Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі дэпутат, які галасаваў супраць анэксіі Крыму: Шкадую, што спрабаваў шукаць кампрамісы з уладай


Ільля Панамароў
Ільля Панамароў

7 красавіка Дзярждума Расеі пазбавіла недатыкальнасьці дэпутата ад фракцыі «Справядлівая Расія» Ільлю Панамарова і дала згоду на крымінальную справу супраць яго. Панамарова вінавацяць у крадзяжы 22 мільёнаў рублёў з фонду «Сколкава».

Сам Панамароў настойвае на сваёй невінаватасьці і кажа, што прэтэнзіі да яго «палітычна матываваныя».

Ільля Панамароў быў адзіным дэпутатам ніжняй палаты расейскага парлямэнту, які прагаласаваў супраць дамовы і закону аб далучэньні Крыму да Расеі. Ад верасьня 2014 году ён знаходзіцца ў ЗША, адкуль па тэлефоне адказаў на пытаньні Радыё Свабода.

Панамароў: Я лічу, што адбылося абвастрэньне барацьбы паміж цывільнай і сілавой часткамі адміністрацыі прэзыдэнта. У гэтай барацьбе з аднаго боку ўдзельнічаюць ФСБ, ГРУ і іншыя сілавыя ведамствы, а з другога боку — «цывільныя» супрацоўнікі адміністрацыі, Уладзіслаў Суркоў і іншыя. Гэтую справу дасталі з шафы для таго, каб шукаць уяўны кампрамат на «цывільную» частку адміністрацыі. Ва ўсялякім выпадку, першапачаткова «справа Сколкава» менавіта ў гэтым кантэксьце і была распачатая. Маё імя хутчэй давала зручную нагоду пашумець.

Вядома ж, усё можа быць прасьцей: я пачаў дзесяць дзён таму актыўна гаварыць аб тым, што я ў траўні, пасьля заканчэньня накладзенага прыставамі абмежаваньня, вяртаюся ў Расею. Можа быць, нехта ў Крамлі гэта пачуў і сказаў пракуратуры: «Ну-тка, прыдумайце, як зрабіць так, каб ён не вярнуўся».

РС: Чаму ім ня трэба, каб вы вярнуліся? Ці не лягчэй вас пусьціць, а потым пасадзіць?

Панамароў: Пасадзіць — азначае зрабіць зь мяне палітычнага пакутніка. Пасьля выпадку з тым самым Аляксеем Навальным, мне здаецца, яны зразумелі, што гэта шлях няправільны, памылковы, ён толькі «раскручвае» палітыкаў. Расейская эліта так дзейнічае заўсёды, па прынцыпе «з вачэй далоў — з сэрца прэч!» Яны лічаць, што за мяжой нязручны чалавек можа рабіць усё што заўгодна, бо на сытуацыю ўнутры краіны гэта ўплывае вельмі слаба.

РС: А вы ня лічыце тое, што адбываецца з вамі, проста палітычнай помстай за незалежную пазыцыю? Вы — адзін з нямногіх вольных у меркаваньнях дэпутатаў Дзяржаўнай Думы, ды яшчэ дазволілі сабе галасаваць супраць рашэньня аб далучэньні Крыму ...

Панамароў: Такі момант таксама ёсьць, безумоўна. Можа быць, я і ўскладняю з усялякімі камбінацыямі і разьлікамі, але ўсё ж такі ў палітыцы людзі больш павінны думаць пра тое, што будзе адбывацца далей, і рашэньні прымаць перш за ўсё для таго, каб нешта здарылася ці чагосьці, наадварот, ня здарылася. Асноўнай матывацыяй прынятага ў жніўні рашэньня не пускаць мяне ў Расею (яно таксама было прынятае спантанна) было, я думаю, жаданьне прадухіліць яшчэ адно галасаваньне з майго боку па ўкраінскім пытаньні. У Думе рыхтавалася галасаваньне пра ўвод войскаў на Украіну, усё для гэтага было гатова. Нехта, відаць, сказаў — гэтае галасаваньне ўжо сапраўды павінна быць аднагалосным. А ўсё астатняе — гэта былі ўжо наступствы.

РС: Вы не шкадуеце, што галасавалі год таму супраць далучэньня Крыму да Расіі? Вашы погляды на расейска-ўкраінскія адносіны за мінулы год неяк зьмяніліся?

Панамароў: Па-мойму, тое, што я меў рацыю год таму, на жаль, наглядна відаць. Я год таму казаў пра тое, што пачнецца рух з боку НАТО, што мы канчаткова пасварымся з украінскім народам, што будзе вайна і вялікая кровапраліцьце. Усё гэта здарылася, на жаль. Я абсалютна правільна прагаласаваў, і цяпер прагаласаваў бы яшчэ раз гэтак жа. Калі я пра нешта і шкадую, дык гэта пра тое, што спрабаваў усе гэтыя гады шукаць кампрамісы з уладай, знаходзіць пункты судакрананьня, канструктыўна вырашаць пытаньні. Многія радыкалы казалі, што гэта дарэмная трата часу. І вось разьвіцьцём падзей у Крыме, ва Украіне наша ўлада даказвае — радыкалы мелі рацыю. Бессэнсоўна было спрабаваць хоць неяк гэтую сыстэму выправіць, палепшыць, дамовіцца, неяк дзейнічаць у яе рамках.

Цалкам інтэрвію на сайце расейскай службы Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG