Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Баскаў, Пуцін, Кардэн — каго яшчэ ўзнагародзіў Лукашэнка?


Аляксандар Лукашэнка і патрыярх Маскоўскі ды ўсяе Русі Кірыл у Менску ў кастрычніку 2012 году.

Аляксандар Лукашэнка і патрыярх Маскоўскі ды ўсяе Русі Кірыл у Менску ў кастрычніку 2012 году.

«Савецкая завядзёнка з часоў Брэжнева», — так называюць экспэрты ўручэньне беларускіх дзяржаўных ордэнаў чыноўнікам і іншым дзеячам з постсавецкай прасторы.

Аляксандар Лукашэнка зноў адзначыў дзяржаўнай узнагародай замежніка. Гэтым разам ордэн Дружбы народаў атрымаў прэм’ер-міністар Азэрбайджану Артур Таір аглы Расі-задэ.

Такім чынам адзначаны «значны асабісты ўнёсак палітыка ў разьвіцьцё і ўмацаваньне гандлёва-эканамічных і гуманітарных сувязяў паміж Беларусьсю і Азэрбайджанам».

Хто яшчэ з замежнікаў атрымліваў дзяржаўныя ўзнагароды з рук Аляксандра Лукашэнкі?

Найбольшую колькасьць адзнак асаблівага сяброўства паміж краінамі навесілі на грудзі расейцам.

Так, у сакавіку 2013 году кіраўнік Беларусі падпісаў указ пра ўганараваньне ордэнам Дружбы народаў Уладзімера Пуціна — «за значны асабісты ўнёсак у разьвіцьцё інтэграцыйнага супрацоўніцтва і ўмацаваньня сяброўскіх адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Расейскай Фэдэрацыяй». Уручэньне адбылося падчас паседжаньня Вышэйшага Дзяржсавету Саюзнай дзяржавы ў Санкт-Пецярбургу.

У кастрычніку 2012 году Беларусь наведаў патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл. Аляксандар Лукашэнка з гэтай нагоды выказаўся пра «сымфонію ў адносінах паміж сьвецкай і духоўнай уладай у Беларусі» і падкрэсьліў «значны ўнёсак патрыярха ў саюзнае будаўніцтва» і «імкненьне захаваць славянскае брацтва народаў Беларусі, Расеі і Ўкраіны», падмацаваўшы словы ордэнам Дружбы народаў.

У лютым 2015 году ордэн Дружбы народаў атрымалі віцэ-прэм’ер Расейскай Фэдэрацыі Аркадзь Дварковіч і першы віцэ-прэм’ер Ігар Шувалаў, а сьпікеру Дзярждумы РФ Сяргею Нарышкіну ўручылі ордэн Гонару. Расейскіх чыноўнікаў Аляксандар Лукашэнка ўзнагародзіў за «значны асабісты ўнёсак у падрыхтоўку Дамовы аб Эўразійскім эканамічным саюзе, разьвіцьцё і пашырэньне інтэграцыйных працэсаў, умацаваньне эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Расеяй».

У 2006 годзе беларускія дзяржаўныя адзнакі атрымалі расейскія поп-выканаўцы. Аляксандар Лукашэнка ўручыў ордэн Францішка Скарыны расейскім сьпевакам Надзеі Бабкінай і Мікалаю Баскаву.

У 2004 годзе з рук Лукашэнкі ордэн Скарыны атрымаў францускі кутур’е П’ер Кардэн. Сам Кардэн тады на пытаньне карэспандэнта Свабоды, ці не бянтэжыць яго тое, што ордэн ён атрымаў з рук А. Лукашэнкі, якога Эўракамісія ў сваёй заяве назвала апошнім дыктатарам Эўропы, адказаў:

«Я амбасадар цярпімасьці, я не займаюся палітыкай. Перш за ўсё я чалавек кантактаў, якія я не падзяляю ні паводле рэгіянальных, ні паводле палітычных меркаваньняў».

Раней ордэнам Скарыны былі ўзнагароджаныя таксама першы расейскі прэзыдэнт Ельцын, маскоўскі мэр Лужкоў, былы дзяржсакратар Саюзу Расеі і Беларусі Барадзін, кампазытарка Аляксандра Пахмутава.

