Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З рондалем баршчу наперавес


Мяркуючы па ўсім, сёлета альтэрнатыву дзейнаму прэзыдэнту на выбарах будуць прадстаўляць два палітыкі: старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і прадстаўніца грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч. Магчыма, зразумела, зьяўленьне і іншых кандыдатаў, але найбольшыя палітычныя і іншыя рэсурсы будуць за гэтымі двума.

Такое высьвятленьне сытуацыі — падстава пагаварыць аб некаторых асаблівасьцях кампаніі.

Людзям уласьціва хацець і асьцерагацца мноства розных рэчаў. Але толькі некаторыя зь іх мэтадамі палітычнай рэклямы выводзяцца ў цэнтар выбарчай кампаніі.

У 1996 годзе падчас прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі крамлёўскай камандзе бліскуча атрымалася падаць грамадзтву выбары як дылему: Ельцын або вяртаньне камуністычнага Гулагу. Гэтая тэма стала своеасаблівай восьсю выбараў, уздоўж якой кандыдаты павінны былі і вымушаныя былі пазыцыянавацца. Ці зьбіраўся Генадзь Зюганаў вяртаць камуністычныя парадкі ва ўсёй іх прыгажосьці, ці сапраўды ў выпадку перамогі згнаіў бы ўсіх нязгодных і іншадумцаў у адроджаным Гулагу — было справай дзясятай. Яго мэтадамі палітычнай рэклямы загналі ў адпаведную нішу. Яму заставалася толькі апраўдвацца, а хто апраўдваецца, той ужо прайграў.

Заадно, і гэта было таксама важным наступствам палітычнага канструяваньня, з-за стварэньня менавіта такой тэматычнай восі выбараў правалілася ўся «сярэдзіна» — Лебедзь, Яўлінскі і іншыя, хто адпрэчваў азначаную дылему і рабіў упор на іншыя праблемы. Ты за белых ці за чырвоных? Ну, з аднаго боку, варта адзначыць, з другога — нельга не прызнаць, і я наогул не пра тое. Ну не пра тое, тады адвалі. Як казаў Шарль дэ Голь, немагчыма кіраваць пры дапамозе «але».

Гэты экскурс у расейскую гісторыю робіць больш зразумелымі намаганьні беларускай улады па ўзьвядзеньні тэматычнай восі выбараў гэтага году. У нас ня будзе Майдану, я не дапушчу Майдану — гэты тэзіс кіраўнік дзяржавы паўтарае раз за разам. Пры тым, што перадумовы для ўзьнікненьня Майдану неяк не праглядаюцца. А якое гэта мае значэньне? Канструюецца тэматычная вось выбараў: на адным полюсе мудрая і адказная ўлада, якая ратуе народ ад кровапраліцьця, а альтэрнатыве ветліва аддаецца другі полюс — пагромшчыкаў, бунтаўшчыкоў, гатовых ліць кроў ракой. Пры гэтым усё роўна, ці зьбіраецца альтэрнатыва і сапраўды ладзіць пагромы і зьвяржэньні, як было ўсё роўна ў Расеі ў 1996 годзе, ці мае намер Зюганаў адраджаць Гулаг.

Так уяўляецца, што «цяжкавагавікі» беларускай палітыкі Аляксандар Мілінкевіч і Ўладзімер Някляеў адмовіліся ад перадвыбарчай барацьбы, выдатна разумеючы, у якую нішу іх загоняць. І ў гэтым сэнсе вылучэньне кандыдата-жанчыны ўяўляецца нядрэнным варыянтам — варыянтам, які разбурае або прынамсі ўскладняе апісанае пазыцыянаваньне. Яно, праўда, не вырашае мноства іншых праблем, але гэтую, так уяўляецца, збольшага вырашае.

І тут на разбурэньне сцэнару «Антымайдану» працуе патрыярхальнасьць беларускага грамадзтва, даволі жорстка расьпісаныя сацыяльныя ролі палоў. Кажучы па-простаму, па-народнаму, ну які з бабы пагромшчык? І як яна будзе граміць — з рондалем баршчу наперавес?

