Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прэм’ер Грэцыі ганіў у Расеі эўрапейскія санкцыі


Прэм’ер-міністар Грэцыі Алексіс Цыпрас супраць антырасейскіх санкцый. Але, як ён адзначыў у Маскве, прыняцьце санкцый было «супольным эўрапейскім рашэньнем».

«Пазыцыя новага грэцкага ўраду такая, што санкцыі не вядуць нікуды, яны вядуць у тупік», — сказаў Цыпрас падчас выступу ў Дзярждуме Расеі.

Пры гэтым прэм’ер Грэцыі падкрэсьліў, што ўвядзеньне санкцый супраць Расеі праз сытуацыю ва Ўкраіне «да гэтага часу застаецца рашэньнем Эўропы».

Раней эўракамісар П’ер Маскавісі заявіў, што Эўразьвяз ня мае намеру трымаць Грэцыю ў эўразоне за любую цану, а толькі пры ўмове выкананьня строгіх нормаў і правядзеньня рэформаў. Ён прызнаў, што выхад Грэцыі з эўразоны нанясе значную шкоду валютнаму зьвязу, у прыватнасьці яго цэласнасьці.

Сёлета 20 сакавіка ў Маскве адбылася сустрэча першага намесьніка міністра нацыянальнай абароны Грэцыі з намесьнікам міністра абароны Расеі. Як паведаміла расейскае абароннае ведамства, бакі дамаўляліся пра ваенную і ваенна-тэхнічную супрацу.

Алексіс Цыпрас, былы камуніст, які ўзначаліў урад Грэцыі сёлета ў студзені, цяпер знаходзіцца з двухдзённым візытам у Расеі. Гэтая паездка Цыпраса адбылася ў час, калі МВФ мае пералічыць Грэцыі чарговы транш у рамках пагашэньня вонкавай пазыкі.

Афіцыйна Грэцыя не шукае альтэрнатыўных крыніц фінансаваньня. Экспэрты неаднаразова адзначалі, што крэдыт ад Расеі можа стаць альтэрнатывай або дадаткам да крэдытных праграм Эўразьвязу, паколькі расейскія пазыкі не запатрабуюць ад Грэцыі правядзеньня сыстэмных рэформаў, на якіх настойвае Эўразьвяз.

XS
SM
MD
LG