Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дразды ў Брагін!», — лёзунг Чарнобыльскага шляху-2015


"Чарнобыльскі шлях"-2014

"Чарнобыльскі шлях"-2014

Традыцыйнае чарнобыльскае шэсьце ў гэтым годзе пройдзе, паводле заяўкі арганізатараў, у фармаце дэманстрацыі.

Традыцыйнае чарнобыльскае шэсьце сёлета пройдзе, паводле заяўкі арганізатараў, у фармаце дэманстрацыі.

Згодна з законам дэманстрацыя адрозьніваецца ад шэсьця тым, што падчас яе ўжываюцца розныя палітычныя лёзунгі.

Заяўнікі кажуць, што адным з асноўных лёзунгаў чарнобыльскай дэманстрацыі будзе «Не — расейскай ядзернай пагрозе ў Беларусі!». Лідэр партыі БНФ Аляксей Янукевіч патлумачыў, чаму абраны гэты лёзунг.

«Маецца на ўвазе і пагроза будаўніцтва расейскай атамнай электрастанцыі, і пагроза расейскай ядзернай зброі, якой сёньня Крэмль пагражае ўсяму сьвету. У тым ліку, у выпадку разьвязаньня такога канфлікту безумоўна пацярпяць і беларусы. І небясьпека разьмяшчэньня расейскай тактычнай ядзернай зброі на нашай тэрыторыі».

Таксама на чарнобыльскай дэманстрацыі арганізатары прапануюць ужываць лёзунгі: «Дразды ў Брагін!», «Дразды ў Нароўлю!». Сустаршыня партыі БХД Віталь Рымашэўскі гэтак абгрунтаваў прапанаваныя лёзунгі:

«Сёньня няма ніводнай беларускай сям’і, ніводнага чалавека ў Беларусі, блізкі альбо далёкі сваяк якога не хварэў бы на анкалёгію. Гэтая статыстыка ад нас хаваецца, але мы ўсе гэта добра ведаем па сваяках і знаёмых. Гэта толькі прагрэсуе ў Беларусі, і, як лічыў нябожчык акадэмік Іван Нікітчанка, які займаўся чарнобыльскай праблематыкай, гэта наступства Чарнобыльскай катастрофы, трывалага ўзьдзеяньня малых доз радыяцыі на насельніцтва Беларусі. Беларускія хрысьціянскія дэмакраты агучваюць сёньня ініцыятыву да ўладаў, да Палаты прадстаўнікоў, Адміністрацыі прэзыдэнта. Яны нам кажуць пра бясьпечнасьць засяленьня чарнобыльскіх зонаў, таму мы прапануем, каб Дразды і ўсе ўладныя лецішчы і месцы адпачынку былі перанесеныя ў раёны Брагіна і Нароўлі. „Дразды ў Брагін!“, „Дразды ў Нароўлю!“ — адны зь лёзунгаў Чарнобыльскага шляху. Хай яны пабудуюць там свае лецішчы і аздараўляюцца».

Прэс-канфэрэнцыя заяўнікаў «Чарнобыльскага шляху». Віталь Рымашэўскі, Юрась Губарэвіч, Аляксей Янукевіч, Дзьмітры Кучук, Ільля Дабратвор

Прэс-канфэрэнцыя заяўнікаў «Чарнобыльскага шляху». Віталь Рымашэўскі, Юрась Губарэвіч, Аляксей Янукевіч, Дзьмітры Кучук, Ільля Дабратвор

Заяўку на правядзеньне мерапрыемства ўжо падалі ў Менгарвыканкам. Вынік пакуль невядомы, але арганізатары спадзяюцца, што цягам тыдня атрымаюць дазвол.

Ці будуць з заяўнікаў браць грошы за арганізацыю бясьпекі?

Заяўнікаў непакоіць той факт, што арганізатарам шэсьця і мітынгу на Дзень Волі міліцыя ўжо выставіла рахунак у 21 мільён рублёў, хуткая дапамога ацаніла свае паслугі яшчэ ў мільён рублёў. Намесьнік старшыні Беларускай партыі «Зялёныя», адзін з заяўнікаў дэманстрацыі Дзьмітры Кучук назваў цынізмам браць грошы за акцыю, якая прысьвечаная абароне здароўя людзей:

Браць грошы зь ліквідатараў за тое, што яны хочуць прыйсьці да памятнага чарнобыльскага каменя, — гэта, на мой погляд, цынізм

«Адзначу, што заяўнікі гэтай акцыі — палітычныя партыі, грамадзкія і экалягічныя арганізацыі, якія не займаюцца камэрцыяй. Яны фінансуюцца за кошт ахвяраваньняў фізычных асобаў. Вось наша партыя „Зялёныя“ прымае ахвяраваньні ў тым ліку ад ліквідатараў наступстваў гэтай катастрофы. Кошт падобнай акцыі аказваецца досыць вялікі, але браць грошы зь ліквідатараў за тое, што яны хочуць прыйсьці да памятнага чарнобыльскага каменя, — гэта, на мой погляд, цынізм. Няўжо ў бюджэце гораду ня знойдзецца гэтых грошай на тое, каб даць людзям прайсьці з гэтай мэтай?»

Іншыя ўдзельнікі прэсавай канфэрэнцыі таксама выказалі абурэньне тым, што традыцыйнае чарнобыльскае шэсьце змогуць зрабіць платным. «Міліцыя нават не паказвае каштарыс сваіх гэтак званых паслугаў», — згадвалі на прэсавай канфэрэнцыі нядаўні Дзень Волі. Паводле заяўнікаў чарнобыльскай дэманстрацыі, міліцыя мусіць выконваць сваю працу па ахове грамадзянаў і забесьпячэньні парадку паводле Канстытуцыі і на грошы зь бюджэту, які фармуюць падаткаплатнікі, у тым ліку і арганізатары вулічных мерапрыемстваў.

Паводле заяўнікаў, шэсьце плянуецца правесьці 26 красавіка (у нядзелю) з 15 да 16 гадзіны па вуліцы Сурганава да памятнага каменя ахвярам Чарнобыля. Збор каля кінатэатру «Кастрычнік» з 14 да 15 гадзіны.

Заяўнікі Чарнобыльскай дэманстрацыі — партыя БНФ, Беларуская партыя «Зялёныя», БХД, рух салідарнасьці «Разам» і рух «За свабоду».

Мітынгу гэтым разам не плянуецца. Пасьля дэманстрацыі арганізатары маюць намер правесьці прэсавую канфэрэнцыю, а перад дэманстрацыяй — прыняць рэзалюцыю з пэўнымі патрабаваньнямі да беларускіх уладаў.

Напярэдадні, у пятніцу, 24 красавіка, у сядзібе БНФ пройдзе канфэрэнцыя памяці акадэміка Івана Нікітчанкі, прысьвечаная наступствам чарнобыльскай катастрофы.

XS
SM
MD
LG