Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна падпісвае з НАТО пагадненьне пра вайскова-тэхнічную супрацу


Прэм’ер-міністар Украіны заявіў, што ўрад таксама прыме рашэньне наконт падпісаньня мэмарандуму аб сувязі і інфармацыі.

«Урад падпісвае з НАТО пагадненьне пра супрацу ў сфэры падтрымкі. Гэта пагадненьне паміж Кабінэтам міністраў Украіны і арганізацыяй НАТО па падтрымцы, якая прадугледжвае рэалізацыю чатырох траставых праектаў разам з НАТО, у тым ліку ваенна-тэхнічную супрацу, сродкі сувязі, новыя камунікацыі, новыя інфармацыйныя тэхналёгіі», — заявіў Яцанюк.

Паводле яго, урад таксама сёньня прыме рашэньне наконт падпісаньня мэмарандуму аб дамоўленасьці паміж урадам Украіны і НАТО па супрацы ў пытаньнях кансультацый, кіраваньня, сувязі, выведкі, назіраньня.

У НАТО пакуль гэтых заяваў не камэнтавалі.

23 сьнежня 2014 г. Вярхоўная Рада падтрымала прэзыдэнцкі законапраект аб адмове Ўкраіны ад пазаблёкавага статусу. Прэзыдэнт Украіны падпісаў гэты дакумэнт.

Украіна афіцыйна адмовілася ад папярэдняга курсу на ўступ у НАТО адразу пасьля прыходу да ўлады тагачаснага прэзыдэнта Віктара Януковіча.

У 2004 годзе Януковіч, тады яшчэ прэм’ер-міністар, распрацаваў плян уступу Ўкраіны ў НАТО да 2008 году. Тады была распрацаваная Стратэгія эканамічнага і сацыяльнага разьвіцьця Ўкраіны «Шляхам эўрапейскай інтэграцыі» на 2004-2015 гады, якая прадугледжвала, што «Ўкраіна, ажыцьцяўляючы абвешчаны зьнешнепалітычны курс на эўраатлянтычную інтэграцыю, ставіць перад сабой мэту — трапіць у бліжэйшую хвалю пашырэньня НАТО» — як гаварылася ў дакумэнце, магчыма, ужо ў 2008 годзе. Плян Януковіча не прадугледжваў ніякіх рэфэрэндумаў.

У НАТО пацьвярджаюць, што пазыцыя альянсу застаецца нязьменнай: Украіна мае права на ўступ, калі Кіеў выкажа такое жаданьне і выканае неабходныя ўмовы, і «дзьверы заўсёды застаюцца адчыненыя». У той жа час Расея патрабуе «гарантый няўступу Ўкраіны ў НАТО».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG