Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыйныя структуры зноў не змаглі дасягнуць дамоўленасьці аб правядзеньні кангрэсу дэмакратычных сіл, на якім плянавалася вылучыць адзінага кандыдата ў прэзыдэнты.

Як паведамляе БелаПАН, пытаньне аб правядзеньні кангрэсу абмяркоўвалася 8 красавіка на сустрэчы прадстаўнікоў сямі апазыцыйных структур: Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет», Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), руху «За свабоду», кампаніі «Гавары праўду», Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП), аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» (БХД) і Партыі БНФ.

«Я магу толькі канстатаваць як факт, што была прапанова Ўладзіміра Някляева (лідэр кампаніі „Гавары праўду“. — РС) правесьці кангрэс бяз збору подпісаў за вылучэньне яго дэлегатаў, — паведаміў лідэр АГП Анатоль Лябедзька. — Сёньня пяць структураў выказаліся за гэтую прапанову, дзьве структуры гэта не падтрымалі. Паводле нашага ўнутранага рэглямэнту рашэньне не прынята. Не падтрымалі прапанову Някляева кампанія „Гавары праўду“ і Партыя БНФ».

Юрась Губарэвіч

Юрась Губарэвіч

Яшчэ некалькі ўдзельнікаў сустрэчы — сустаршыня БХД Павал Севярынец, які год таму выступіў з ініцыятывай правядзеньня кангрэсу дэмсіл, і першы намесьнік руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч — ад камэнтароў наконт сёньняшняга пасяджэньня «сямёркі» ўстрымліваюцца.

Губарэвіч толькі адзначыў: «Нічога новага, што было б у параўнаньні з учарашнім днём або на канец мінулага году, не адбылося. Рух „За свабоду“ ўжо адлюстроўваў у сваёй заяве, што апазыцыя ня можа дамовіцца. Сёньня былі розныя тэмы для абмеркаваньня. Адзінае — мы вырашылі не камэнтаваць вынікі сёньняшняга пасяджэньня, бо яно насіла рабочы характар».

Адзначым, што на сёньняшні дзень фактычна заяўлена аб двух прэтэндэнтах на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году ад апазыцыі — гэта Анатоль Лябедзька, рашэньне аб якім было прынята на зьезьдзе АГП яшчэ ў траўні 2014 году, і актывістка руху «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч.

Пры гэтым «Гавары праўду» прапануе вылучыць свайго прадстаўніка кандыдатам у прэзыдэнты ад ініцыятывы «Народны рэфэрэндум» (аб’ядноўвае «Гавары праўду», БСДП (Грамада), Партыю БНФ і рух «За свабоду»). Рашэньне падтрымаць кандыдатуру Караткевіч ужо прыняла палітычная камісія Партыі БНФ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG