Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі суд працягнуў арышт украінскага рэжысэра, якога абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэрактаў


Рэжысэр Алег Сянцоў

Рэжысэр Алег Сянцоў

Лефортаўскі суд Масквы працягнуў да 11 траўня арышт ўкраінскага рэжысэра Алега Сянцова, якога абвінавачваюць ў падрыхтоўцы тэрактаў у Крыме.

Тэрмін сьледзтва ў дачыненьні да яго працягнуты да 28 ліпеня. Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс».

Сёньня ж у судзе было абвешчана, што 10 красавіка сьледзтва прад’явіць Сянцову абвінавачваньне ў канчатковай рэдакцыі.

Украінскі рэжысэр быў затрыманы ў Крыме супрацоўнікамі ФСБ Расеі 11 траўня летась.

З тых часоў ён знаходзіцца пад вартай. Яго падазраюць у падрыхтоўцы тэрактаў у Сымфэропалі, Ялце і Сэвастопалі з мэтай дэстабілізацыі палітычнай абстаноўкі на паўвысьпе.

Сянцову пагражае да 20 гадоў пазбаўленьня волі.

Вызваліць Сянцова просяць многія яго калегі і праваабаронцы, якія лічаць яго «палітычным зьняволеным». На іх думку, абвінавачваньні супраць яго сфабрыкаваныя. За яго заступіліся вядомыя эўрапейскія рэжысэры і Саюз кінематаграфістаў Расеі.

XS
SM
MD
LG