Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня пусьцім у Польшчу пуцінскіх бандытаў!»


У канцы красавіка расейскія байкеры з клюбу «Начныя ваўкі» зьбіраюцца трыюмфальна праехаць праз Польшчу. Польскія байкеры іх ужо чакаюць.

Усерасійскі мотаклюб «Начныя ваўкі», прэзідэнт якога Аляксандар «Хірург» Залдастанаў — адзін са стваральнікаў расейскага «Антымайдану», зьбіраецца 29 красавіка — 9 траўня правесьці мотапрабег «На Бэрлін» па маршруце Масква-Менск-Берасьце-Уроцлаў-Брно-Браціслава-Вена-Мюнхен-Прага-Таргаў-Карлсхорст-Бэрлін.

Мотапрабег прысьвечаны 70-годзьдзю Перамогі. Пра гэта паведамляецца на сайце мотаклюбу.

«Мотапрабег пачнецца ў знамянальны для гісторыі Перамогі дзень — 25 красавіка. У гэты дзень у 1945 годзе замкнулася кола Чырвонай арміі вакол фашысцкага Бэрліну. Узяць удзел у мотапрабегу могуць усе ахвочыя. На працягу ўсяго маршруту — наведваньне мэмарыяльных комплексаў Вялікай Айчыннай вайны», — гаворыцца ў аб’яве на сайце клюбу.

Мотапрабег «Начных ваўкоў», траса якога праходзіць таксама праз Польшчу, ужо выклікаў пратэст сярод палякаў. У фэйсбуку была створана старонка «Не — праезду бандытаў з Расеі праз Польшчу», на якой актывісты заклікаюць заблякаваць праезд байкераў праз краіну, паведамляецца на сайце расейскай службы Польскага радыё.

«У мясьцінах, у якіх зьяўляюцца „Начныя ваўкі“, неўзабаве пачынаецца расейская агрэсія. Яны былі ў Крыме яшчэ да таго, як яго анэксавала Расея. Былі ў Данбасе, а цяпер забіваюць і ўчыняюць рабункі ў гарадах, занятых расейцамі. Ці будзе іх праезд праз Польшчу перасьцярогай для палякаў ці пачаткам расійскай агрэсіі? Мы спадзяемся, што брацтва матацыклістаў, незалежна ад прыналежнасьці да розных клюбаў, пакажа ім, дзе іх месца», — пішуць адміністратары старонкі.

«Начныя ваўкі» не хаваюць сваіх палітычных прыхільнасьцяў і як арганізацыя адкрыта падтрымліваюць палітыку Ўладзіміра Пуціна. Прэзыдэнт Расеі нават атрымаў ад іх на памяць скураную куртку з эмблемамі клюбу і ў 2009 годзе праехаў на чале калёны матацыклістаў ў Новарасійску.

Пуцін і Залдастанаў

Пуцін і Залдастанаў

Лідэр «Начных Ваўкоў» Аляксандар «Хірург» Залдастанаў лічыцца прыяцелем Пуціна і шмат разоў арганізоўваў сустрэчы расейскага прэзыдэнта з байкерамі.

Падчас анэксіі Крыму «Начныя ваўкі» зьявіліся на паўвостраве з расейскімі сьцягамі. Байкеры патрулявалі дарогі і ахоўвалі занятыя «зялёнымі чалавечкамі» будынкі. У прапагандысцкім фільме «Крым. Шлях на радзіму», паказаным у першую гадавіну анэксіі Крыму, паведамлялася таксама, што «Начныя ваўкі» скралі і ўтрымлівалі аднаго з украінскіх вайсковых камандзіраў.

XS
SM
MD
LG