Лінкі ўнівэрсальнага доступу

SIPRI: ЗША, Кітай і Расея мелі найбольшыя вайсковыя выдаткі ў 2014 годзе


Стакгольмскі міжнародны інстытут дасьледаваньняў праблемаў міру (SIPRI) апублікаваў чарговы даклад аб стане сусьветнага гандлю зброяй і выдаткаў на ўзбраеньне.

Паводле прыведзеных у ім дадзеных, у 2014 годзе ў сусьветным аб’ёме вайсковых выдаткаў на долю РФ прыпадала 4,8%, што ставіць яе на трэцяе месца пасьля ЗША (34%) і Кітаю (12%).

Вайсковыя выдаткі Расеі ў 2014 годзе ўзрасьлі ў параўнаньні з 2013 годам на 8,1% і складаюць 84,5 мільярды даляраў — 4.5% ВУП.

«Але Расея плянавала гэтае павелічэньне яшчэ да крызісу ва Ўкраіне», — адзначаецца ў дакладзе.

З-за скарачэньня даходаў ад продажу нафты ў 2014 годзе абаронны бюджэт РФ быў скарочаны на 5%.

ЗША, маючы самыя вялікія вайсковыя выдаткі ў сьвеце (якія амаль у 3 разы перавышаюць кітайскія), у 2014 годзе скарацілі вайсковыя выдаткі на 6,5%. Гэта было зроблена ў рамках захадаў барацьбы з дэфіцытам бюджэту.

Вайсковыя выдаткі Кітаю прапарцыйныя тэмпам разьвіцьця эканомікі, паводле ацэнак SIPRI на працягу дзесяцігодзьдзя доля гэтых выдаткаў у ВУП складала стабільна 2-2.2%.

Вайсковыя выдаткі Ўкраіны ў 2014 годзе павялічыліся на 23% і складаюць, паводле папярэдняй ацэнкі, 4 мільярды даляраў.

Аднак паводле экспэртаў SIPRI гэтая ацэнка, не ўключае ўсе выдаткі на вайну, і канчатковая лічба можа быць вышэйшая.

У 2015 годзе Ўкраіна плянуе падвоіць выдаткі на ўзбраеньне.

Аўтары дакладу адзначаюць, што на фоне ўкраінскага крызісу, краіны Цэнтральнай Эўропы, Балтыі і Скандынавіі пачалі нарошчваць вайсковыя бюджэты. У прыватнасьці, у Польшчы ў 2014 годзе ў параўнаньні з 2013 годам вайсковыя выдаткі павялічыліся на 8%, у Літве — на 6%.

У іншых краінах Захаду гэтая тэндэнцыя праяўляецца ў меншай ступені, нават нягледзячы на заклікі НАТО да сваіх чальцоў выдаткоўваць на абарону прынамсі 2% ВУП. У Заходняй Эўропе найбольшыя выдаткі на абарону нясуць Францыя, Вялікабрытанія, Нямеччына, Італія і Гішпанія. Усе яны мелі намер працягнуць у 2015 годзе скарачэньне гэтых выдаткаў, хай і ў нязначным аб’ёме. Аднак Нямеччына ўжо абвясьціла аб плянах адносна павелічэньня абарончых выдаткаў бюджэту ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG