Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асобы, якія ўваходзяць у кадравыя рэестры прэзыдэнта і ўраду Беларусі, будуць запаўняць спэцыяльныя дэклярацыі аб сваім прыбытку і маёмасьці.

Ім давядзецца даваць адказы на некалькі дадатковых пытаньняў — напрыклад, ці маюць яны ва ўласнасьці творы мастацтва і ювэлірныя каштоўнасьці. Таксама прыйдзецца даваць зьвесткі пра арганізацыі, сярод заснавальнікаў якіх знаходзяцца родныя і блізкія такіх асобаў. Прычым памылка ў адказах не павінна перавышаць 10% кошту той ці іншай маёмасьці. Інакш запаўняльніка дэклярацыі могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці за наўмыснае скажэньне дакумэнтаў.

Гэтыя новыя для беларускага заканадаўства нормы закладзеныя ў закон «Аб барацьбе з карупцыяй», які 9 красавіка ў першым чытаньні прыняла Палата прадстаўнікоў.

Сярод навэлаў антыкарупцыйнага заканадаўства — пагроза для чыноўнікаў пазбавіць іх пэнсіі дзяржслужачага, калі іх зловяць на карупцыйных справах. У такіх выпадках чыноўнік будзе атрымліваць звычайную пэнсію. Калі ж на карупцыі зловяць, напрыклад, памежніка, то, нягледзячы на ягонае канкрэтнае вайсковае званьне, даплата за выслугу гадоў пры афармленьні пэнсіі будзе для яго разьлічвацца па шкале радавога.

Яшчэ адна навацыя — пад дзеяньне антыкарупцыйнага закону цяпер будуць падпадаць чальцы дзяржаўных камісіяў, якія займаюцца закупкамі і тэндэрамі. Раней асабістай адказнасьці за злоўжываньні тут не было, а ўсё апраўдвалася калектыўным рашэньнем. Між тым, паводле афіцыйнай статыстыкі, толькі ў 2014 годзе было 444 тысячы працэдураў дзяржзакупак. Агульны кошт іх склаў каля 45 трыльёнаў рублёў. І гэта трэцяя па колькасьці расходная частка дзяржбюджэту. Таму тут і прадугледжваецца індывідуальная адказнасьць.

Калі названыя нормы фактычна не дыскутаваліся, то дзьве навэлы выклікалі гарачую палеміку. Першая тычыцца «пажыцьцёвай», як сказаў генэральны пракурор Беларусі Аляксандар Канюк, забароны для чыноўнікаў, якіх асудзілі за карупцыю, пасьля выхаду на волю зноў займаць кіраўнічыя пасады. А менавіта такая норма ўводзіцца ў заканадаўства.

Адзін з дэпутатаў, зьвяртаючыся да генпракурора, прывёў такі прыклад:

«Старшыня калгасу ўзяў крэдыт пад будучы ўраджай. Крэдыт не вярнуў. Гэта можна падвесьці пад карупцыю. Старшыню пакаралі. Дык ён цяпер што, ужо ніколі ня будзе на кіраўнічай пасадзе? Дзе ж тады мы набяромся кіраўнічых кадраў?»

На гэта Аляксандар Канюк адказаў, што нястача кадраў — не падстава адмаўляцца ад такой прававой нормы. Ён сказаў, што вяртаньне на кіраўнічыя пасады ня будзе цяпер магчымым і для тых, хто кампэнсаваў дзяржаве фінансавыя страты:

«Гэта наша ноў-хаў. І на яго трэба ісьці».

Яшчэ адной праблемай для дыскусіі стала плянаваная ў мэтах барацьбы з карупцыяй забарона працы аднаго блізкага сваяка пад непасрэдным кіраўніцтвам другога. І зноў у Авальнай залі прагучаў прыклад:

«У раённай бальніцы працуе галоўны ўрач. А ягоная жонка ў гэтай жа бальніцы — загадчыца аддзяленьня. Дык ім што, цяпер нельга будзе працаваць разам?»

На гэта генпракурор прапанаваў пашукаць адказ падчас падрыхтоўкі законапраекту да другога чытаньня.

XS
SM
MD
LG