Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Панаме чакаецца гістарычная сустрэча Абамы і Кастра


Рауль Кастра і Барак Абама

Рауль Кастра і Барак Абама

Прэзыдэнт ЗША адмовіўся абвясьціць аб выключэньні Кубы са сьпісу дзяржаваў-спонсараў тэрарызму, заявіўшы, што перагляд гэтага пытаньня яшчэ не завершаны.

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама прыбыў у Панаму для ўдзелу ў саміце, падчас якога, як чакаецца, адбудзецца яго гістарычная сустрэча з кубінскім лідэрам Раулем Кастра, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Самалёт прэзыдэнта прызямліўся ў панамскай сталіцы ў чацьвер увечары для працы на Ўсеамэрыканскім саміце, у якім упершыню прымае ўдзел камуністычная Куба.

Хоць афіцыйнай сустрэчы не плянуецца, прадстаўнікі Белага дома кажуць, што прэзыдэнт Абама і старшыня Дзяржрады Кубы Рауль Кастра будуць мець зносіны.

Раней у Ямайцы Абама пракамэнтаваў магчымае рашэньне ўраду ЗША аб выключэньні Кубы са сьпісу дзяржаваў-спонсараў тэрарызму.

«Як вы ведаеце, прыняцьце рашэньня аб уключэньні або неўключэньні краіны ў сьпіс дзяржаваў-спонсараў тэрарызму прадугледжвае пэўную праверку, — сказаў Абама. — Дзярждэпартамэнт правёў такую праверку, і яе вынікі накіраваныя ў Белы дом».

У той жа час амэрыканскі лідэр адзначыў, што працэс яшчэ не завершаны, і сказаў, што пакуль ня будзе рабіць афіцыйных заяваў:

«Скажу толькі, што на працягу ўсяго гэтага працэсу мы надавалі галоўную ўвагу фактам. Улічваючы, што гэта магутны інструмэнт ізаляцыі краінаў, якія сапраўды падтрымліваюць тэрарызм, мы хочам быць упэўненымі, што калі мы прымаем такія рашэньні, у нас ёсьць сур’ёзныя доказы, што гэта адпавядае рэчаіснасьці ».

Спробы Абамы наладзіць адносіны з кубінскім кіраўніцтвам адбываюцца на фоне праблемаў з правамі чалавека на Кубе.

Ля кубінскай амбасады ў Панаме ў сераду адбыліся сутычкі паміж прыхільнікамі Кастра і кубінскімі дысыдэнтамі. На адрас дысыдэнтаў паляцелі абразы, і справа дайшла і да прымяненьня фізычнай сілы.

Двухдзённы саміт лідэраў краінаў Паўночнай і Паўднёвай Амэрыкі пачынаецца ў пятніцу.

XS
SM
MD
LG