Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністрацыя ЭГУ не прызнаецца, хто рэктар. А Полік — у адпачынку


3 красавіка ў СМІ зьявілася інфармацыя, што агульны сход заснавальнікаў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ўхваліў кандыдатуру амэрыканца Дэйвіда Поліка на пасаду рэктара ЭГУ. Паколькі гэта быў вечар пятніцы, напярэдадні Вялікадня, усе чакалі афіцыйнага пацьверджаньня інфармацыі на пачатку наступнага тыдня.

Прэсавая служба ЭГУ на запыт Радыё Свабода адказала наступнае: «Афіцыйнага пацьверджаньня няма, таму што няма пацьверджаньня ад Агульнага сходу заснавальнікаў ЭГУ. Інфармацыя, якая зьявілася ў беларускіх СМІ 3–8 красавіка — неафіцыйная... Як толькі будзе рашэньне, прэс-офіс ЭГУ адразу праінфармуе журналістаў».

Сам працэс абраньня рэктара Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту даволі складаны і непразрысты. Гэта не адзін раз крытыкавалася і студэнтамі, і акадэмічнай супольнасьцю ЭГУ, і самімі кандыдатамі на пасаду рэктара. Але і гэтым разам адміністрацыя ЭГУ не паведаміла ніякай інфармацыі ні выкладчыкам, ні студэнтам, кажа выкладчыца паліталёгіі Тацяна Чуліцкая:

«Мы ў такім самым становішчы, як і СМІ. То бок у нас няма ніякага афіцыйнага ліста, тлумачэньняў ні ад Кіраўнічай Рады, ні ад Асамблеі заснавальнікаў. І яшчэ што цікава — у нас няма ніякіх мэханізмаў, як патрабаваць атрыманьня гэтай інфармацыі... Бо сапраўды дзіўна. Усе напісалі, а акадэмічная супольнасьць нічога ня ведае».

Як удалося высьветліць Радыё Свабода ад дасьведчанай крыніцы, на мінулым тыдні зьбіралася міжнародная Кіраўнічая рада. У яе ўваходзяць 11 чалавек, зь іх толькі два беларусы: заснавальнік, ганаровы прэзыдэнт ЭГУ акадэмік Анатоль Міхайлаў і Арцём Анісімаў, выпускнік ЭГУ 2009 году, асыстэнт прэзыдэнта Dauria Aerospace, прадстаўнік у Эканамічнай і Сацыяльнай Радзе ААН.

Кіраўнічая рада рэкамэндавала абраць рэктарам Дэйвіда Поліка. У выпадку, калі ён не пагаджаецца, могуць абраць прафэсарку Тацяну Шчытцову. Трэці варыянт — перазапуск усяго выбарчага працэсу. Як праходзіла галасаваньне ў Кіраўнічай Радзе — невядома, бо сябры Рады захоўваюць маўчаньне.

Наступным этапам мелася быць галасаваньне Асамблеі заснавальнікаў. Згодна са Статутам ЭГУ менавіта яна прымае канчатковае рашэньне. Туды, як паведамляецца на сайце ЭГУ, уваходзяць тры прадстаўнікі — фонду «Адкрытае грамадзтва» (ЗША), Фонду Эўразія (ЗША) і Інстытуту міжнароднай адукацыі (Літва). ЭГУ прадстаўляла прафэсарка Ала Сакалова. Дарэчы, студэнты наагул ня бралі ўдзелу ў галасаваньні, хоць і правялі сваё.

Ала Сакалова пацьвердзіла Радыё Свабода, што 3 красавіка яна ўдзельнічала ў галасаваньні. Галасы разьмеркаваліся наступным чынам: прадстаўнікі фонду «Эўразія» і фонду «Адкрытае грамадзтва» прагаласавалі за кандыдатуру Дэйвіда Поліка. Ала Сакалова галасавала супраць. Падрабязнасьці яна паведаміць адмовілася:

«Не скажу пад катаваньнямі, таму што было папярэджаньне пра канфідэнцыйнасьць. Але цяпер, калі ў СМІ зьявілася інфармацыя, якая нічым не пацьверджаная, мы чакаем. Ніякай інфармацыі ні ад унівэрсытэцкай адміністрацыі, ні ад маіх калегаў па Кіраўнічай радзе ці Асамблеі заснавальнікаў. Як там разьвіваюцца падзеі — проста варожым, здагадваемся. Усё ж такі рэктар — пэрсона надзвычай важная для акадэмічнай супольнасьці і студэнтаў. Вось быццам бы элемэнтарнае пытаньне: інфармацыю — ці згодны спадар Полік, ці ня згодны — мы, аказваецца, ня маем права своечасова атрымаць», — тлумачыць Ала Сакалова.

Паводле адміністрацыі ЭГУ, Дэйвід Полік цяпер ня ў Вільні — ён у адпачынку.

Прафэсарка Ала Сакалова патлумачыла, што калі Дэвід Полік не пагодзіцца стаць рэктарам, магчыма, будзе разглядацца іншая кандыдатура, якой можа стаць прафэсарка Тацяна Шчытцова. Альбо трэці варыянт — новыя выбары.

«Перазапуск выбараў азначае, што мы страцім час, — лічыць Сакалова. — Надыходзіць час рэклямнай кампаніі, абароны бакаляўрскіх дыплёмаў — гэта ўнутраныя працоўныя моманты. Тэрмінова трэба выпрацоўваць стратэгічны плян, неабходна ажыцьцяўляць адміністрацыйную рэформу. А цяпер усе ў чаканьні. Зацягваць працэс выбараў азначае паглыбляць крызіс. Можна страціць усё, што ёсьць, праваліць рэклямную кампанію і набор студэнтаў. Ня будзе студэнтаў — ня будзе ЭГУ. Прамаруджваньне сьмерці падобна для ўнівэрсытэту. А запускаць наагул новы працэс, абвяшчаць чарговы конкурс — мы страцім усё, што ёсьць».

Прафэсарка Ала Сакалова прапануе стварыць новую прадстаўнічую камісію і ў вельмі сьціслы, кароткі тэрмін яшчэ раз разгледзець кандыдатуры прэтэндэнтаў, якія падалі свае анкеты (альбо ўсіх 19-ці кандыдатаў, альбо 7-мі фіналістаў) і тэрмінова вызначыцца.

XS
SM
MD
LG