Апроч расейцаў, на дзяржаўным узроўні адзначаліся казахстанцы — у сувязі з «падрыхтоўкай дамовы аб Эўразійскім эканамічным саюзе, разьвіцьці і пашырэньні інтэграцыйных працэсаў». Так, у 2015 годзе ордэн Дружбы народаў за гэта атрымалі прэм’ер-міністар Казахстану Карым Масімаў і прадстаўнік праўленьня акцыянэрнага таварыства «Фонд нацыянальнага дабрабыту „Самрук-Казына“» Ўмірзак Шукееў.

У 2013 годзе кіраўнік Беларусі наведаў Ерэван, дзе ўручыў ордэн Дружбы народаў самаму багатаму чалавеку Армэніі, алігарху Гагіку Царукяну, адзначыўшы яго «вялікі асабісты ўнёсак у разьвіцьцё гандлёва-эканамічных і палітычных сувязяў паміж Беларусьсю і Армэніяй».

Так і засталася непацьверджанай інфармацыя пра ўзнагароджаньне ордэнам Дружбы народаў зрынутага і завочна асуджанага на 25 гадоў турмы прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева, які заявіў, што «з 2010 году зьяўляецца грамадзянінам Беларусі» і атрымаў тут прытулак. У верасьні 2014 году амбасадара Беларусі Віктара Дзенісенку выклікалі ў МЗС Кіргізстану даваць тлумачэньні пра гэтую ўзнагароду.

У канцы 2011 году ордэн Дружбы народаў атрымаў прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў«за асабісты ўнёсак ва ўсталяваньне і разьвіцьцё сяброўскіх адносінаў і стратэгічнага супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Азэрбайджанам».

З фармулёўкай, у якой узгадвалася ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва паміж краінамі, ордэн Дружбы народаў атрымаў прадстаўнік Кітаю: у лістападзе 2013 году быў узнагароджаны сябра Палітбюро ЦК Камуністычнай партыі, намесьнік старшыні Цэнтральнай ваеннай рады КНР генэрал-палкоўнік Сюй Цілян.

Хто ўзнагародзіў Аляксандра Лукашэнку?

За часы прэзыдэнцтва беларускі лідэр атрымаў 30 узнагародаў ад замежнікаў. Дзесяць зь іх — дзяржаўныя ўзнагароды: 5 ад Расеі (самы апошні — ордэн Аляксандра Неўскага), а таксама ад Лібіі, Кубы, Францыі, Вэнэсуэлы і Сэрбіі. Яшчэ дзесяць — канфэсійныя ўзнагароды ад праваслаўнай царквы. Сярод апошняга дзясятка — узнагароды «Ганаровы грамадзянін Ерэвана», «Ганаровы грамадзянін Каракаса», некалькі адзнак Міжнароднага алімпійскага камітэту і Шнобэлеўская прэмія міру, якая дасталася Лукашэнку ў 2013 годзе за «забарону публічных аплядысмэнтаў».

Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі кажа, што абмен дзяржаўнымі ордэнамі паміж эканамічнымі і палітычнымі партнэрамі — гэта савецкая завядзёнка ўзнагароджваць адно аднаго:

«Асабліва расквітнела яна была ў часы Брэжнева. Вельмі часта гэтыя ўзнагароды прымеркаваныя да важных візытаў, юбілеяў, дзён народзінаў.

Што тычыцца ўзнагароды азэрбайджанскаму прэм’еру, то яна зразумелая і абгрунтаваная — беларуска-азэрбайджанскія стасункі ў гандлёва-эканамічнай галіне вельмі актыўныя, да таго ж Лукашэнка заўсёды спадзяецца на багацьце Аліева, зь якім імкнецца дэманстраваць братэрскія адносіны. У хуткім часе зьявіцца новы будынак амбасады Азэрбайджану, у нас вельмі ўплывовая азэрбайджанская бізнэс-дыяспара.

Ніколі беларускія дзяржаўныя ўзнагароды не даваліся выбітным беларусістам, дзеячам дыяспары, якія, безумоўна, вельмі шмат робяць для Беларусі. Чаму? Таму што такая беларуская рэчаіснасьць. У нас няма вуліцы Васіля Быкава, затое ёсьць алея Уга Чавэса. У гэтым — стаўленьне краіны да сваёй спадчыны».

XS
SM
MD
LG