Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнт Украіны забараніў прапаганду нацызму і камунізму


​Вярхоўная Рада Ўкраіны вызначыла 8 траўня Днём памяці і прымірэньня ў гонар усіх ахвяраў Другой сусьветнай вайны.

9 траўня будзе адзначацца як Дзень перамогі над нацызмам у Другой сусьветнай вайне.

Выступаючы ў парлямэнце, старшыня Ўкраінскага інстытуту нацыянальнай памяці Уладзімер Вятровіч сказаў, што «трэба пазбаўляцца савецкіх клішэ». Таму законапраектам прапануецца выкарыстоўваць тэрмін «Другая сусьветная вайна» і адмовіцца ад тэрміну «Вялікая айчынная вайна».

Падчас ушанаваньня тых, хто загінуў у гады Другой сусьветнай вайны, адмяняецца выкарыстаньне савецкай сымболікі.

Парлямэнт Украіны таксама прыняў закон, які забараняе прапаганду камуністычнага і нацысцкага рэжымаў ва Ўкраіне.

Закон накіраваны на асуджэньне камуністычнага і нацыянал-сацыялістычнага таталітарных рэжымаў як злачынных на заканадаўчым узроўні. Ён прадугледжвае забарону на публічнае адмаўленьне злачыннага характару гэтых таталітарных рэжымаў, забарону публічнага выкарыстаньня і прапаганды іх сымболікі, увядзеньне ў абавязак дзяржавы ажыцьцяўляць расьсьледаваньне і абнародаваньне інфармацыі аб злачынствах, учыненых прадстаўнікамі гэтых таталітарных рэжымаў з мэтай недапушчэньня паўтарэньня такіх злачынстваў у будучыні, ліквідацыя пагрозы сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай цэласьці і нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны, а таксама ўстанаўленьне гістарычнай справядлівасьці.

Уносяцца зьмены ў крымінальны кодэкс, паводле якіх за прапаганду камуністычнага і нацыянал-сацыялістычнага рэжымаў, а таксама за выраб і пашырэньне камуністычнай ды нацыскай сымболікі прадугледжана пазбаўленьне волі на тэрмін да пяці гадоў.

Вярхоўная Рада таксама прыняла закон аб прызнаньні арганізацый, якія змагаліся за незалежнасьць Украіны ў ХХ стагодзьдзі.

Паводле закону, усе людзі, якія змагаліся за незалежнасьць ва ўзброеных, парамілітарных, падпольных, палітычных арганізацыях або вялі гэтую барацьбу індывідуальна, прызнаюцца барацьбітамі за незалежнасьць Украіны.

Законам прадугледжваецца прызнаньне такіх арганізацый, як Саюз вызваленьня Ўкраіны, УСС (Украінскія сечавыя стральцы), УНР (Украінская Народная рэспубліка), Гетманат, ЗУНР (Заходне-Ўкраінская Народная Рэспубліка), партызанскія і паўстанцкія атрады Прыдняпроўя, Карпацкая сеч, УПА (Украінская паўстанцкая армія), АУН (Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў), Сэйм Карпацкай Украіны, Украінскі Гэльсынкскі саюз і іншых.

«Дзяржава прызнае, што змагары за незалежнасьць Украіны ў ХХ стагодзьдзі, якія вызначаныя ў артыкуле 1 гэтага закона, адыгралі галоўную ролю ў аднаўленьні ўкраінскай дзяржаўнасьці, што зьяўляецца асноўнай перадумовай наданьня прававога статусу і памяці змагароў за незалежнасьць Украіны ў ХХ стагодзьдзі», — гаворыцца ў законе.

Дзяржава, згодна з законам, можа вызначыць змагарам за незалежнасьць сацыяльныя гарантыі, ільготы і дзяржаўныя ўзнагароды.

«Публічнае адмаўленьне факту правамернасьці барацьбы за незалежнасьць Украіны ў ХХ стагодзьдзі прызнаецца зьдзекам над памяцьцю змагароў за незалежнасьць Украіны ў XX стагодзьдзі, прыніжэньнем годнасьці ўкраінскага народу і зьяўляецца супрацьпраўным», — пазначана ў законе.

XS
SM
MD
LG