Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У катлетах ізноў менш мяса


Сяргей Астраўцоў

Сяргей Астраўцоў

Сьпіце спакойна, цёця Дуся з гарадзенскай сталоўкі №10 на вуліцы Сацыялістычнай, і мільёны іншых кухарак «общепита» Савецкага Саюзу. Сьпі спакойна, нястомны трэст сталовых і рэстаранаў горада над Нёманам, трэст, які пакінуў па сабе мільярдныя страты. Сьпіце і вы, дарагі Леанід Ільліч, ідэалы жывуць і перамагаюць: у катлеты зноў недакладаюць мяса і зноў гэтым нават бравіруюць. У нашых з вамі кавярнях і рэстарацыях.

У савецкія часы на кухні кралі ўсё. У торт замест каньяку падлівалі падсалоджаную вадзічку, каля мяхоў з цукрам ставілі вёдры з вадою. У катлетах заўжды адчувалася змаганьне кухаркі са сваім сумленьнем. Працэнтныя суадносіны хлеба і мяса былі паказчыкам. Але кухаркі сваёй шчырай адданасьцю несумленнай справе ратавалі гонар мундзіру Палітбюро і асабіста Леаніда Ільліча. Яны дапамаглі партыі сяк-так накарміць народ і захаваць у ажуры лічбы «Харчовай праграмы», як вядома — «справы ўсенароднай». Партыя патрабавала тысячу катлет, але мяса давала толькі на пяцьсот. На кухні палова яго зьнікала, але на патэльні вясёла сквірчэлі катлеты для тысячы едакоў.

Сёньня піцы, мясныя і рыбныя стравы трацяць у вазе і рэстаратары не саромеюцца тлумачыць: гэта каб не падвышаць цэны. Мусім іх замарозіць, каб ня страціць кліентаў канчаткова. Вы самі разважце: увечары столікі свабодныя! Даўно такога не было. Дзе людзі? Быццам дома ў тэлевізары яшчэ малады і задзірысты дэпутат Лукашэнка, як у колішнія часы. Што рабіць? Не дакладаць мяса ў катлеты, піцы нармальныя паніжаць да рангу міні. І новая паслуга: прывядзеш кампанію, каб ня менш за пятнаццаць чалавек, табе скідка да дваццаці адсоткаў! Раней такога нікога не было.

Так беларусы расплачваюцца за дружбу з Расеяй, за тое, што залежаць ад яе выбрыкаў. Зноў недакладаць у катлеты першымі сталі ў РФ. Расейскія едакі наракаюць у водгуках: у мэню пішуць ранейшую вагу мяса, але порцыя яшчэ ўчора была большай. Абураецца народ, што рэстаратары робяць гэта цішком. «Мая рыба была вельмі смачнай, але замест трохсот грамаў на талерцы было ўсяго грамаў сто пяцьдзесят-дзьвесьце, прычым гэта разам з таматамі. Яшчэ нядаўна порцыя рыбы выглядала больш пераканаўча!» А што вы хочаце, калі ў некаторых рэстарацыях людзей менш напалову? — цынічна адказваюць ім. Калі толькі адсоткаў на дваццаць — то можна лічыць, што табе пашанцавала з кліентамі.

І агульная бяда: замест гішпанскіх таматаў і масьлінаў, садавіны, ласося і стронгі шукаецца замена мясцовымі прадуктамі. У Расеі – таму што Пуцін горда адмовіўся ад замежных харчоў, у Беларусі — таму што яны істотна падаражэлі пасьля гэтага.

Але калі ты, беларус, сёньня ходзіш па вечарах на стронгу і ласося ў «злачные заведения», быццам нічога ня здарылася, значыць для цябе цяперашні «кризис-война — что мать родна». І значыць табой могуць зацікавіцца і людзі з падаткавай, і нават бандыты. Толькі што ў Горадні выкрыта суполка, што займалася рэстараннымі наведнікамі. Ты расплачваесься карткай: адзін здымае зь яе дадзеныя, маючы прыладу, другі сочыць — які ты ўпісваеш пін-код. Робіцца дублікат тваёй карткі, а ў начны час праз банкамат вычышчаюць твой рахунак.

Міліцыя мае падставу ганарыцца: выкрыць злодзеяў было практычна немагчыма — працавалі ў пальчатках і хавалі твар. Як жа тады затрымалі? Ды нібыта афіцыянтаў праз сацыяльныя сеткі агітавалі паўдзельнічаць у такім спрытным бізнэсе. Ну, а калі так, аб гэтым ведалі ўсе. А значыць, людзі з пагонамі маглі пачакаць, пакуль рыба не заглыне жыўца. Што ж, у любым разе расплаціліся аматары пабаляваць не зважаючы на цяжкія часы.

XS
SM
MD
LG