Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля Лёндану знайшлі агромністае радовішча нафты


Запасы нядаўна адкрытага радовішча на поўдні Англіі, недалёка ад лёнданскага аэрапорта Гатвік, могуць складаць да 100 млрд. барэляў нафты, сьцьвярджаюць геолягі.

Летась геолягаразьведачная кампанія UKOG прасьвідравала ля аэрапорта спробную сьвідравіну, аналіз якой паказаў, што нафты ў гэтым рэгіёне можа быць больш за 60 млн. барэляў на квадратны кілямэтр. Аднак экспэрты UKOG прызнаюць, што дастаць можна будзе толькі частку з разьведаных запасаў.

За сорак гадоў працы брытанскіх нафтавых радовішчаў у Паўночным моры на іх у агульнай колькасьці было здабыта каля 45 млрд. барэляў.

«Думаю, мы зрабілі вельмі важнае адкрыцьцё — магчыма, самае вялікае (у Брытаніі) радовішча за апошнія 30 гадоў — і нам здаецца, гэта адкрыцьцё мае нацыянальнае значэньне», — заявіў Бі-бі-сі кіраўнік кампаніі UKOG Стывен Сандэрс.

Паводле экспэртаў кампаніі, большая частка нафты пад Гатвікам залягае на глыбіні 750-900 мэтраў.

Калі будзе здабыта толькі 5-15% ад разьведаных запасаў, нават гэтага аб’ёму хопіць, каб да 2030 году амаль на траціну забясьпечваць энэргетычныя патрэбы краіны.

XS
SM
MD
LG