Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд дапамог беспрацоўнаму актывісту


 Валадар Цурпанаў

Валадар Цурпанаў

Валадар Цурпанаў з Магілёва атрымае кампэнсацыю за тое, што яго незаконна не ўзялі на працу, але так і застанецца беспрацоўным.

7 мільёнаў рублёў кампэнсацыі мусіць сплаціць грамадзкаму актывісту, рупліўцу беларускай мовы Валадару Цурпанаву раённае камунальнае ўпраўленьне Магілёва.

Кастрычніцкі раённы суд Магілёва прызнаў, што камунальнікі парушылі працоўнае заканадаўства, ня ўзяўшы пры наяўнасьці вакансіяў на працу актывіста. Акрамя кампэнсацыі, жыльлёва-рамонтнае эксплюатацыйнае ўпраўленьне Кастрычніцкага раёну Магілёва абавязанае сплаціць выдаткі, зьвязаныя з судом, у памеры 366 тысяч рублёў.

Кіраўніцтву суд дашле прыватнае вызначэньне за парушэньне супрацоўнікамі працоўнага заканадаўства і будзе чакаць пакараньня вінаватых.

Валадар Цурпанаў выракам судзьдзі Валянціны Лукашэвіч задаволены, хоць ягоныя прэтэнзіі да камунальнікаў судом прызнаныя слушнымі толькі часткова. Актывіст адзначае, што судзьдзя прызнала парушэньне ягоных правоў.

"Цяпер вырак можа стацца сродкам дапамогі такім, як я, у тым, каб прымушаць службоўцаў выконваць свае абавязкі больш адказна, калі да іх прыходзяць уладкоўвацца на працу«,— заўважае Цурпанаў.

«Такія паводзіны, на жаль, — праява нашай рэчаіснасьці. На месцы ЖРЭУ магла быць любая дзяржаўная арганізацыя. Так проста было наканавана, што я туды зьвяртаўся некалькі разоў, калі адкрываліся там вакансіі. Такая зацятая пазыцыя адмовы мне ў працы кажа пра іх саміх. Людзі проста не зразумелі, з кім яны маюць справу. У іхных развагах я, відаць, выглядаў нейкім незразумелым, простым рабацягам. Яны думалі: „Што ён можа нам зрабіць?“ Гэта сьведчаньне браку кампэтэнцыяў службовых і этычных. Яны разважалі, што калі возьмеш такога чалавека, дык тады і атрымаеш яшчэ па шапцы».

У судзе адказчыкі прызналі, што памыліліся, сказаўшы Цурпанаву, што для прыёму на працу ў іх няма вакансіяў. Адмову абгрунтоўвалі тым, што з папярэдняга месца працы на пазоўніка была нездавальняючая характарыстыка. Спрабавалі судовую спрэчку скончыць заключэньнем міравога пагадненьня, але Цурпанаў адмовіўся ад такой прапановы.

Судзьдзя папярэдзіла адказчыкаў, каб з выплатай кампэнсацыі пазоўніку не было затрымкі, інакш давядзецца кампэнсацыю яму павялічваць. Пры наяўнасьці вакансіяў у ЖРЭУ суд мог абавязаць адміністрацыю ўладкаваць Цурпанава на працу, аднак іх цяпер няма.

Валадар Цурпанаў паўгода беспрацоўны. У ЖРЭУ яго накіравала служба занятасьці. З папярэдняй працы актывіста звольнілі за нібыта «сыстэматычнае невыкананьне без паважных прычынаў абавязкаў, ускладзеных працоўнай дамовай і правіламі ўнутранага працоўнага раскладу». Працаўнік лічыць звальненьне незаконным. Праз суд спрабаваў абараніць сябе, аднак марна. Кажа, што пацярпеў за патрабаваньне палепшыць умовы працы работнікаў прадпрыемства.

XS
SM
MD
LG