Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як дажыць да ста гадоў? Урокі Ікарыі


Shutterstock - Greek tavern sea food

Shutterstock - Greek tavern sea food

У гэтым артыкуле — працяг тэмы Што ядуць доўгажыхары.

Грэцкі востраў Ікарыя — адна зь нешматлікіх мясцовасьцяў у сьвеце, якая славіцца адметнай колькасьцю доўгажыхароў.

Востраў Ікарыя мае плошчу прыкладна 160 квадратных кілямэтраў і знаходзіцца за 50 кілямэтраў ад заходняга ўзьбярэжжа Турцыі, у Эгейскім моры. На востраве жывуць амаль 10.000 жыхароў, то бок паводле колькасьці насельніцтва яго можна параўнаць, напрыклад, з Валожынам. Яшчэ да нашай эры на востраве расьлі густыя дубовыя гаі і вінаграднікі. Ікарыя мела рэпутацыю месца для аздараўленьня ажно 25 стагодзьдзяў таму: грэкі падарожнічалі на востраў, каб адпачыць у гарачых крыніцах Тэрмы. У XVII стагодзьдзі, Іосіф Георгірэніс, япіскап Ікарыі, апісаў яе жыхароў як гордых людзей, якія сьпяць на зямлі. «Найбольш адметнае на гэтым востраве — гэта іх паветра і вада, — напісаў ён. — Яны такія здаровыя, што людзі вельмі даўгавечныя, зусім тут звычайная рэч убачыць людзей у веку ста гадоў».

Ікарыя была неаднаразова атакаваная пэрсамі, рымлянамі і туркамі, у выніку чаго насельніцтва перабралася ад мора да цэнтральнай часткі выспы. Гэта стварыла ізаляваную культуру, багатую традыцыямі, сямейнымі каштоўнасьцямі і здароўем. Астраўляне добра ведаюць сваіх суседзяў і прысьвячаюць шмат часу гутаркам зь імі. Яны рэгулярна разам п’юць віно, па начах гуляюць у даміно і ўвогуле маюць спакойны тэмп жыцьця. Дзякуючы чыстаму паветру і цёпламу клімату, жыхары вострава шмат часу праводзяць фізычна актыўна на адкрытым паветры.

Доктар Крысціна Крысачоў, кардыёляг са школы мэдыцыны Атэнскага ўнівэрсытэту супольна з камандай іншых навукоўцаў у 2009 годзе арганізавала дасьледаваньне ІКАРЫЯ. З чэрвеня па кастрычнік 2009 году навукоўцы вывучылі стыль жыцьця і харчаваньня 343 мужчын і 330 жанчын у веку ад 65 да 100 гадоў. Дактары выявілі, што іх паддосьледныя елі ў шэсьць разоў больш бабоў, чым амэрыканцы. Яны таксама елі рыбу два разы на тыдзень, а мяса пяць разоў на месяц, пілі ў сярэднім два-тры кубкі кавы на дзень, два-чатыры кубкі віна і шчодра спажывалі аліўкавы алей. Назіральнікі таксама заўважылі, што астраўляне рэгулярна спажываюць мясцовую «горную гарбату» з сушаных зёлак. Гарбату гэтую звычайна п’юць у канцы дня. У якасьці інгрэдыентаў у ёй прысутнічаюць мацярдушка, шалфей, мята, размарын, лісьце дзьмухаўца. Доктар Крысачоў зьвяртае ўвагу на тое, што зёлкі, якія ўваходзяць у склад гарбаты, традыцыйна ўжываюцца грэкамі ў тэрапэўтычных мэтах. Так, дзікая мята змагаецца з гінгівітам і страўнікава-кішачнымі захворваньнямі; размарын выкарыстоўваецца як сродак пры падагры; палын, як мяркуюць, паляпшае цыркуляцыю крыві. Большасьць з гэтых зёлак таксама зьяўляюцца лёгкім дыўрэтычным сродкам. Лекары часта выкарыстоўваюць дыўрэтыкі для лячэньня гіпэртаніі. Магчыма, што традыцыйная гарбата спрыяе добраму артэрыяльнаму ціску жыхароў Ікарыі на працягу ўсяго іх жыцьця. Мёд таксама разглядаецца як панацэя. На Ікарыі яго выкарыстоўваюць для ўсяго, ад лячэньня ран і грыпу да пазбаўленьня ад пахмельля. Старыя людзі пачынаюць свой дзень з лыжкі мёду.

Урокі ад доўгажыхароў Ікарыі

Доўгажыхары Ікарыі абавязаны сваім доўгім жыцьцём спалучэньню геаграфіі, культуры, дыеты, ладу жыцьця і сьветапогляду. Наступныя агульныя практычныя парады ад астраўлян дапамогуць вам адчуць сябе трошкі на іх месцы і, магчыма, палепшыць здароўе і падоўжыць жыцьцё:

· Піце казінае малако

Казінае малако — выдатная крыніца кальцыю, калію і антыстрэсавага гармону трыптафану. Яно гіпаалергеннае і звычайна добра пераносіцца людзьмі, якія пакутуюць ад непераноснасьці ляктозы (малочнага цукру).

· Займайцеся фізычнай працай

Доўгажыхары Ікарыі, як правіла, бедныя людзі, якія жывуць у горных раёнах выспы. Яны штодзённа займаюцца садаводзтвам, а калі зробяць усю сваю працу, дык дапамагаюць і суседзям.

· Прытрымлівайцеся дыеты ў міжземнаморскім стылі

Дыета жыхароў Ікарыі ёсьць разнавіднасьцю міжземнаморскай дыеты. Яе адметнымі рысамі зьяўляецца вялікая колькасьць садавіны і гародніны, цэльнага збожжа, бабоў, бульбы і аліўкавага алею. Аліўкавы алей зьніжае ўзровень так званага шкоднага халестэрыну і спрыяе здароўю сэрца.

· Назапасьцеся зёлкамі

Людзі ў Ікарыі любяць піць травяную гарбату зь сям’ёй і сябрамі. Гэты напой зьяўляецца моцным антыаксыдантам. Дзікія размарын, шалфей і арэгана таксама выступаюць у якасьці дыўрэтыкаў, якія вызваляюць цела ад лішняга натрыю і вады і, такім чынам, могуць трымаць артэрыяльны ціск пад кантролем.

· Драмайце

Вазьміце прыклад з жыхароў Ікарыі і зрабіце ў сярэдзіне дня кароткі перапынак на сон. Людзі, якія рэгулярна дрэмлюць, маюць да 35 адсоткаў менш шанцаў памерці ад хваробаў сэрца. Гэта можа быць таму, што сон зьніжае ўзровень гармонаў стрэсу або дае сэрцу адпачыць.

· Пасьціцеся

Традыцыйна жыхары Ікарыі — грэцкія праваслаўныя хрысьціяне і сур’ёзна ставяцца да рэлігійнага посту. Абмежаваньне калярыйнасьці — тып посту, які скарачае каля 30 адсоткаў калёрый ад нармальнай дыеты — гэта адзіны эфэктыўны спосаб запаволіць працэс старэньня.

· Зрабіце сям’ю і сяброў прыярытэтам

Жыхары Ікарыі маюць моцныя сямейныя і сацыяльныя сувязі, якія маюць станоўчы ўплыў на карысьць агульнага здароўя і даўгалецьця.

XS
SM
MD
LG