Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі «начных ваўкоў» сустрэнуць як сваіх


У Беларусі, дзе матацыклісты плянуюць наведаць плошчу Перамогі ў Менску, Курган Славы і Хатынь, лідэры клюбу не чакаюць ніякіх пратэстаў супраць сваёй акцыі. «Тут нашы сябры, блізкія па духу людзі», — перакананыя арганізатары прабегу.

Навіна пра тое, што расейскія байкеры маюць намер праехаць па Эўропе з Масквы да Бэрліну, зьявілася на адным з сайтаў «Начных ваўкоў» яшчэ 23 сакавіка.

Першай краінай Эўразьвязу на шляху байкераў павінна стаць Польшча. Тут на пляны расейцаў зьвярнулі ўвагу толькі на пачатку гэтага тыдня, але нават за такі кароткі час намер удзельнічаць у пратэстах супраць мотапрабегу выказалі амаль 5000 чалавек — столькі ўдзельнікаў налічвае ў Фэйсбуку старонка мерапрыемствы пад назвай «Не — праезду бандытаў з Расеі праз Польшчу».

Яшчэ два гады таму такі ж аўтапрабег Масква — Бэрлін прайшоў без сур’ёзных інцыдэнтаў, аднак з тых часоў шмат што зьмянілася: «Начныя ваўкі» падтрымалі анэксію Крыму, зладзілі мотапрабег на ўсход Украіны, у захоплены сэпаратыстамі Луганск, лідэр клюбу Аляксандар «Хірург» Залдастанаў стаў адным з арганізатараў руху «Антымайдан» і ганарыцца сваім асабістым сяброўствам з Уладзімерам Пуціным.

Клюб «Начныя ваўкі» мае тры беларускія філіялы — у Менску, Гомелі і Бабруйску.

«Клюб, безумоўна, заўсёды нёс у сабе бунтарскі пачатак, тым ня менш ён заўсёды абапіраўся на праваслаўныя карані і гісторыю сваёй краіны.

Для нас матацыкл — сымбаль нашай свабоды, наша эмблема — сымбаль памяці, вернасьці і гонару.

Мы ганарымся сваім нічым не запэцканым мінулым, сваім расейскім імем.

Наш МС — гэта мотаклюб рускага духу, мотаклюб патрыётаў! Мотаклюб, здольны аб’яднаць рускае, славянскае грамадзтва з дапамогай бескарысьлівага матацыклетнага братэрства», — так вітае наведнікаў старонка «Начных ваўкоў» на сайце belmoto.net

Уладзімер Пуцін і Аляксандар "Хірург" Залдастанаў
Уладзімер Пуцін і Аляксандар "Хірург" Залдастанаў

Паводле словаў Баброўскага, цяпер «на загад Вашынгтону» ідзе палітызацыя мотапрабегу, удзельнікі якога толькі хочуць «не дапусьціць перапісваньня гісторыі Другой усясьветнай вайны»:

«Калі нехта нешта палітызуе... Гэта проста журналісты разьдзьмулі цэлую падзею. І Крым туды, і анэксію, і „Хірурга“, і Пуціна. У нас няма мэты палітызаваць мерапрыемства. А тое, што пішуць у эўрапейскіх СМІ, — зразумела, што гэта робіцца на загад Вашынгтона. Ім толькі дай нагоду „абмусоліць“ любую тэму, зьвязаную з Расеяй. На вачах ідзе перапісваньне гісторыі, а людзі моўчкі назіраюць. Мы хочам нагадаць, як насамрэч адбываліся падзеі ў часы вайны, абапіраючыся на афіцыйную хроніку», — сказаў кіраўнік мотапрабегу Андрэй Баброўскі.

Апроч філіялаў «Начных ваўкоў», сяброўскія адносіны з расейскай суполкай маюць некалькі іншых мотаклюбаў Беларусі. Адзін зь іх — віцебская суполка MotoRezervation, якая 9–10 траўня пры падтрымцы «Начных ваўкоў» будзе ладзіць мотапікнік «Дзень Перамогі-2015», у межах якога байкеры ўскладуць кветкі да помніка воінам у вёсцы Сянно і сустрэнуцца зь мясцовымі вэтэранамі.

