Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь ня ёсьць кананічнай тэрыторыяй РПЦ


Belarus - Ales Chajchyc, undated

Belarus - Ales Chajchyc, undated

Прадстаўнікі Касьцёла кажуць, што Папа Францішак прыедзе зь візытам на Беларусь толькі ў тым выпадку, калі на гэта пагодзіцца Беларускі экзархат Расейскай Праваслаўнай Царквы.

РПЦ апошнія 25 гадоў рэзка агрэсіўна ставіцца да адраджэньня грэка-каталіцтва на Беларусі і ва Ўкраіне і супрацьстаіць нават утварэньню стандартных каталіцкіх структурных адзінак на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі (здавалася б, вось ужо ўнутраная адміністрацыйная справа Касьцёла). Сабе яна пры гэтым не забараняе будаваць новыя цэрквы ў Заходняй Эўропе ці ў Амэрыцы або мець там паўнавартасныя епархіі. Ад таго, відаць, і вымушаны Рым акуратна і далікатна сябе паводзіць з такім слабадамоваздольным партнэрам.

Але я, як міранін з агульнаграмадзкіх пазыцый (а царква — гэта, у рэшце рэшт, грамадзкая арганізацыя), скажу так.

Расейская Праваслаўная Царква — што расейская дзяржава. Як расейскія ўлады апошніх гадоў падрабляюць выбары і анэксуюць тэрыторыі суседніх краінаў, так і ў царкоўных спрэчках РПЦ (і яе беларускі «філіял» БПЦ) апэруе некананічным паняцьцем «кананічная тэрыторыя», якое было прыдуманае праваслаўнымі імпэрыялістамі ў 1990-я гады. Бо, відаць, як некаторыя палітыкі няўпэўненыя ў тым, што могуць перамагчы на дэмакратычных выбарах, так і РПЦ баіцца свабоднай канкурэнцыі за паству, без шулерства і без таго, каб ставіць абмежаваньні іншым рэлігіям на той тэрыторыі, дзе мае ўплыў на органы дзяржаўнай улады. У тым ліку ў Беларусі.

Нягледзячы на фармальныя 70% праваслаўных, абсалютныя лічбы наведвальнасьці каталіцкіх і праваслаўных цэркваў на буйныя сьвяты ў Беларусі вельмі блізкія (Каляды 2012/2013 г.: 95 тысяч у касьцёлах, 113 тысяч у праваслаўных цэрквах). Пратэстанцкіх і каталіцкіх рэлігійных арганізацый на Беларусі нашмат больш, чым праваслаўных.

Беларусь — не праваслаўная краіна. У сэнсе, ня толькі праваслаўная. У Беларусі пражывае паўтара ці болей мільёна каталікоў. Гэта самая вялікая рыма-каталіцкая грамада на тэрыторыі СНД і другая (пасьля Літоўскай Рэспублікі) па колькасьці рыма-каталіцкая грамада на постсавецкай прасторы.

У 2001 годзе папа Ян Павал ІІ наведаў Украіну, насуперак пратэстам Маскоўскага патрыярхату. Расейскі патрыярх Алексій ІІ ў час таго візыту Папы ва Ўкраіну калясіў па паўднёвай Беларусі ўздоўж украінскай мяжы — так, як быццам сарамліва «памячаў тэрыторыю».

Цяпер Папа мае запрашэньне ад беларускіх касьцёльных уладаў і нават ад цяперашніх сьвецкіх уладаў Рэспублікі Беларусь. Але Папу Рымскага, найбольш аўтарытэтнага духоўнага лідэра ў сьвеце, чый візыт быў бы калясальным посьпехам для міжнародных стасункаў Беларусі, у краіну могуць не пусьціць з-за пратэсту арганізацыі, якая афіцыйна зьяўляецца філіяй замежнай царквы і якая, у адрозьненьне ад Касьцёлу, нават ня можа дазволіць сабе праводзіць набажэнствы на беларускай мове ў больш чым пары прыходаў з асабліва энтузіястычнымі прыхаджанамі.

Я расеец і жыву ў Маскве, сталіцы Расеі. Мой дом не зьяўляецца «кананічнай тэрыторыяй» РПЦ. Мая душа не зьяўляецца «кананічнай тэрыторыяй» РПЦ. І Беларусь таксама нічыёй «кананічнай тэрыторыяй» не зьяўляецца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG