Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бураціі рэзалі 50 тысяч газэт, каб схаваць параненага ва Ўкраіне танкіста


Доржы Батамункуеў падчас наведаньня Данецкага апёкавага цэнтру Іосіфам Кабзонам

Доржы Батамункуеў падчас наведаньня Данецкага апёкавага цэнтру Іосіфам Кабзонам

Бурацкі танкіст Доржы Батамункуеў, цяжка паранены ў баі пад горадам Дэбальцава ў Данецкай вобласьці Украіны, стаў шырока вядомы пасьля інтэрвію, якое ў яго ў пачатку сакавіка ўзяла журналістка расейскага выданьня «Новая газета» Алена Касцючэнка. Але яшчэ да публікацыі гэтай размовы, 23 лютага, Батамункуеў стаў адным з герояў тэлевізійнага сюжэту аб сустрэчы Іосіфа Кабзона з параненымі байцамі «ДНР» у апёкавым цэнтры пры Данецкай абласной цэнтральнай клінічнай бальніцы, хоць тады яшчэ ніхто не называў яго імя і прозьвішча.

Празь некалькі месяцаў журналіст газэты «Новая Бурятия» вырашыў пацікавіцца лёсам Батамункуева і высьветліў, што той лечыцца ў бальніцы ў суседнім Забайкальскім краі, а яго маці скардзіцца на адсутнасьць дапамогі з боку Міністэрства абароны Расеі. Аднак публікацыю выдалілі з сайта выданьня і ў літаральным сэнсе слова — нажніцамі — выразалі з 50-тысячнага папяровага накладу. Пры гэтым артыкул дагэтуль даступны ў кэшы гугла.​

Доржы Батамункуеў падчас наведаньня Данецкага апёкавага цэнтру Іосіфам Кабзонам

Доржы Батамункуеў падчас наведаньня Данецкага апёкавага цэнтру Іосіфам Кабзонам

Выканаўца абавязкаў галоўнага рэдактара газэты «Новая Бурятия» Цімур Дугаржапаў сказаў Радыё Свабода, што не разглядае сытуацыю з артыкулам як цэнзуру. ​

Дугаржапаў: «Рэч у тым, што перад друкам у газэце мы разьмясьцілі гэты матэрыял у інтэрнэце, на нашым сайце, і гэтая публікацыя на сайце выклікала нейкі жудасны паток наведнікаў з Украіны, там палілася такая вялізная колькасьць камэнтароў, зусім незразумелых, агрэсіўных, і сытуацыя пачала выходзіць з-пад кантролю. У нас рэспубліка ціхая, спакойная, і гэты паток нас напалохаў, вядома. Мы зразумелі, што зайшлі на такую тэрыторыю лютага інфармацыйнага супрацьстаяньня, таму жаданьня ўцягвацца далей у гэтую палеміку, у нейкую цалкам жудасную інфармацыйную вайну не было ніякага. Таму мы паступілі такім чынам».

РС: «Можна ж было проста адключыць камэнтары, а ў газэце і зусім ніякіх камэнтараў пакідаць нельга, таму там ніякіх патокаў нянавісьці ў адказ вы б не атрымалі».

Дугаржапаў: «Наагул хацелася пазьбегнуць гэтай сытуацыі. І я думаю, што мы яе пазьбеглі. Тое, што цяпер адбываецца, абмеркаваньне, што нібыта хтосьці нас прымусіў, гэта ўсё бессэнсоўна. Гэта было наша агульнае рашэньне, рэдакцыйнае. Вядома, гэта неардынарны выпадак у маёй практыцы, але што рабіць, бывае і такое».

РС: «Як гэта было? Супрацоўнікі газэты сядзелі і ўвесь наклад ўручную такім чынам апрацоўвалі, выразаючы гэтыя старонкі?»

Дугаржапаў: «Так, тры дні мы гэтай справай займаліся».

РС: «А які ў вас тыраж?»

Дугаржапаў: «50 тысяч асобнікаў».

Іосіф Кабзон з Доржы Батамункуевым у данецкім шпіталі:

Сяргей Басаеў, аўтар выдаленага матэрыялу, кажа, што ня ведае, ці будзе працягваць працу над гэтай тэмай. Вось што ён адказаў на пытаньне Радыё Свабода, ці лічыць ён гэта праявай цэнзуры:

«Рэч у тым, што гэта ўжо не мая сфэра адказнасьці. Мая справа была — напісаць матэрыял, і я яго напісаў, ён выйшаў спачатку на сайце. Але рэч у тым, што ў нас газэта выходзіць у нядзелю, а матэрыял я напісаў у чацьвер-пятніцу. Я думаю, калі б матэрыял паставілі ў нядзелю на сайт, газэта б выйшла, не было б ніякіх праблем. Паставілі ў чацьвер, і вось нейкае вар’яцтва пачалося. Я нават н1 ведаю, як яго вызначыць».

Аркадий Зарубин

Аркадий Зарубин

Аркадзь Зарубін, журналіст бурацкай газэты «Аршан», першы паведаміў аб выдаленьні артыкулу пра танкіста Доржы Батамункуева з сайту і з друкаванай вэрсіі газэты «Новая Бурятия». У ліпені мінулага года Зарубін быў зьбіты каля выбарчага ўчастку ў пасёлку Карэн, куды ён прыехаў, каб праверыць інфармацыю аб адмове прыняць у прадстаўнікоў партый «Справядлівая Расія» і КПРФ дакумэнты для ўдзелу ў выбарах у райсавет:

«Я лічу, што гэта цэнзура спэцслужбаў, так як я таксама ўвесь час адчуваю нейкі ціск зь іх боку, паколькі ідзе сьледчая дзейнасьць. З пачатку году ў нас у Бураціі прайшлі два мітынгі з-за канфліктнай сытуацыі ў Бурацкім дзяржаўным унівэрсытэце, і з таго моманту я пачаў адчуваць на сабе ўвагу спэцслужбаў. Яны ўсяляк спрабавалі ўплываць на мае публікацыі, прама паказвалі, якія зь іх непажадана выпускаць. Я ведаю дакладна, яны прагаворваліся, што такі самы ўплыў яны робяць на іншыя СМІ, друкаваныя, інтэрнэт-выданьні, то бок усё, што тычыцца пратэставых настрояў, што тычыцца вайны ў Украіне, гэта, вядома, сфэра інтарэсаў спэцслужбаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG