Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Падзеі ва Ўкраіне сталі шокам для Літвы», — амбасадар Літвы ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус


Эвалдас Ігнатавічус адкрывае дні літоўскай культуры ў Магілёве

Эвалдас Ігнатавічус адкрывае дні літоўскай культуры ў Магілёве

Амбасадару Літвы ў Беларусі Эвалдасу Ігнатавічусу падабаецца беларуская мова — сваёй архаічнасьцю. Ён верыць, што нацыянальная мова беларусаў адродзіцца, як адрадзілася пасьля заняпаду і літоўская. Паводле дыплямата, пасьля падзеяў ва Ўкраіне ў Літве распачаўся рух да больш асэнсаванага разуменьня абароназдольнасьці краіны ды пачуцьця нацыянальнага гонару.

Эвалдас Ігнатавічус адкрываў у Магілёве Дні літоўскай культуры. Азнаёміўшыся з выставай фатаграфіі і вырабаў дэкаратыўна-прыкладнай творчасьці «Літоўскі гасьцінец», дыплямат адказаў на пытаньні беларускай Свабоды. Ён выказаў сваё бачаньне стану беларускай мовы, пэрспэктываў яе выжываньня. Расказаў пра сытуацыю ў Літве ў сьвятле ўкраінскіх падзеяў.

РС: «Вы даволі даўно працуеце ў Беларусі. У вас быў час, каб ацаніць стан беларускай культуры. На ваш погляд, у якім цяпер стане беларуская мова? Ці ёсьць пэрспэктывы, спадзеў, што наша мова выжыве?»

Эвалдас Ігнатавічус: «Такая пэрспэктыва павінна быць. У іншым выпадку тады цяжка гаварыць пра нацыянальны сувэрэнітэт ды жывучасьць беларускай культуры. Калі ня будзе беларускай мовы, тады што гаварыць пра беларускую літаратуру. Каму яна будзе патрэбная? Я як філёляг, сябра Саюзу пісьменьнікаў Літвы да гэтага стаўлюся дужа трапятліва.

Літоўцы ў Магілёве

Літоўцы ў Магілёве

Падобная сытуацыя была ў Літве напярэдадні адраджэньня нашай незалежнасьці сто гадоў таму. Тады літоўская мова таксама была пад пытаньнем. Быў дужа вялікі ўплыў расейскай і польскай моваў. Аднак зьявіліся людзі, якія пачалі вывучаць літоўскую мову, нават ня ведаючы яе зь дзяцінства. Яны потым сталі бацькамі нашага адраджэньня.

Я цяпер адчуваю, што беларуская мова больш стала ўжывацца на розных мерапрыемствах. Такі рэнэсанс адбываецца. Аднак важна, каб гэта не адбывалася толькі ў вузкіх колах інтэлігенцыі і культуры. Варта, каб гэтае кола пашыралася. Моладзь дужа часта пачала ўжываць беларускую мову. Я і сам перакладаю літаратуру, пераважна паэзію, зь беларускай мовы. Гэта дужа прыгожая мова.

Мяне дужа ўразіла пастаноўка Міцкевічавых „Дзядоў“ на беларускай мове, якую зрабіла наша рэжысэр зь беларускімі акторамі. Як натуральна гучала ў пастаноўцы архаічнасьць беларускай мовы! Міцкевічу гэта дужа пасавала.

Літоўцы ў Магілёве

Літоўцы ў Магілёве

Наагул, мне дужа падабаецца беларуская мова сваёй архаічнасьцю. Яна, як і літоўская, мала мянялася, бо часьцей яе ўжывалі ў вёсках, у правінцыі. І беларуская мова захавала багацьце мінулых стагодзьдзяў, таму гэта дужа важна і гэта трэба берагчы».

РС: «Што цяпер для літоўца літоўская мова?»

Эвалдас Ігнатавічус: «Гэта прадмет гонару, бо яна дужа старая, архаічная. Шмат моваў не захавалася з балтыйскай групы. Толькі літоўская і латыская. Латыская больш сучасная. Больш мянялася. А наша мова захавала блізкасьць да санскрыту, да старадаўняй індаэўрапейскай мовы. Гэта адзначаюць многія мовазнаўцы. Гэтае багацьце мовы адчуваецца. Гэта скарыстоўваюць пісьменьнікі, паэты.

