Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не «Сьвячу» пранесьлі — гэта Бог прайшоў


Генадзь Лапацін

Генадзь Лапацін

У часы ваяўнічага атэізму храмамі станавіліся звычайныя вясковыя хаты. Пра старадаўні ўнікальны абрад «Сьвяча», які існуе на Гомельшчыне, мы гутарым з супрацоўнікам Веткаўскага музэю народнай творчасьці Генадзем Лапаціным.

— Генадзь, калі ўзьнік абрад «Сьвяча», і як вы тлумачыце яго паходжаньне?

— Думаю, пачаткі абраду трэба шукаць у XIV–XV стагодзьдзях. Справа ў тым, што пасьля Крэўскай уніі, калі ВКЛ аб’ядналася з Польшчай, перад праваслаўнай канфэсіяй паўсталі пэўныя праблемы. У праваслаўных быў разьвіты інстытут патранажу, калі над храмам стаяў чалавек сьвецкі. І вось калі гэта быў чалавек мясцовы — храму ўлады спрыялі, калі не — узьнікалі праблемы. І тады пачалі стварацца суполкі напалову царкоўнага накірунку, дзеля падтрымкі парадку ў храмах. Адным з рытуалаў гэтых суполак быў выраб вялікай сьвечкі, якая па чарзе пераходзіла з хаты ў хату, па ўсёй вёсцы. Гэта была вялізная сьвечка, яна часам важыла амаль пуд. «Хадзілі» адначасова сьвечка і абраз. Потым сьвечка зьнікла, і застаўся толькі абраз. Але назва «Сьвяча» захавалася. У хату з такім абразом людзі прыходзілі маліцца.

— Хата са «Сьвячой» фактычна ператваралася ў храм?

— Так. Гэта пацьвярджаюць мае гутаркі з бабулькамі, якія памятаюць, напрыклад, 20–30-я гады. Храм савецкая ўлада зачыніла — узьнікае «Сьвяча». Чаму? Бо няма людзям дзе галаву прытуліць, да Бога зьвярнуцца. У хаты-храмы хадзілі па сьвятах, у нядзелю, у памінальныя дні. І нават калі бабулька жыла тут, а царква за 10 км, бабулька ішла ў гэтую хату. А дзе дзетак пахрысьціць? А дзе вадзічку пасьвяціць? За 10 км не наезьдзісься.

— А хто пры «Сьвячы» хрысьціў дзяцей?

— Былі жанчыны, якія навучыліся ад сьвятароў. Яны ня ўсё маглі рабіць з таго, што робяць сьвятары. Усё адбывалася па царкоўным каноне. Яны выкарыстоўвалі тыя ж самыя кніжкі — «Апостал», «Часаслоў», але рабілі толькі тое, што было дазволена міраніну. У аснове «Сьвячы» ляжыць культ агню. Спачатку быў культ агменю, які вакол сябе гуртаваў сям’ю, род. І агонь «Сьвячы» таксама яднае сям’ю, але ўжо вялікую сям’ю — усю вёску.

— «Сьвяча» — беларускі абрад? Я недзе чытаў пра яго стараверскае паходжаньне.

«Сьвяча» — выключна беларуская традыцыя

— Так, апошнім часам зьявіліся такія публікацыі. Маўляў, паколькі гэта Веткаўшчына, то і «Сьвяча» — праява стараабрадзкай культуры. Гэта ня так. «Сьвяча» — выключна беларуская традыцыя і ніякага дачыненьня да стараабрадцаў ня мае.

— А як пераходзіла «Сьвяча» з хаты ў хату — па чарзе, ці быў нейкі іншы парадак?

— Былі вёскі, дзе па чарзе з хаты ў хату, былі людзі, якім адмаўлялі, п’яніцы, разжонцы — ім «Сьвячу» не давалі. Атэісты самі ня бралі. А цяпер іншыя праблемы. Бабулькі браць ня хочуць, бо яны гэтага проста ня вытрымаюць матэрыяльна. Бо калі «Сьвячу» прымаеш — робіш вячэру, калі адпраўляеш — робіш абед. Ну нібыта талакой усё робіцца, але асноўная нагрузка — на гаспадыні хаты. У адной хаце «Сьвяча» знаходзілася год, потым перадавалася ў іншую. Сам абрад перадаваньня адбываўся цягам двух дзён.

— А як да «Сьвячы» ставіліся сьвятары?

— Па-рознаму ставіліся і цяпер па-рознаму ставяцца. Некаторыя нават прымаюць удзел, дапамагаюць жанчынам, а некаторыя адносяцца рэзка адмоўна. Чаму — не тлумачаць. Маўляў, ёсьць храм — трэба хадзіць у храм.

