Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Пецярбургу судзяць навукоўца за шпіянаж на карысьць Украіны


У Расеі ў Пецярбургу паводле абвінавачваньня ў шпіянажы судзяць вучонага, капітана першага рангу ў адстаўцы, 69-гадовага Уладзіслава Нікольскага, піша выданьне «Фонтанка. ру» са спасылкай на пракуратуру гораду.

Паводле вэрсіі абвінавачваньня, у 2011 годзе Нікольскі, тагачасны супрацоўнік Навукова-дасьледчага інстытута караблебудаваньня і ўзбраеньня ВМФ РФ, атрымаў ад начальніка аддзелу тэхнічнай дакумэнтацыі рамонтную дакумэнтацыю па праекце найбуйнейшага ў сьвеце дэсантнага карабля на паветранай падушцы «Зубр». Карабель быў збудаваны напрыканцы 70-х гадоў і экспартаваўся ў многія краіны сьвету, у тым ліку ў краіны НАТО.

Сьледзтва выявіла, што Ніколькі перавёў дакумэнты ў лічбавы фармат, потым стварыў дзьве электронныя скрыні, запампаваў туды 10 тысяч лістоў аб «Зубры» і паслаў замоўшчыку SMS-паведамленьне з лагінамі і паролямі. Неўзабаве скрыні былі прагледжаныя карыстальнікамі з украінскімі IP-адрасамі. На думку абвінавачваньня, адбылася кантрабанда дакумэнтаў, якія могуць выкарыстоўвацца пры стварэньні ўзбраеньняў і ваеннай тэхнікі.

На пачатковай стадыі сьледзтва лічыла, што матэрыялы не ўтрымліваюць сакрэтных зьвестак. Але пазьней сярод іх быў заўважаны каталёг стандартаў па ваенных караблям, засакрэчаны ў сярэдзіне 2000-х гадоў. ФСБ налічыла 200 тысяч даляраў шкоды расейскай дзяржаве. Падсуднаму пагражае да 20 гадоў пазбаўленьня волі.

XS
SM
MD
LG