Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля «дармаедаў» дзяржава возьмецца за падаткі


Генэральны пракурор Беларусі Аляксандар Канюк
Генэральны пракурор Беларусі Аляксандар Канюк

Чакаецца, што наступнай пасьля абкладаньня падаткамі «дармаедаў» кампаніяй у Беларусі стане выкрыцьцё няплатнікаў падаткаў.

Такая выснова выцякае са словаў генэральнага пракурора Беларусі Аляксандра Канюка. Выступаючы 9 красавіка ў Палаце прадстаўнікоў, генпракурор заявіў:

«Цяпер працуе ініцыятыўная група з супрацоўнікаў Генпракуратуры, Міністэрства па падатках і зборах, Савету бясьпекі, Адміністрацыі прэзыдэнта, якая рыхтуе зьмяненьні падатковага заканадаўства.

Яно ў нас даволі мяккае. Па падатковых парушэньнях штраф бярэцца мінімальны — 10%. У некаторых выпадках ён можа быць 50%. А вось у некаторых краінах ён даходзіць да 800%. І меры пакараньня там несупастаўныя з нашым крымінальным заканадаўствам. Гэта я проста анансую тэму, якую нам патрэбна сур’ёзна распрацаваць».

Кіраўнік пракуратуры Беларусі таксама канстатаваў, спасылаючыся на дадзеныя аналітыкаў, што ў беларускім грамадзтве пакуль няма такога нэгатыўнага стаўленьня да падатковых злачынстваў, як, напрыклад, да карупцыйных.

Леанід Заіка
Леанід Заіка

«У мяне ёсьць рэцэпт, як перамяніць стаўленьне жыхароў Беларусі да падатковых парушэньняў», — сказаў Свабодзе кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка, камэнтуючы выказваньні генэральнага пракурора:

«Спачатку няхай публічна абвесьцяць, колькі падаткаў заплаціў за год прэзыдэнт Беларусі. І генэральны пракурор. І іншыя высокія чыноўнікі. Калі падысьці да гэтай праблемы сумленна, то насельніцтва павінна ведаць, якія заробкі атрымліваюць чыноўнікі. І колькі яны заплацілі падаткаў. І толькі пасьля гэтага возьмемся за звычайных грамадзян.

А то палохаюць — стварылі групу. Па праблемах падаткаў, карупцыі павінен быць грамадзянскі дыялёг. А тут ствараюць групу. І праз гэта ўлады яшчэ далей дыстанцыююцца ад грамадзтва.

Уладам трэба найперш вырашыць адну праблему, якая непасрэдна зьвязаная з чыноўнікамі. Гэта праблема карупцыі. Калі вырашым гэтую праблему, тады і зоймемся праблемай выплаты падаткаў».

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

Пошукам грошай у бюджэт тлумачыць «падатковыя» захады ўладаў кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук:

«Тэза вельмі зразумелая — кожны павінны плаціць падатак. Таму ўлады зь ёй і носяцца. Праверка выплаты падаткаў дазваляе „шарсьціць“ усіх, затыкаць людзям рот. Спачатку забяруць у людзей грошы празь велізарныя штрафы, пасьля ідзі высьвятляй, даказвай. У нас жа прэзумпцыі невінаватасьці фактычна няма. Ёсьць нейкія падазрэньні, і гэтага для ўладаў дастаткова».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG