Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Класкоўскі: Някляеў хаця б паспрабаваў


Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

На рашэньне Ўладзімера Някляева пра сыход з палітыкі паўплывала нежаданьне, «каб на ягонае імя клаўся цень ад нейкіх сумнеўных гульняў».

Такую думку ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў палітычны аналітык Аляксандар Класкоўскі.

«Па-першае, Някляеў дае зразумець, што ён пры патрэбе ўсё ж такі будзе так ці інакш удзельнічаць у палітыцы, у прыватнасьці — падтрымліваць Тацяну Караткевіч, калі яна будзе вылучана ад „Народнага рэфэрэндуму“. Хаця, магчыма, гэта проста дыпляматыя, каб зьмякчыць эфэкт ад свайго рашэньня.

Па-другое, я хачу адзначыць: Някляеў — гэта самадастатковая асоба. Гэта таленавіты паэт, гэта чалавек са сваёй пазыцыяй, зь вялікім і няпростым жыцьцёвым досьведам, і таму ў многіх ён выклікае павагу менавіта як асоба.

Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў

Па-трэцяе, я думаю, што менавіта гэтая ягоная вага як асобы і прымусіла яго прыняць такое няпростае, драматычнае рашэньне, бо ён чалавек з абвостраным сумленьнем, чалавек, які ня хоча, каб на ягонае імя клалася цень ад нейкіх сумнеўных гульняў. І мне здаецца, што вось гэта самае галоўнае: незалежна ад таго, ці будзе працяг палітычнага сюжэту ў ягоным жыцьці, Някляеў запомніцца як яркая, неардынарная фігура з абвостраным сумленьнем», — падкрэсьліў экспэрт.

На думку Класкоўскага, ацэньваць вынікі палітычнай дзейнасьці Някляева ў катэгорыях посьпехаў ці няўдач нельга, бо ягоная дзейнасьць разгортвалася ў занадта спэцыфічных умовах беларускага грамадзка-палітычнага жыцьця.

«Мы б рабілі памылку, калі б проста накладалі нейкія матрыцы нармальнай цывілізаванай дэмакратыі. Сёньня апазыцыйная дзейнасьць з гледзішча абывацеля выглядае ірацыянальнай. Калі казаць груба, гэта тое ж самае, што біцца галавой аб сьцяну — дамагчыся нейкага цуду вельмі цяжка, пакуль мы бачым дастаткова моцны, кансалідаваны аўтарытарны рэжым. І тут, хутчэй, спробы нешта зьмяніць зноў жа патрэбныя людзям з маральнага гледзішча, бо нейкіх вялікіх дывідэндаў, матэрыяльных ды іншых, тут не заробіш, а вось атрымаць непрыемнасьці, трапіць пад раздачу — як двойчы два. І ў гэтым сэнсе, я думаю, варта казаць пра маральны выбар, хоць гэта ня ўсім людзям зразумела», — тлумачыць палітычны аналітык.

Класкоўскі ў сувязі з гэтым узгадаў эпізод са знакамітага твора Кена Кізі «Палёт над гняздом зязюлі», калі чалавек спрабаваў вырваць тумбу, каб разьбіць шыбу і вырвацца зь няволі:

«Калі гэта не ўдалося зрабіць, галоўны герой сказаў: я хаця б паспрабаваў. Я думаю, што гэта можа сказаць і Някляеў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG