Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гюнтэр Грас: што павінна быць сказана?​


Калі памірае замежны пісьменьнік такога памеру, адно зь першых пытаньняў, якое мне прыходзіць у галаву, такое: Ці існуе ён у беларускай мове? Ці перакладалі яго на беларускую?​

Гюнтэра Граса на беларускую не перакладалі. Усяго маем пераклад аднаго апавяданьня-ўспаміну (Лявон Баршчэўскі) і некалькіх вершаў у анталёгіі нямецкамоўнай паэзіі (Лявон Баршчэўскі і Вольга Гапеева). То бок, маем нейкія маргінальныя рэчы, якія нават прыблізна не даюць уяўленьня, кім быў Гюнтэр Грас для нямецкай і эўрапейскай літаратуры і культуры.​

Васіль Сёмуха, які адразу прыходзіць на згадку, калі пачынаем думаць пра беларускія здабыткі і прагалы ў перакладах даўнейшай і навейшай нямецкай клясыкі, у дачыненьні да Граса неяк сказаў:​

«Я спрабаваў некалі перакласьці на беларускую мову раман Граса „Кошкі-мышкі“, але ён у мяне начыста ня ўдаўся, поўная няўдача. Я быў вымушаны кінуць пераклад, хоць мне страшэнна падабаўся гэты твор. Нічога ня зробіш, мне не ўдалося знайсьці стылёвую плынь Граса. Трэба мець вялікую падрыхтоўку, каб перакладаць Граса, каб убачыць усе алюзіі — або быць проста немцам.»​

Моцна шкада. Па-мойму, «Кошкі-мышкі» (Katz und Maus, 1961) — найбольш дасканалы раман славутай «Данцыскай (гданьскай) трылёгіі», у якую уваходзяць яшчэ «Бляшаны барабан» (Die Blechtrommel, 1959) і «Сабачыя гады» (Hundejahre, 1962). І ён — самы кароткі з трох (гэта, па сутнасьці, разгорнутая навэла). Было б няблага, каб нехта ўсё ж спакусіўся і паспрабаваў перакласьці гэты твор на беларускую. «Кошкі-мышкі» — ня толькі знакамітая сатырычна-гратэскная аповесьць пра нямецкую вайну, сузіраную вачыма немцаў, але і ўнівэрсальная прыпавесьць пра тое, напрыклад, чаму нельга два разы замачыць ногі ў той самай рацэ...​

Можна было б таксама перакласьці незвычайна прыгожы раман Гюнтэра Граса «Сустрэча ў Тэльгтэ» (Das Treffen in Telgte, 1979), які распавядае пра фікцыйнае спатканьне нямецкіх інтэлектуалаў у XVII стагодзьдзі, пасьля заканчэньня гэтак званай Трыццацігадовай вайны паміж католікамі і пратэстантамі. Уся Нямеччына была тады амаль дашчэнту разбураная і вычарпаная жахліва крывавым канфліктам, і заданьнем згаданых інтэлектуалаў было знайсьці хоць нейкія пункты агульнага паразуменьня, каб можна было пачаць будаваць новае жыцьцё і новую надзею для нацыі. Зразумела, «Сустрэча ў Тэльгтэ» ў мэтафарычнай форме адлюстроўвала перш за ўсё дылемы пакаленьня Гюнтэра Граса ў Нямеччыне пасьля заканчэньня Другой сусьветнай вайны, але менавіта мэтафарычнасьць кніжкі надае ёй унівэрсальную каштоўнасьць — у рамане можна знайсьці пытаньні і спробы адказаў на іх, якія на працягу гісторыі ў той або іншай ступені датычылі шмат якіх пакаленьняў у розных іншых краінах.​

Было б сапраўды шкада, каб у беларускай культурнай прасторы памяць пра Гюнтэра Граса зьвязвалася ўсяго толькі зь яго прызнаньнем у 2006 годзе, што ў 1945 годзе ён некалькі месяцаў служыў у бронетанкавай дывізіі СС і гэты факт затойваў усё сваё пазьнейшае жыцьцё. Гэтае прызнаньне, разадзьмутае нямецкімі СМІ да памераў нацыянальнага скандалу, для большасьці людзей на сьвеце стала насамрэч адзінай весткай пра ролю Граса ў гісторыі.​

Было б таксама дрэнна, калі б з творчасьці Гюнтэра Граса людзі ведалі ўсяго ягоны вершык з 2012 году — «Што павінна быць сказана» (Was gesagt werden muss) — перадрукаваны некалькімі эўрапейскімі газэтамі ў атмасфэры яшчэ аднаго скандалу вакол пісьменьніка. У гэтым больш публіцыстычным чым мастацкім тэксьце Грас крытыкаваў Нямеччыну за продаж падводных лодак Ізраілю і сьцьвярджаў, што нямецкія падводныя лодкі, узброеныя ізраільскімі ядзернымі боегалоўкамі, зьяўляюцца ня меншай пагрозай сусьветнаму міру, чым Іран, супраць якога Нямеччына ўзбройвае Ізраіль...​

Гюнтэр Грас — адзін з найвялікшых эўрапейскіх пісьменьнікаў другой паловы ХХ стагодзьдзя. Калі ў 1999 годзе Нобэлеўскі камітэт прысудзіў яму сваю прэмію ў галіне літаратуры, не знайшлося хоць аднаго голасу, які б сьцьвярджаў, што швэды памыліліся або што ёсьць іншыя пісьменьнікі, больш значныя, якіх Грас незаслужана апярэдзіў. Насамрэч, у агульным адчуваньні літаратурнага сьвету, гэта было адно з самых справядлівых рашэньняў у гісторыі Нобэлеўскай прэміі. ​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG