Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рубцова хочуць ізаляваць на час прэзыдэнцкай кампаніі, — праваабаронцы


Юры Рубцоў

Юры Рубцоў

Праваабаронцы фіксуюць агульнае пагаршэньне сытуацыі з палітвязьнямі ў Беларусі і узмацненьне ціску з мэтай прымусіць іх пайсьці на саступкі. Пра гэта ў інтэрвію Свабодзе заявіла праваабаронца Тацяна Равяка, камэнтуючы арышт палітвязьня Юрыя Рубцова і новую крымінальную справу супраць яго.

— Як праваабаронцы ацэньваюць новую крымінальную справу супраць Юрыя Рубцова? Ці лічыце вы яе палітычнай?

— Мы зьвязваем усе справы супраць Рубцова ў адну. Адвольнае затрыманьне яшчэ ў красавіку 2014 году, суд, у выніку якога зьявілася абвінавачаньне ў абразе судзьдзі, прысуд за абразу судзьдзі (пасьля гэтага праваабаронцы прызналі Рубцова палітвязьнем — РС) і тое, што цяпер адбываецца са спадаром Юрыем Рубцовым — гэта ўсё для нас зьвёны аднаго ланцуга. Гэта фактычна адна і тая ж справа, і, вядома, наша пазыцыя тут адназначная: Юры Рубцоў стаў ахвярай менавіта таго парушэньня, якое мы называем «адвольным затрыманьнем». Усё, што далей зь ім адбываецца, — гэта наступствы.

— У Сьледчым камітэце кажуць, што Рубцоў «чатыры разы адмовіўся ад прапанаваных яму вакантных пасад, што ўтварае склад злачынства ў выглядзе ўхіленьня ад адбыцьця пакараньня». Ці сапраўды тут можна казаць аб наяўнасьці складу злачынства?

— Нам вядома, што Рубцоў не адмаўляўся ў прынцыпе ад працы. Ён адмаўляўся ад той працы, якая яму была прапанавана, бо яна яго не задавальняла з пункту гледжаньня заробку. Ён патрабаваў сярэдняга заробку, які агучваецца кіраўніцтвам нашай дзяржавы, прасіўшы даць яму такую працу, якая б адпавядала гэтаму сярэдняму заробку. То бок, яшчэ раз: у прынцыпе ад працы ён не адмаўляўся.

Тут ёсьць пытаньне, што ён не падпісваў вось гэтыя паперы, якія, аказваецца, яму выносілі ў якасьці спагнаньня за адмову ад працы. Гэта ўрэшце склала падставы для абвінавачваньня ў ухіленьні ад адбыцьця пакараньня. Сам Юры Рубцоў, паводле нашай інфармацыі, нават ня ведаў, што яму дагэтуль выносіліся спагнаньні. То бок ён не падпісваў, не фіксаваў гэтыя спагнаньні, і, у сваю чаргу, не фіксавалі і мы. Мы маглі здагадвацца, што яму могуць быць вынесены спагнаньні, але дакладнай інфармацыяй мы не валодалі да апошняга.

— На вашу думку, навошта новая крымінальная справа супраць Рубцова спатрэбілася ўладам?

— Калі б не было папярэдняй справы Мікалая Дзядка за парушэньне рэжыму адбыцьця пакараньня па 411 артыкуле Крымінальнага кодэксу, я б, можа, сказала, што гэта зьвязана з характарам Рубцова: маўляў, гэта такі стыхійны чалавек, бунтар, дысыдэнт, ён ад усяго адмаўляецца. Але цяпер я думаю, што гэта ўжо тэндэнцыя. Напрыклад, на Мікалая Статкевіча, на наш погляд, ціск ідзе з мэтай атрыманьня прашэньня аб памілаваньні, у адносінах да Мікалая Дзядка мэта ў тым, каб ня выпусьціць яго да выбараў. Прыкладна тое ж самае і са спадаром Рубцовым: каб ён на час прэзыдэнцкай кампаніі быў пазбаўлены голасу. Таму што ў тых умовах, у якіх ён адбываў пакараньне (абмежаваньне волі), ён мог тэлефанаваць, ён мог пра нешта выказвацца. Цяпер ён гэтай магчымасьці ня будзе мець.

Я думаю, што сьцісканьне кола вакол беларускіх палітвязьняў абсалютна відавочнае.

— У сувязі з гэтым — ці можна казаць пра тэндэнцыю да агульнага пагаршэньня сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі?

— Што тычыцца палітвязьняў — так. Мы канстатуем пагаршэньне стаўленьня да палітвязьняў, пагаршэньне ўмоваў адбыцьця пакараньняў, узмацненьне ціску, накладаньне новых спагнаньняў. Пэўны пэрыяд часу было хоць і ня лепш, але спакайней. А вось цяпер мы адчуваем нагнятаньне сытуацыі вакол палітвязьняў. Магчыма, каб даціснуць іх, зламіць маральна, прымусіць пайсьці на нейкія саступкі.

Цяжка даваць ацэнкі, калі тэма палітвязьняў фактычна выпадае з дыялёгу міжнароднай супольнасьці і беларускіх уладаў. Калі раней яна была на вастрыі, калі яна сапраўды гучала як перадумова ўзнаўленьня дыялёгу, то цяпер гэтай перадумовы няма — з гэтымі людзьмі можна рабіць усё што заўгодна, усё, што адпавядае палітычнай патрэбе ўладаў на сёньня.

XS
SM
MD
LG