Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйна: Дэйвід Полік — новы рэктар ЭГУ


Дэйвід Полік

Дэйвід Полік

Амэрыканец Дэйвід Полік прызначаны на пасаду новага рэктара ЭГУ — ліст з такой інфармацый экс-кандыдат на пасаду рэктара Аляксандар Мілінкевіч атрымаў ад старшыні Кіроўнай рады ЭГУ. Пра гэта Радыё Свабода паведаміў сам Аляксандар Мілінкевіч.

У лісьце паведамляецца, што Кіроўная рада ЭГУ рэкамэндавала, а Асамблея заснавальнікаў пацьвердзіла прызначэньне Дэйвіда Поліка на пасаду рэктара.

«Афіцыйнае абвяшчэньне гэтага прызначэньня Ўнівэрстэт зробіць у хуткім часе, але мы хацелі б паведаміць вам наўпрост пра гэтае рашэньне і выказаць вам нашую ўдзячнасьць за інтарэс, які вы праявілі да гэтай пасады і зацікаўленасьць ва ўдзеле ў інтэрвію», — гаворыцца ў лісьце, які падпісаны Дэніелам Таршчыцам, старшынём кіроўнай рады ЭГУ і віцэ-старшынём Дэнам Дэвідсанам.

3 красавіка ў СМІ зьявілася інфармацыя пра тое, што агульным сходам заснавальнікаў ЭГУ на пасаду рэктара ўнівэрсытэту ўхваленая кандыдатура амэрыканца Дэйвіда Поліка. Афіцыйнага пацьверджаньня ад адміністрацыі Радыё Свабода яшчэ не атрымала.

На працягу апошняга году Дэйвід Полік працаваў першым прарэктарам і галоўным апэрацыйным дырэктарам ЭГУ. У кастрычніку быў прызначаны часовым выканаўцам абавязкаў рэктара.

Выбары новага рэктара ЭГУ абвясьцілі пасьля сыходу з паста заснавальніка і прэзыдэнта ЭГУ Анатоля Міхайлава 30 верасьня 2014.
У шорт-ліст прэтэндэнтаў уваходзілі прафэсар ЭГУ Тацьцяна Шчытцова, лідар руху «За Свабоду» Аляксандар Мілінкевіч, гісторык Алесь Краўцэвіч, прафэсар Дэйвід Полік, прарэктар па разьвіцьці і камунікацыі ЭГУ Дарыюс Удрыс і дырэктар офісу Інстытуту міжнароднай адукацыі ў Маскве Эдвард Рослаф.

XS
SM
MD
LG