Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рэктар ЭГУ Дэйвід Полік: «Ня варта чакаць, што ты падабаесься ўсім, калі ты займаеш кіраўнічую пазыцыю»


Дэйвід Полік

Дэйвід Полік

Першае інтэрвію на новай пасадзе спадар Полік даў выданьню The EHU Times.

— Як вядома, ня ўсе ва ўнівэрсытэце згодныя з рашэньнем Кіроўнай рады і пошукавай камісіі. У СМІ па-ранейшаму зьяўляюцца публікацыі, якія крытыкуюць вас асабіста і, у прыватнасьці, абраньне вас на рэктара. Як вы адчуваеце сябе ў такой сытуацыі?

— Як я сябе адчуваю? (усьміхаецца). У першую чаргу, я думаю, трэба зразумець, што калі ты атрымліваеш нейкую прафэсійную пасаду, ня ўсе гэтаму рады: так не адбываецца. Вопыт маёй кар’еры паказвае, што заўсёды ёсьць некаторыя людзі, якія не падтрымліваюць цябе. Ёсьць пэрсанал, які аддаў бы перавагу іншаму кандыдату. Такім чынам, незадаволенасьць некаторых — гэта звычайная справа. Такая прырода чалавечай арганізацыі. Я, шчыра кажучы, нават не зьвяртаю на гэта ўвагі.

— Пасьля таго як вы сталі рэктарам, прэзыдэнт Студэнцкага прадстаўніцтва Дзяніс Кучынскі апублікаваў артыкул, у якім, сярод іншага, гаворыцца пра тое, што вашы заробкі ў ЭГУ ўжо стварылі доўг унівэрсытэта ў 30 000 эўра. Як бы вы маглі пракамэнтаваць гэтую інфармацыю?

— Я думаю, што вы зьвяртаецеся да ліста, якое ён паслаў у Кіраўнічую раду. Я сам знаходжуся ў Кіраўнічай радзе, але Дзяніс не накіроўваў гэтага ліста мне. Гэта крыху незвычайна, вядома. Ён ніколі не прыяжджаў да мяне, каб пагаварыць пра любыя пытаньні, якія ў яго меліся. Такім чынам, я ня мог яму дапамагчы і паказаць, дзе ён дапускаў некаторыя даволі сур’ёзныя хібы і недакладнасьці ў меркаваньнях. Аднак я працаваў у акадэмічнай сфэры на працягу 45–50 гадоў, і я ніколі не выказваўся публічна супраць студэнта. Я не зьбіраюся рабіць гэтага і цяпер. Паводле азначэньня, калі маеш справу са студэнтамі, заўсёды разумееш, што гэтыя людзі яшчэ толькі вучацца. Навучаньне ўключае ў сябе мэтад спроб і памылак. Студэнты робяць памылкі, робячы таксама і выдатныя рэчы. Публічна выступаць супраць студэнтаў і памылак, якія яны часам робяць, — гэта не мая задача. Я быў бы рады абмеркаваць зь Дзянісам пытаньні, якія яго цікавяць, калі ён калі-небудзь захоча гаварыць пра гэта. Але пакуль ён не праявіў цікавасьці да размовы. Ён ніколі не пытаўся ў мяне пра ніводную з тых рэчаў, пра якія кажа ў лісьце.

— Вяртаючыся да тэмы вашых узаемаадносінаў са СМІ. У мінулым інтэрвію нашай газэце вы сказалі, што журналісты звычайна схільныя абмяркоўваць вас, але не зьвяртацца да вас наўпрост па адказы. Скажыце, ці зьвяртаюцца да вас аўтары тэкстаў пра вас, перш чым апублікаваць іх у СМІ?

— Зразумейце, гэта тычыцца ня толькі асабіста мяне. Журналісты так працуюць ня толькі са мной, яны робяць гэта з усімі. Відавочна, гэта проста такая практыка, культурная асаблівасьць, якая суправаджае журналістыку ў гэтым рэгіёне. Так што гэта не асабістая праблема, гэта тэндэнцыя. Я ня ведаю журналістаў, і яны ня ведаюць мяне. Таму гэта ня можа быць чымсьці асабістым. Хутчэй, гэта проста спосаб працы. Яны пішуць артыкул, а потым, калі ты не пагаджаесься зь ім, ты пішаш артыкул у адказ, а яны пішуць наступны. У канчатковым выніку публікуюцца падобныя «бітвы», замест таго каб адразу паспрабаваць зразумець, што праўдзіва, перш чым паведамляць што-небудзь. Я мяркую, што такія паводзіны характэрныя для тутэйшых журналістаў.

— За пару дзён да абвяшчэньня рашэньня Кіраўнічай рады зноў жа той самы прэзыдэнт Студэнцкага прадстаўніцтва Кучынскі напісаў ліст, дзе папрасіў Кіраўнічую раду зрабіць рэктарам каго заўгодна, акрамя вас. «Полік страціў наш давер, ён пасварыўся зь вядучымі мэнэджэрамі ўнівэрсытэту, а ўвесь яго плян па фінансаваньні ўнівэрсытэту зводзіцца да „Мы папросім донараў“», — гаворыцца ў гэтым тэксьце. Пракамэнтуйце, калі ласка, гэтыя сцьвярджэньні. Ці сапраўды вы ў сварцы з пэрсаналам ЭГУ?

