Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ператрус у гомельскім апазыцыйным офісе і ў кватэры Судаленкі


Леанід Судаленка

Леанід Судаленка

Падставай стаўся порна-ролік, нібыта разьмешчаны ў інтэрнэце з ІР-адрасу праваабаронцы Леаніда Судаленкі.

У Гомелі ў грамадзка-палітычным цэнтры на вуліцы Палескай вядзецца ператрус. Робяць яго з санкцыі гарадзкой пракуратуры супрацоўнікі ўпраўленьня па наркакантролі і супрацьдзеяньні гандлю людзьмі.

Гомельскі апазыцыйны палітык, намесьнік старшыні АГП Васіль Палякоў, які прысутнічае ў цэнтры, паведаміў, што міліцыянты аглядаюць кампутары. Падставай стаўся порна-ролік, разьмешчаны ў інтэрнэце нібыта з ІР-адрасу праваабаронцы Леаніда Судаленкі. Крымінальную справу з гэтай нагоды распачаў Гомельскі райаддзел міліцыі па заяве грамадзянаў.

Ператрус вядзецца і ў кватэры Леаніда Судаленкі. Сам праваабаронца цяпер у Швэцыі.

Цікава, што раней Леанід Судаленка зьвяртаўся ў органы ўнутраных спраў з просьбай высьветліць, хто зьмяшчае на адным з гомельскіх сайтаў у дачыненьні да яго паклёпніцкія нататкі, а таксама дасылае пагрозы ягонай шматдзетнай сям’і праз электронную пошту. Міліцыя адказала тады грамадзкаму актывісту, што вызначыць ІР-адрас ня мае магчымасьці.

XS
SM
MD
LG