— У якіх мясцовасьцях гэты абрад жыве і сёньня?

Калі былі праблемы ва ўсёй вёсцы, неўраджай там ці вайна — людзі зьбіраліся і заводзілі «Сьвячу».

— Ён жыве, але жыве розным жыцьцём. Скажам, у вёсцы Матнявічы Чачэрскага раёну ажно чатыры «Сьвячы» пераходзяць з хаты ў хату. А ў нашай Неглюбцы іх было цэлых пятнаццаць! Кожная «Сьвяча» ўзьнікала зь нейкай нагоды. Калі былі праблемы ва ўсёй вёсцы, неўраджай там ці вайна — людзі зьбіраліся і заводзілі «Сьвячу». Калі ў чалавека нехта хварэў, дачка замуж не магла выйсьці, некага чакалі з вайны, то чалавек сам «Сьвячу» ўсталёўваў, а потым пускаў па вёсцы.

— Гэта нагадвае гэтак званыя дамовыя цэрквы. У некаторых бізнэсмэнаў такія ёсьць. Каб у любы час можна было зьвярнуцца да Бога і нечага папрасіць... А як звычайна людзі матывавалі, што агульная «Сьвяча» мусіць быць менавіта ў іх?

— Даводзілі сваю патрэбу розным чынам. А потым прыходзілі і вешалі на абраз свой ручнік, што азначала — у наступным годзе «Сьвяча» будзе ў мяне. Гэта як накінуць ручнічок на нявесту. Гэта ж ня проста абраз. «Сьвячу» апраналі, за яе цэлы пасаг давалі! «Сьвячу» прымалі — як нявеста ў дом прыходзіла, «Сьвячу» аддавалі — плакалі, як па нябожчыку.

— А як «Сьвячу» пераносілі з хаты ў хату? Гэта быў таксама адмысловы рытуал?

— Абраз «Сьвячы» быў вялікі, і звычайна рабіліся адмысловыя насілкі, каб маглі несьці чатыры чалавекі. Але былі абмежаваньні, хто можа пераносіць, а хто не. Нельга было пераносіць разьведзеным, дваяжонцам, удовам. Мне расказвалі пра такі выпадак. На пераносе «Сьвячы» прысутнічаў бацюшка, які сказаў: «Пераносяць толькі дзяўчаты». Падышлі чатыры дзяўчыны, толькі крануліся насілак — абраз ажно зарыпеў. Бацюшка паўтарыў умову: «Я ж сказаў — толькі дзяўчаты!» Адна з ранейшых адышла, падышла другая, узялі, панесьлі, усё было нармальна. Калі «Сьвячу» пераносілі, на яе шляху клалі палотны, елачкі, сена, салому, усё гэта потым станавілася гаючым і выкарыстоўвалася ў лекаваньні, супраць пажару і г.д. Бо гэта ж не «Сьвячу» пранесьлі, гэта Бог прайшоў — так адна бабулька сказала. Вы ж памятаеце ўваход Госпада ў Ерусалім, там таксама кідалі на дарогу галінкі пальмы, адзеньне, а потым падбіралі. Чаго Бог крануўся, тое — Божая галінка, Божае палатно.

— А ці трапляе ўрэшце намолены абраз «Сьвячы» ў храм?

Калі браць няма каму, калі ўжо край — «Сьвячу» аддаюць у храм.

— Цяпер трапляе. Калі браць няма каму, калі ўжо край — «Сьвячу» аддаюць у храм. А раней, пакуль была жывая хоць адна бабулька, якая ведала, што такое «Сьвяча», яе зь вёскі нават у храм не аддавалі. А цяпер сьвятары ад такіх абразоў не адмаўляюцца.

— Ці захаваецца гэты абрад у аўтэнтычным выглядзе? Бо цяпер некаторыя абрады аднаўляюцца штучна. Якія тут пэрспэктывы ў «Сьвячы»?

— На кожную вёску фальклёрных гуртоў ня хопіць. Штучным шляхам «Сьвячу» аднавіць і захаваць не атрымаецца. Я скажу так: там, дзе прыярытэты сям’і аказаліся вышэйшымі за прыярытэты атэістычнай дзяржавы, там гэты абрад не памрэ. Вёска Матнявічы Чачэрскага раёну гэтаму сьведчаньне. Мне адна бабулька на Веткаўшчыне прызналася, што яе ўнук сказаў: «Бабуля, калі ты памрэш, „Сьвячу“ я забяру». Гэта сказаў зусім малады чалавек. Калі гэты ўнікальны абрад падтрымлівае моладзь — ён не загіне.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

XS
SM
MD
LG