Прэс-сакратар MotoRezervation Юлія Дароніна адзначыла ў інтэрвію Свабодзе, што мотаклюб не падзяляе радыкальныя погляды лідэраў «Начных ваўкоў», але традыцыйна вельмі актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемствах, зьвязаных з памяцьцю пра Другую ўсясьветную вайну.

Паводле Юліі Даронінай, плянаў на сумесныя мерапрыемствы разам з удзельнікамі мотапрабегу Масква — Бэрлін у клюбе MotoRezervation пакуль няма. Але Андрэй Баброўскі запэўнівае, што «Начных ваўкоў» будуць вітаць беларускія аднадумцы:

«Мотапрабег пачынаецца 25 красавіка, і ўжо ў гэты дзень мы будзем у Менску, праедзем да Плошчы Перамогі. 26 красавіка наведаем Хатынь і Курган Славы. Будуць і іншыя мерапрыемствы, камэнтаваць якія я пакуль не гатовы. У Беларусі нас будуць сустракаць нашы сяброўскія мотаклюбы, найперш нашы філіялы, якія ёсьць у Менску, Гомелі і Бабруйску. Гэта нашы сябры, нашы блізкія па духу людзі».

Ніякіх пратэстаў супраць правядзеньне мотапрабегу праз тэрыторыю Беларусі няма, кажа Андрэй Баброўскі:

«Беларусь — краіна, якая найбольш пацярпела ад рук нацыстаў у пэрыяд Другой усясьветнай вайны. Напэўна, таму з боку беларусаў няма ніякіх пратэстаў супраць нашага мотапрабегу, як у той жа Польшчы. Так, нас асацыююць з пэўнымі сучаснымі падзеямі, але гэта праблема тых, хто гэтым займаецца. Наша мэта — ушанаваць памяць загінулых савецкіх войнаў са спартова-тэхнічнага пункту гледжаньня».

Украінскі байкер Аляксей Емяльяненка кажа, што пасьля падтрымкі палітыкі Ўладзімера Пуціна ва Ўкраіне стаўленьне да «Начных ваўкоў» зьмянілася на нэгатыўнае:

«Ва Ўкраіне любы мотарух ставіць сябе па-за межамі палітыкі і палітычнага змаганьня. Прынята, што байкеры не падтрымліваюць партыі і асобных палітыкаў. Зразумела, што вайна на ўсходзе Ўкраіны і анэксія Крыму моцна паўплывалі на стаўленьне ўкраінскіх байкераў да расейскіх. Да „Начных ваўкоў“ раней ставіліся даволі прыязна, але пасьля таго як яны падтрымалі братазабойчую вайну, да іх ставяцца вельмі кепска празь іх палітычную заангажаванасьць. Год таму гучалі заявы ўкраінскіх байкерскіх клюбаў пра тое, што ў выпадку іх зьяўленьня на тэрыторыі Ўкраіны ім не паздаровіцца».

Аляксей Емяльяненка перакананы, што ў Беларусі ня трэба чакаць нейкіх пратэстаў супраць мотапрабегу — беларусы закрываюць вочы на палітычныя аспэкты:

«Магчыма, беларускія хлопцы ставяцца да ідэяў Залдастанава гэтаксама, як і ўкраінскія, але ў межах шчыльнай супрацы з расейскімі калегамі яны вымушаныя падзяляць іх ініцыятывы. Але я думаю, што беларусы стараюцца не канцэнтраваць увагу на палітычных момантах і сфакусавацца на ўшанаваньні памяці загінулых у вайну. Атрымліваецца, што яны ігнаруюць вайну, якую разьвязана Расея ва Ўкраіне. Але закрываць вочы на тое, што адбываецца ва Ўкраіне, нельга. У Беларусі дакладна ня будзе такога пратэсту супраць гэтага патрыятычнага мотапрабегу, які мы назіраем у Польшчы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG