Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Становіцца толькі горш» — гарадзенцы пра 100 дзён ураду Кабякова


Споўнілася сто дзён, як у Беларусі дзейнічае новы ўрад. Ці заўважылі вы за гэты час зьмены ў эканоміцы? Як іх ацэньваеце? Апытаньне ў Горадні

Спадар: «Усё ідзе толькі да горшага. Новы ўрад пачаў сваю дзейнасьць з дэкрэту № 3, а гэта проста нейкі жах. Адбываецца натуральны тэрор эканамічны, і ня толькі эканамічны. Мноства людзей, якія ні ў чым не вінаватыя, а іх будуць арыштоўваць і пад канвоем утрымліваць у нейкіх лягерах. А адтуль прымусова вазіць чысьціць нейкія кароўнікі. Я вам скажу, што тут ужо справа ідзе да генацыду народа...»

Спадар: «Мне здаецца, што становіцца толькі горш. І справа тут не ва ўрадзе, а ў вышэйстаячым органе, бо ад яго ўсё залежыць. А ўрад — гэта проста пешка».

Спадар: «Ведаеце — без камэнтараў...»

Спадарыня: «Я б не сказала, што заўважныя нейкія зьмены, а тым больш у эканоміцы. Наколькі я ведаю, многія прадпрыемствы скарацілі колькасьць працоўных дзён, і людзей, і заробкі, і надбаўкі. Гэта ўсё дае сябе знаць ня ў лепшы бок».

Спадар: «Да лепшага зьменаў ня бачу. Усё толькі даражэе, і ў людзей няма працы...»

Спадарыня: «Па-мойму, стала толькі цяжэй, асабліва матэрыяльна. Цэны на харчы высокія, дый на астатнія тавары. Я працую і на пэнсіі, а грошай не хапае, каб нармальна жыць. Карацей, дастанеш мільён, а за два дні яго ўжо няма...»

Спадар: «Я думаю, што 100 дзён — гэта малы тэрмін, каб рабіць нейкія высновы. Горш пакуль ня стала, і я не адчуваю, што мой матэрыяльны стан пагоршыўся».

Спадар: «А што казаць, калі ў нас у калгасе беспрацоўе, скарачаюць людзей, і ўсё».

Карэспандэнт: «А заробкі ня зьменшыліся?»

Спадар: «А якія там заробкі — капейкі».

Спадар: «Я, да прыкладу, нічога за гэты час не адчуў, акрамя папулізму, паказухі і таптаньня на месцы. А яшчэ і рапарты пра сваю значнасьць. А ў выніку — паўторнае спыненьне МАЗа, людзі ідуць у вымушаныя адпачынкі, „Белшына“, „Нафтан“ ды іншыя буйныя прадпрыемствы папросту спыняюцца. Ніякага пазытыўнага руху няма...»

XS
SM
MD
LG