Тое, што жанчыны на самай справе бываюць ня менш бязьлітаснымі і агрэсіўнымі, чым мужчыны, ня мае значэньня. Палітычная рэкляма апэруе (і маніпулюе) масавымі, сталымі ўяўленьнямі і вобразамі. Зюганаў мог адхрышчвацца ад Гулагу як заўгодна, але сувязь паміж камуністамі і Гулагам ва ўяўленьнях расейцаў безумоўна існавала. Праўда і тое, што беларускай апазыцыі стратэгія Плошчы была не чужая ў мінулым, і што яна ў цэлым пазытыўна ацэньвала ўкраінскі Майдан і ў 2004 годзе, і ў 2013-2014 гадах. Але і тое, што жанчына ў беларускай культуры ніяк не асацыюецца з агрэсіяй — гэта таксама праўда.

Знакамітае выказваньне старшыні Цэнтрвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай наконт таго, што наканаваньне жанчыны — варыць боршч мужыкам, паказальна менавіта тым, што сама спадарыня Ярмошына гэтай ролі зусім не адпавядае. Больш за тое, яна ці не адзіны, акрамя прэзыдэнта, прадстаўнік уладнага істэблішмэнту, які (якая) мае ўласны вобраз, дэманструе характар і якасьці сваёй асобы. Магчыма, менавіта таму, што ў рамках айчыннай палітычнай культуры пол жанчыны — гэта яе столь, чалавек, які сваёй практыкай абвяргае падпарадкаваную, другасную ролю жанчын, на словах яе пацьвярджае і рэтрансьлюе.

Зразумела, калі справа з тэматычнай восьсю «Антымайдану» ня выгарыць, будзе барацьба за канструяваньне іншай восі. Існуе ходкае меркаваньне, што тэмай, праблемай выбараў павінна быць і стаць эканоміка, маўляў, у цывілізаваных краінах палітыкі спрачаюцца аб стаўках падаткаабкладаньня, а ў нашых краях — пра нейкія нікчэмныя праблемы, бясконца далёкія ад рэальнага жыцьця народу.

Ну не без таго, але справа ў тым, што палітыка — гэта дастаткова аўтаномная сфэра. І на самай справе людзей у найбольшай ступені турбуе іх дабрабыт, асабліва калі ён пагаршаецца. Але праблемай, якая патрабуе вырашэньня на палітычным узроўні, эканамічнае становішча становіцца не само па сабе, а тады, калі яно перакладаецца ў праблему каштоўнасьцяў, калі набывае маральнае вымярэньне. Людзі гатовыя быць беднымі нейкі час, яны тым больш гатовыя пацярпець дзеля значных для іх мэтаў, але яны не гатовыя быць несправядліва і беспэрспэктыўна беднымі.

У практычным сэнсе гэта азначае, што нават у няпростай эканамічнай сытуацыі людзі гатовыя аддаць перавагу альтэрнатыве толькі ў выпадку, калі яна эмацыйна і ідэалягічна прывабная, калі людзі, якія бэсьцяць заганы эканомікі, выглядаюць здольнымі зьмяніць сытуацыю да лепшага.

Сама па сабе канстатацыя эканамічнага бязладзьдзя, праграмы эканамічных пераўтварэньняў, якія ніхто не чытае і не пачытае, ніколі нікога не запальвалі. А як вызначыць прывабнасьць альтэрнатывы? Тут варта пару слоў сказаць аб адной ілюзіі, спароджанай Інтэрнэтам і сацыяльнымі сеткамі. Як у анэкдоце пра чалавека, які шукаў страчаны кашалёк пад ліхтаром, дзе сьветла, а ня там, дзе страціў. Анэкдот сьмешны, але ж цяпер і на самай справе меркаваньне ўсіх, якое вымераць досыць складана, часта падмяняецца меркаваньнем часткі грамадзтва, якое вымяраць лёгка.

