне ад Беларусі, вельмі шмат разарыяў.

«Там увесну так прыгожа... Было прыгожа», — увесь час яна выпраўляе дзеясловы на мінулы час. — «Шчыра кажучы, я, напэўна, ужо туды не вярнуся. У маёй памяці гэта мірны, прыгожы горад, дзе паўсюль растуць ружы. Я хачу, каб ён такім і застаўся для мяне».

Там, у Ірміне, у Алы засталіся маці і сяброўкі. Сувязь зь імі нетрывалая, бо часта няма электрычнасьці. Ці засталася цэлай яе кватэра, яна ня ведае.

«Калі пытаюся, мае сяброўкі ўвесь час увільваюць ад гэтага пытаньня. І я думаю, што няма там нічога».

На сваю кватэру яна зьбірала грошы палову жыцьця, працуючы ў трох месцах. Потым яшчэ доўгі час абстаўляла. Гадуючы сына і прыёмную дачку бяз мужа, патраціла на гэта шмат высілкаў.

«Амаль усё жыцьцё сышло на тыя кватэры. А зараз, калі яе няма, трэба яшчэ адно жыцьцё?»

У той кватэры засталіся і ўсе ўспаміны. Адзіныя фатаграфіі з даваеннага жыцьця ў яе — толькі ў тэлефоне і ў профілі сацсеткі odnoklassniki.ru.

«Не, пра будучыню больш ня думаем. Раней — так, заўжды будавалі пляны, марылі пра нешта. А цяпер такога няма. Дзень пражылі — і гэта ўжо добра».

Ні ўва што ўжо ня веру

Дамоў да Алы прыехалі 7 красавіка — на Дабравешчаньне. Менавіта ў гэты дзень пачаліся актыўныя ваенныя дзеяньні на ўсходзе Ўкраіны. Але ў царкву, кажа Ала, ісьці ня хочацца.

«Зь нядаўняга часу мы перасталі ўва ўсё верыць. Калі вось такое перажываеш, ты перастаеш верыць у нешта найвышэйшае».

Нават на звычайныя сьвяты зь мінулага лета не было ні часу, ні настрою. Ні Каляды, ні Новы год, ні дні народзінаў — было не да весялосьці.

«Вось на 8 сакавіка дачка падарыла кветкі. Мы яшчэ ў Стоўбцах былі, я прыходжу дамоў — а там чырвоныя тульпаны. Гэта першы раз пасьля выезду было. Я нават заплакала ад радасьці».

Воля ўзгадвае, як у Стоўбцах яна разам з аднаклясьнікамі хадзіла калядаваць. Маці яе папраўляе: «Шчадраваць вы ж хадзілі? Гэта ж было пасьля Калядаў?» «Не, — адказвае Воля. — Тут мне казалі, што мы калядуем».

У рускамоўных Алы і Волі праблем з разуменьнем у Беларусі няма. А ўкраінская мова дапамагла Волі хутчэй вывучыць беларускую. Але пры гэтым шмат ёсьць словаў, якіх Ала не разумее, а некаторыя яе словы незразумелыя беларусам.

«Вось у вас кажуць — шуфлядка. Гэта ж проста скрыня. А майго „тремпель“ таксама ніхто не разумее. А ў нас так называюць плечкі».

Паўсюль чужыя

Жывучы ў Беларусі зь верасьня, Ала кажа, што паўсюль вылучае з натоўпу ўкраінцаў. Яны хоць і прыехалі з вайны, але чамусьці больш пазытыўна настроеныя, чым беларусы.

«Мы — іншыя. Чамусьці беларусы ўсе больш самі па сабе. А мы весялейшыя за вас. Калі ў краме ідзем з нашымі, дык жартуем, шумім, і вашы людзі на нас заўжды азіраюцца».

Пра сябе ды пра іншых землякоў, што ратуюцца ў Беларусі ад вайны, Ала кажа — нашы, «данбасяне». Яе маці — руская, бацька — беларус, нарадзілася і ўсё жыцьцё пражыла ва Ўкраіне. Але ў сёньняшніх умовах яна ўжо сама ня ведае, да каго сябе аднесьці.

«Ва Ўкраіне цяпер вельмі складана, наш горад вымірае. У Расеі, дзе ў мяне жывуць сваякі, ужо нас столькі, што няма на ўсіх месца. Не пачувалі мы сябе добра і ў Стоўбцах. Вось тут, у Бараўлянах, — першае месца, дзе нам утульна».

Што яшчэ не дае Але расчароўвацца — клопат пра дачку. Летась яна пахавала сына, які загінуў у аўтакатастрофе. Кажа, што вось гэта адзінае, што цяжка перажыць — пахаваць дзяцей. А ўсё астатнія матэрыяльныя і бытавыя цяжкасьці — зь імі можна справіцца.

«Праца ёсьць, хутка дах над галавой будзе, не галадаем — на што нам наракаць? Так, сустракаюцца дрэнныя людзі, але вы пра іх не пішыце. Таму што, я лічу, большасьць людзей паўсюль — яны ўсё-ткі добрыя».

XS
SM
MD
LG