— Ну, я ня ведаю, хто ўваходзіць у «мы», калі Дзяніс кажа «наш давер». Я ўпэўнены, што ў мяне няма асабіста ягонага даверу, і гэта можа мець месца. Зноў жа, я асабіста не размаўляў зь Дзянісам пра ўсё гэта. Такім чынам, я паняцьця ня маю, што ён думае, чаму ён так думае і чаму ён так кажа.

Адносна пазыцыі адміністрацыі. Калі я выкладаю ў аўдыторыі, я нясу адказнасьць як выкладчык і павінен паправіць студэнтаў, калі іхні адказ не дакладны. Калі ты адміністратар, прэзыдэнт або рэктар, дэкан або віцэ-прэзыдэнт, і калі адзін з супрацоўнікаў няправільна сябе паводзіць або дзейнічае недарэчна, мой прафэсійны абавязак — указаць яму на гэта. Я заўсёды павінен мець справу з праблемамі адміністрацыі. У гэтым няма нічога незвычайнага. Калі Дзяніс кажа пра кіраўніцтва, я ўпэўнены, што ён ня мае на ўвазе рэктара, прэзыдэнта ці прарэктараў. Ёсьць толькі некалькі асобаў, з ацэнкай прафэсійных прыярытэтаў і меркаваньняў якіх я не пагаджаюся. Яны пра гэта ведаюць. Больш за тое, рабіць гэта — мая праца. Тут няма нічога дзіўнага.

— А што наконт вашага пляну фінансаваньня ўнівэрсытэту? Ці сапраўды ён гучыць як «мы папросім донараў?»

— Я ўпэўнены, Дзяніс ведае, што гэта няпраўда. Ён ведае вельмі добра, што я сказаў нашмат больш, чым «мы папросім донараў», падчас сустрэчы са студэнтамі. Так, адна з рэчаў, якія мы павінны зрабіць, — пашырыць базу донараў. Мы павінны думаць пра гэта, таму што ў дадзенай вобласьці ў ЭГУ зроблена ня так шмат. Але мы таксама павінны працаваць і ў іншых кірунках, якія тычацца фінансаў. Мы павінны зрабіць больш жорсткім бюджэт, павінны расставіць прыярытэты ў разьмеркаваньні фінансаў. Трэба падымаць пытаньне аб аплаце навучаньня, асабліва ў тых выпадках, калі людзі могуць дазволіць сабе плаціць больш, чым яны плацяць цяпер. У фінансавы плян уваходзіць шырокі спэктар розных захадаў, пра якія я ня раз казаў на сустрэчах са студэнтамі, дэпартамэнтамі і Кіраўнічай радай.

— Як вы лічыце, з чым зьвязаная ў нейкай ступені нэгатыўная рэакцыя часткі ўнівэрсытэцкай супольнасьці на абраньне вас рэктарам?

— Лепш задаць гэтае пытаньне тым, хто мае на гэты конт нэгатыўныя эмоцыі. Хтосьці рэагуе адмоўна, а хтосьці станоўча. Ня варта чакаць, што ты спадабаесься ўсім, калі ты займаеш кіраўнічую пазыцыю. Даволі наіўна старацца падабацца ўсім. Ня ўсе бачаць рэктарам аднаго і таго ж чалавека. На гэтую пасаду прэтэндавалі многія, і некаторыя людзі аддавалі перавагу іншым кандыдатам, абапіраючыся на свае ўласныя асабістыя матывы. Гэта нікога не павінна зьдзіўляць. Усе мы маем свае асабістыя перавагі ў жыцьці.

— Як рэктар ЭГУ ці плянуеце вы нейкія дзеяньні, накіраваныя на згуртаваньне супольнасьці?

— Вы маеце на ўвазе — з пункту гледжаньня людзей, якія знаходзяцца ва ўзаемадзеяньні адзін з адным? Рада і донары ўнівэрсытэту вельмі ясна выказалі тыя рэчы, якія павінны быць зробленыя ў ЭГУ дзеля таго, каб унівэрсытэт выжыў. Будуць тыя, якія зразумеюць гэта і будуць шанаваць, як будуць і тыя, хто не зразумее і шанаваць ня будзе. І гэта нармальна. Найвышэйшым прыярытэтам павінна быць абсалютна нармальнае функцыянаваньне ўстановы, а ня шчасьце ўсіх вакол. Баюся, мы ня можам зрабіць кожнага шчасьлівым. Гэта было б добра, але мы часам ня можам дасягнуць гэтай мэты нават у нашых уласных сем’ях. Тым больш у арганізацыі. Што ж мы можам зрабіць? Абыходзіцца з супрацоўнікамі справядліва, быць сумленнымі зь імі, быць адкрытымі зь імі. Казаць ім праўду, нават калі ёсьць дрэнныя весткі. Часам дрэнныя навіны не аб’ядноўваюць людзей, а хутчэй расстройваюць. Але ўсё, што мы можам зрабіць, — гэта быць справядлівымі, сумленнымі і адкрытымі. Гэта спосаб, якім я карыстаўся на ўсіх маіх пастах на працягу кар’еры.

XS
SM
MD
LG