Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Гюнтэр Грас памёр ва ўзросьце 87 гадоў. Ён пайшоў з жыцьця ў шпіталі гораду Любэку сёньня раніцай.

Гюнтэр Грас нарадзіўся ў 1927 годзе ў Данцыгу (з 1945 года — польскі горад Гданьск). У 1944 годзе ва ўзросьце 17 гадоў Грас быў прызваны служыць у войскі СС. Пра гэты факт біяграфіі пісьменьніка стала вядома толькі ў 2006 годзе, калі выйшла яго кніга «Цыбуліна памяці».

Дэбютны раман Граса — «Бляшаны барабан» — быў выдадзены ў 1959 годзе. У 1999 годзе Грас атрымаў Нобэлеўскую прэмію з фармулёўкай «Яго гульлівыя і змрочныя прыпавесьці асьвятляюць забыты вобраз гісторыі». У апошнія гады пісьменьнік жыў і працаваў у Любэку на поўначы Нямеччыны.

«Падобна таму як Нобэлеўская прэмія, калі абстрагавацца ад усякай яе ўрачыстасьці, грунтуецца на адкрыцьці дынаміту, які, як і іншыя спараджэньні чалавечага мозгу — расшчапленьне атаму або таксама ўганараваная прэміяй расшыфроўка генаў, — прынёсьлі сьвету радасьці і нягоды, так і літаратура нясе ў сабе выбуховую сілу, нават калі выкліканыя ёю выбухі становяцца падзеяй не адразу, а, так бы мовіць, пад лупай часу і зьмяняюць сьвет. Яны ўспрымаюцца як дабро, і як падстава для ляманту — і ўсё ў імя роду чалавечага».

(З Нобэлеўскай прамовы Гюнтэра Граса, 1999 г.)

Паасобныя творы Гюнтэра Граса перакладалі на беларускую мову Лявон Баршчэўскі і Вольга Гапеева.

XS
SM
MD
LG