Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Wall Street Journal: Наступная мэта Расеі — Малдова


Парад у Прыднястроўі 2 верасьня 2010 году
Парад у Прыднястроўі 2 верасьня 2010 году

Расейскія войскі ў чацьвер правялі вучэньні ў Прыднястроўі — сэпаратысцкім рэгіёне Малдовы.

Паводле расейскіх інфармацыйных агенцтваў, у вучэньнях узялі ўдзел 400 расейскіх вайскоўцаў. Падчас стрэльбаў вайскоўцы скарысталі 100 тысяч боепрыпасаў.

Амэрыканскае выданьне Wall Street Journal у рэдакцыйным камэнтары піша, што «анэксаваўшы Крым і скарыстаўшыся саступкамі Захаду ва ўсходняй Украіне, Уладзімір Пуцін разглядае тэрыторыю ад Балтыйскага да Чорнага мора як законны імпэрскі маёнтак Масквы. Пуцін папярэджвае малдаванаў адмовіцца ад мараў пра заходнюю інтэграцыю».

Паводле газэты, выбар месца для апошніх «вучэньняў Чырвонай Арміі» зьяўляецца істотным. Прыднястроўе — вузкая палоска зямлі на ўсходнім беразе ракі Днестр. Гэта сувэрэнная тэрыторыя Малдовы, але ў пераважнай большасьці населеная этнічнымі расейцамі. Яна аддзялілася неўзабаве пасьля абвяшчэньня Малдовай сувэрэнітэту ў 1990 годзе на тле распаду Савецкага Саюзу. Ніводная дзяржава-сябар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый не прызнае кіроўны рэжым Прыднястроўя.

Праз два гады Малдова зрабіла няўдалую спробу адваяваць тэрыторыю ў вайне, у якой загінулі 1500 чалавек. З таго часу каля тысячы расейскіх вайскоўцаў знаходзяцца на гэтай тэрыторыі, нягледзячы на тое, што Масква абяцала вывесьці іх да 2002 году.

Малдова, зь яе карумпаванымі палітыкамі і заблытанай парлямэнцкай структурай, застаецца адной з найбяднейшых эўрапейскіх краінаў. Тым ня меней, большасьць малдаўскіх выбаршчыкаў на апошніх трох парлямэнцкіх выбарах аддала перавагу лібэральным, празаходнім урадам. Цяперашні прэм’ер-міністар, Кірыл Габурычы, прызначаны ў лютым, зьяўляецца празаходнім бізнэсмэнам, які хоча ўсталяваць цясьнейшыя сувязі з Эўразьвязам.

Выданьне піша, што Масква ўжо пакарала малдаванаў за пошук цясьнейшых кантактаў з Захадам забаронай на імпарт малдаўскага віна ў 2013 годзе і малдаўскай садавіны ў 2014 годзе. Кожны раз з фіктыўных прычынаў, зьвязаных са здароўем, і кожны раз у час самітаў Малдовы і Эўразьвязу і адпаведных сустрэч на найвышэйшым узроўні.

«Вайсковыя вучэньні ў чацьвер маюць на мэце стварыць уражаньне, што спадар Пуцін можа прыняць больш рашучыя захады, каб падпарадкаваць непакорную краіну. Было б няблага, калі Захад даў да зразуменьня, што адказ на такія дзеяньні будзе больш жорсткі, чым рэакцыя на падзеі ва Ўкраіне. Але мы не разьлічваем на гэта».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG