Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Віктар Рубцоў: Бацька высьмейвае гэты рэжым


Юры Рубцоў

Юры Рубцоў

«Мой бацька — не крымінальнік, на яго баку маральная перавага», — заявіў Свабодзе сын актывіста Юрыя Рубцова, чалавека-майкі, пакаранага «хіміяй», супраць якога завялі новую крымінальную справу.

«Калі бацьку забіралі з «хіміі» ў Купліне, каб везьці ў Пружаны ў аддзел Сьледчага камітэту, яму далі магчымасьць патэлефанаваць. Ён паведаміў, што яго вывозяць з той установы закрытага тыпу. І, хутчэй за ўсё, урэшце адвязуць у Баранавічы, у сьледчы ізалятар, бо прад’яўляюць новае абвінавачваньне.

Бацька прасіў, каб я неяк больш далікатна патлумачыў сытуацыю маці, бо яна будзе моцна перажываць. Маці, як і любая жанчына, хоча, каб муж быў побач. Ён асабліва не хацеў маці засмучаць, зрабіць нешта кепскае. Але паводзіны бацькі яе чапляюць, бо яна прасіла яго не даводзіць усё да крайнасьці.

Я, канечне, як мог патлумачыў, супакойваў, бо яна ж — жанчына, а мы з бацькам — мужчыны. Я дык разумею: калі абраны такі шлях, сказана слова — дык трэба дзейнічаць.

Бацька цяпер у ізалятары — яму зьмянілі меру стрыманьня.

На нейкі цуд бацька не разьлічвае, ніколі не разьлічваў. Ён гатовы маральна да пераменаў у сваім лёсе. Ён на сабе паказвае абсурднасьць цяперашняй уладнай сыстэмы. Адначасова ён разумее, што празь ягоныя ўчынкі заўтра рэжым ня згіне. Ён высьмейвае яго. І лічыць, што перамены прыйдуць празь зьмены ў сьвядомасьці людзей.

Рэзананс, канечне, ёсьць. Часам я стасуюся з бацькавымі знаёмымі, у мяне ёсьць кола знаёмых, сяброў. Ведаю, што людзі што заўгодна могуць казаць пра апазыцыю. Але калі яны даведваюцца, што я сын апазыцыянэра, а тым больш ведаюць майго бацьку, то зусім па-іншаму ставяцца. Бацькавы ўчынкі прымушаюць задумацца. Ніхто мне не сказаў: «Твой тата — ідыёт», «твой тата няправільна робіць». Меркаваньне ў людзей мяняецца. Прынамсі, учынкі прымушаюць задумацца.

Бацька — дарослы «хлапец». Гэта яго права, яго барацьба. У любым выпадку я буду яго падтрымліваць. Я яго не асуджаю і, наколькі змагу, буду дапамагаць.

Як бы я сам зрабіў? Не прымерваю, як кажуць, чужую шкуру — трэба глядзець па сытуацыі. Бацька нешта кепскае зрабіць ня можа. Я яго сын, і ён заўсёды быў і будзе для мяне бацькам — у любым узросьце. У нас асаблівых адрозьненьняў у пазыцыях не было, апроч нейкіх неістотных момантаў. Я лічу, што ёсьць розныя спосабы барацьбы. Як па мне, дык калі ўжо змагацца, то крыху іначай. Канечне, я перажываю як сын. І мне, як і маме, хацелася б, каб ён быў дома, побач.

Але ж бацька не крымінальнік. Ён не зрабіў нічога такога, за што мне было б сорамна перад людзьмі, перад соцыюмам. Ён ня робіць нічога дрэннага. Кожны сам мае права вырашаць, што яму на грудзях накалоць, куды ісьці — направа ці налева. Бацька не пераступіў ніякую рысу, за ім — маральная перавага», — заявіў Свабодзе Віктар Рубцоў.

Ягонаму бацьку Юрыю Рубцову ўчора было прад’яўленае абвінавачваньне па артыкуле 415 (ухіленьне ад адбыцьця пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі і ўжытая мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту.

«Падставай да ўзбуджэньня крымінальнай справы паслужылі матэрыялы органаў дазнаньня за парушэньне парадку і ўмоваў адбыцьця пакараньня, прадугледжаных часткай 3 артыкула 47 Крымінальна-выканаўчага кодэксу Рэспублікі Беларусь і правіламі ўнутранага распарадку, якія абавязваюць асуджанага працаваць паводле накіраваньня адміністрацыі папраўчай установы адкрытага тыпу. Абвінавачаны чатыры разы адмовіўся ад прапанаваных яму вакантных пасадаў, што ўтварае склад злачынства ў выглядзе ўхіленьня ад адбыцьця пакараньня паводле выраку суду», — паведаміла Радыё Свабода галоўны інспэктар па інфармацыі і сувязі з грамадзкасьцю СК па Берасьцейскай вобласьці Марына Дранькова.

XS
SM
MD
LG