Гэта, можа, і перашкаджае сучаснаму выкарыстаньню мовы — увядзеньню новых тэрмінаў у кампутарнай тэрміналёгіі, эўрапейскай фразэалёгіі, якая з Эўразьвязу. Усё гэта даводзіцца перакладаць. Аднак нашы лінгвісты паказалі, што ня трэба ўсё перакладаць аўтаматычна альбо выкарыстоўваць ангельскія, францускія канструкцыі. Можна знайсьці словы, сынонімы зь нетраў мовы. Спачатку ўсе палохаюцца, калі гамбургер не называюць гамбургерам, а потым прывыкаюць і думаюць, што гэта нават натуральна».

РС: «Што трэба, каб захаваць мову — жаданьне народу, жаданьне і кансалідацыя дзеля гэтага нацыянальных эліт?».

Эвалдас Ігнатавічус: «Я думаю, што патрэбна найперш адпаведная палітыка ўладаў, ураду. Каб былі праграмы ў школе, каб была падтрымка. Каб былі ня толькі падручнікі, але і аўдыё- і відэаматэрыялы. Каб гэта ўсё было прыцягальна для моладзі. Каб была творчасьць на беларускай мове, розныя тэатральныя гурткі. Каб было болей тэатраў. Каб болей беларускай мовы гучала па радыё і тэлебачаньні. Для гэтага можна знайсьці ўзоры ў розных дзяржавах, дзе мова была на мяжы зьнікненьня, а потым адрадзілася. Так што патрэбна актыўнасьць, актыўнае ўзаемадзеяньне ўраду і грамадзкасьці. Тады гэта ўсё будзе прасоўвацца. Для адраджэньня беларускай мовы ўсе перадумовы ёсьць».

РС: «У сьвятле падзеяў ва Ўкраіне, чым жыве цяпер Літва? Гэтыя падзеі ці накладаюць адбітак на жыцьцё літоўцаў?»

Эвалдас Ігнатавічус: «Падзеі ва Ўкраіне былі шокам, шокавай тэрапіяй ня толькі для Літвы, але і для ўсяго рэгіёну, у тым ліку і Беларусі, для ўсёй Эўропы наагул. Мы неяк думалі, што перайшлі ў 21 стагодзьдзе, у ім будзе ўсё па-іншаму. Усе войны скончыліся. Пра іх забылі. Цяпер будзем жыць па-іншаму. Аднак сталася гэтак, што нам не ўдалося так проста закрыць 20 стагодзьдзе. Усё, што было закладзена ў ім нэгатыўнага, яно працягваецца. Цяпер трэба глыбей глядзець, як нам з гэтым жыць і змагацца з такой спадчынай.

Госьці зь Літвы атрымалі беларускія гасьцінцы – саламяныя лялькі

Госьці зь Літвы атрымалі беларускія гасьцінцы – саламяныя лялькі

Тыя формы міжнацыянальных стасункаў, якія былі вынайдзеныя тады — і АБСЭ, і ААН, і розныя прынцыпы, якія меліся дзейнічаць між дзяржавамі, каб не было вайны, — яны не заўжды дзейнічаюць. Цяпер зноў трэба сядаць за стол і дамаўляцца пра новыя правілы гульні, бо, відавочна, наш кантынэнт раскалоўся на два лягеры. Напружаньне ўсё расьце.

У Літве мы зразумелі, што наша бясьпека не гарантаваная, хоць мы і ў НАТО і ў Эўразьвязе. Мы пачалі думаць, чым мы мусім бараніцца. Пачаўся рух да больш асэнсаванага разуменьня абароназдольнасьці краіны, пачуцьця нацыянальнага гонару. Гэтым цяпер Літва і жыве. І маладое пакаленьне ў гэтым удзельнічае. Шмат дыскусіяў. Палітыкі абмяркоўваюць гэтыя тэмы. Удзельнічаем у эўрапейскіх дыскусіях на гэтую тэму.

Мы падтрымліваем Украіну, вядома ж, у гэты няпросты для яе час. Дужа актыўна працуем зь Беларусьсю, якая адыгрывае дужа важную ролю. Так што цяпер час дужа складаны».

XS
SM
MD
LG