Інтэрнэт у Беларусі дастаткова разьвіты, той самы партал TUT.BY вельмі папулярны, хіба меркаваньне яго карыстальнікаў ня ёсьць меркаваньне народнае? Тым больш, што меркаваньне ўсяго народу вымяраць няма як, дадзеныя сацыялягічных агенцтваў вельмі часта аспрэчваюцца.

Але не, меркаваньне карыстальнікаў нават папулярных інтэрнэт-рэсурсаў ня ёсьць народным меркаваньнем, пры ўсёй павазе да рэсурсаў і іх карыстальнікаў. Тут шматразовае скажэньне: інтэрнэтам у Беларусі карыстаюцца многія, але ня ўсе, для многіх з тых, хто карыстаецца, гэта толькі працоўны інструмэнт — пошта і пошук неабходнай для працы інфармацыі. Яшчэ менш людзей удзельнічаюць у абмеркаваньнях на розных форумах і ва ўсякага роду «галасавалках». Тыя, хто ўдзельнічае — публіка даволі спэцыфічная. І з чаго вынікае, што іх меркаваньне — голас народу? Меркаваньне гэтых людзей лёгка вымяраць. Але ад гэтага яно ня робіцца усеагульным.

НІСЭПД падаў аўтару гэтых радкоў табліцу, якая апісвае залежнасьць палітычнага выбару ад карыстаньня Інтэрнэтам і сацыяльнымі сеткамі на падставе дадзеных сакавіцкага 2015 году апытаньня. У якасьці індыкатара палітычнага выбару выкарыстоўваліся адказы на закрытае пытаньне аб галасаваньні на прэзыдэнцкіх выбарах.

За каго з наступных кандыдатаў Вы б аддалі свой голас? (%)

За А. Лукашенку

За Ў. Някляева

За А. Лябедзьку

Усе апытаныя

36,9

9,5

8,2

Штодзённыя карыстальнікі Інтэрнэтам (36,3%)

22,2

10

11,1

Карыстальнікі Facebook (18.2%)

14,1

15,9

19,2

Карыстальнікі Twitter (8.1%)

18,9

18

18,9

Табліца чытаецца па гарызанталі, лічбы ў дужках — долі штодзённых карыстальнікаў Інтэрнэтам і карыстальнікаў адпаведных сацыяльных сетак сярод усіх апытаных

У Facebook і Twitter апазыцыйныя лідэры дастаткова пераканаўча супернічаюць зь дзейным прэзыдэнтам. А ў грамадзтве ў цэлым — не. Ня ў тым справа, што падгрупы карыстальнікаў Інтэрнэтам і сацыяльнымі сеткамі малыя, яны не такія і малыя, а ў тым, што ўяўленьні і густы гэтых падгрупаў даволі моцна адрозьніваюцца ад сярэдніх па краіне, тым больш ад уяўленьняў і густаў людзей, як сказана ў Пісаньні, простых і някніжных. Магчыма, па меры разьвіцьця Інтэрнэту гэтыя адрозьненьні будуць памяншацца, як гэта адбылося з мабільнай сувязьзю. Валоданьне мабільнікам ужо ніяк асабліва не зьвязанае з уяўленьнямі аб сьвеце і сацыяльным статусам яго ўладальніка, таму што мабільнікі ёсьць у пераважнай большасьці. Але што да Сусьветнага павуціньня, то ў Беларусі пераможца выбараў у Інтэрнэце там пераможцам і застаецца. Ну дык а як жа вызначыць, што прывабна для ўсіх? Спэцыялістаў тут вялікае мноства, сярод наведнікаў форумаў TUT.BY — так праз аднаго:-) Хаця на самай справе адказ, магчыма, прагучыць дзіўна — такімі спэцыялістамі зьяўляюцца палітыкі, якіх усе ганяць. Гэта прафэсія такая — скурай адчуваць, чаго хочуць людзі. У рэшце рэшт, не выпадкова ж сярод 9.5 мільёнаў чалавек гэтыя нешматлікія апынуліся на месцах палітычных лідэраў.

Вось прыйдуць выбары — дык ад палітыкаў і даведаемся, чаго нам усім на самай справе хочацца ў гэтым жыцьці.

Перадрук з парталу TUT.BY

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG