Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юлію Цімашэнку абвінавацілі ў працы на Крэмль, кіроўная кааліцыя пад пагрозай


Украінская кіроўная кааліцыя, у якую ўваходзяць «Блёк Пятра Парашэнкі», «Народны фронт», «Самадапамога», Радыкальная партыя Ляшка і «Бацькаўшчына», апынулася пад пагрозай.

Прычынай таму сталі абвінавачваньні ў карупцыі, агучаныя на адрас выканаўчай улады Юліяй Цімашэнкай і яе паплечнікамі.

Як нагадвае тэлеканал 112, у пачатку сакавіка прэм’ер Арсен Яцанюк даручыў правесьці службовае расьсьледаваньне дзейнасьці дзяржаўнай фінансавай інспэкцыі і яе кіраўніка Мікалая Гардзіенкі.

У адказ Гардзіенка агучыў заяву, у якой гаварылася, што карупцыйныя схемы ва Ўкраіне кантралюе ўрад Яцанюка. Ён заявіў, што за мінулы год пад яго кіраўніцтвам было праведзена каля чатырох тысяч праверак, падчас якіх выяўлены крадзяжы на суму прыблізна 7,5 млрд грыўняў.

Гардзіенка зьвярнуўся з афіцыйнай заявай у пракуратуру Ўкраіны і папрасіў дэпутатаў Вярхоўнай Рады адправіць Кабмін ў адстаўку, калі названыя факты знойдуць пацьверджаньне. 4 красавіка Гардзіенка быў звольнены. Пасьля публікацыі яго заяваў дэпутаты Вярхоўнай Рады ад «Свабоды», «Бацькаўшчыны» і іншых палітычных сілаў пачалі блякаваць трыбуну ўкраінскага парлямэнту. Іх патрабаваньне — стварэньне часовай парлямэнцкай сьледчай камісіі па расьсьледаваньні фактаў карупцыі ва ўрадзе.

Юлія Цімашэнка выказала гатоўнасьць асабіста ўзначаліць сьледчую камісію і заявіла, што яе цікавіць пытаньне падвышэньня тарыфаў. «Таму што нельга забіваць людзей, нельга забіваць — з фронту Пуціным, з тылу — украінскай уладай. Таму, я прапаную стварыць такую сьледчую камісію літаральна на наступным тыдні» — заявіла Цімашэнка.

З 1 красавіка ва Ўкраіне былі падвышаныя тарыфы на сьвятло, газ, цяпло і гарачую ваду для насельніцтва, што адпавядае палажэньням мэмарандуму, заключанага паміж украінскім урадам і МВФ.

Праект пастановы аб стварэньні часовай сьледчай камісіі парлямэнту быў зарэгістраваны ў Вярхоўнай Радзе сёньня. Яго ініцыятарамі выступілі Юлія Цімашэнка, Алег Ляшко, кіраўнік фракцыі «Блёку Пятра Парашэнкі» Юры Луцэнка і кіраўнік фракцыі «Самадапамогі» Алег Беразюк.

Прадстаўнікі фракцыі «Народнага Фронту», якую прадстаўляе прэм’ер Яцанюк, адкідаюць абвінавачваньні Цімашэнкі і яе аднадумцаў. Дэпутат НФ Антон Герашчанка наўпрост абвінаваціў Цімашэнку ў працы на Пуціна:

«Да мяне падыходзяць журналісты і пытаюцца, ці будзе наступ у красавіку або маі? Я ім кажу: не, яго ня будзе, яно не трэба. Пуцін зразумеў, што ўкраінскі народ сілай узяць нельга. Тады ён вырашыў узяць яго хітрасьцю».

«Ніхто з тых, хто абвінавачвае прэм’ер-міністра і ўрад, не чыталі гэтыя справаздачы фінансавай інспэкцыі. Калі вядомыя палітыкі, чальцы кааліцыі заяўляюць аб лічбах 7.5 мільярда грыўняў, яны забываюць сказаць, што больш за 6 мільярдаў — гэта лічбы, якія правераныя за часы ўраду Юліі Цімашэнкі і ўраду Мікалая Азарава», — заявіў дэпутат.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG