Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Арэнбургам невядомыя разбурылі помнік Леніну . Яму адарвалі галаву і правую руку


Позна ўвечары 7 красавіка ў горадзе Бузулук Арэнбурскай вобласьці Расеі невядомыя разбурылі помнік Уладзіміру Леніну.

Пра гэта са спасылкай на рэгіянальнае інфармацыйнае агенцтва «Оренбуржье» паведаміў тэлеканал «Дождь».

Паводле агенцтва, 7 красавіка каля 21:30 па мясцовым часе ў дзяжурную частку паліцыі Бузулуку паступіла паведамленьне ад відавочцаў. На месца здарэньня ў сквэр імя Леніна выехалі апэратыўнікі, якія выявілі, што помнік разбураны — у яго не было галавы і правай рукі.

Відавочцы распавялі, што каля помніка знаходзіліся шэсьць-сем чалавек, якім на выгляд было каля 18 гадоў. Інцыдэнт таксама зьнялі камэры відэаназіраньня, запісы зь якіх цяпер вывучае паліцыя.

У адміністрацыі Бузулуку лічаць, што здарэньне, хутчэй за ўсё, не зьяўляецца актам вандалізму і не носіць палітычнага характару, бо «адсутнічалі якія-небудзь лёзунгі, заклікі, сымболіка». Гарадзкія ўлады лічаць, што гаворка можа ісьці аб хуліганстве, «калі невядомы павіс на руцэ Леніна, камень ня вытрымаў і абваліўся».

Па словах кіраўніка гарадзкой адміністрацыі Валера Рагожкіна, разбураны помнік агледзяць экспэрты, якія вызначаць, ці магчыма яго аднавіць або варта паставіць новы. Кіраўнік Бузулуку адзначыў, што помнік Леніну ў горадзе будзе ў любым выпадку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG