Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарачая кропка ў Данбасе: Як жывуць у Шчасьці пасьля менскага замірэньня


Фотаздымкі аўтара

Фотаздымкі аўтара

Мястэчка здолела перажыць вайну. Адны яго жыхары вераць Украіне, іншыя чакаюць, пакуль іх «прымуць у Расію». Журналістка нашага радыё Дар’я Кастэнка пабывала ва ўкраінскім горадзе Шчасьце.

Гарадок Шчасьце за 5 кілямэтраў ад Луганску яшчэ нядаўна быў адной з самых гарачых кропак на баявой лініі, якую ў Кіеве называюць зонай АТА. Цяпер тут стаіць крохкая цішыня, хоць вось проста сёньня пры выбуху бронемашыны на мосьце загінулі чацьвёра ўкраінскіх вайскоўцаў. Але наогул стракатня на ўскраіне ня лічыцца, яна бывае амаль кожны вечар.

Ніхто не зьвяртае ўвагі на асобнае, выразнае «та-та-та» буйнакалібэрнага кулямёта на блёкпосьце за горадам. Тут чулі і страшнейшыя гукі. Гараджане ўжо адрозьніваюць на слых стрэл з мінамёта калібру 82 мм ад стрэлу з 120-мілімэтроўкі. Для дзяцей «васілёк» і «півоня» даўно не кветкі. Настаўнікі супакойвалі дзяцей падчас абстрэлу: «Дзеці, гэта дрэва зламалася». — «Не, гэта па нас страляюць, чуеце? — кажа першаклясьнік. — А зараз пойдзе адказ».

Шчасьце пачынаецца тут

Шчасьце пачынаецца тут

Стэла на ўезьдзе ў горад вышчарбленая кулямі. «Фатаграфуй, — кажуць мне, — яе любяць здымаць журналісты». «Щастя» жоўтым па блакітным, з боку ўезду дапісана — «назавжди наше». З боку выезду — там, дзе гэта чытаюць людзі, якія зьяжджаюць з прыфрантавой зоны, — дадалі — «починается звідси» («пачынаецца адсюль»).

Да вайны Шчасьце ўваходзіла ў склад Кастрычніцкага раёну Луганску. Цяпер адразу за пасёлкам, па рацэ праходзіць лінія разьмежаваньня з тэрыторыяй, падкантрольнай непрызнанай ЛНР. Гэтак горад апынуўся на лініі фронту.

На тым баку ракі бачная Вясёлая гара, на якой разьмешчаныя мінамётныя пазыцыі сэпаратыстаў. За Вясёлай гарой — сам Луганск. З-за Вясёлай гары ляцяць міны, па Луганску ідзе адказ — а цеплаэлектрастанцыя, якая знаходзіцца на ўкраінскай тэрыторыі, працягвае забясьпечваць ЛНР электрычнасьцю.

Шчасьце называецца Шчасьцем ужо больш за трыста гадоў: сяло заснавалі зьбеглыя сяляне, якія тут, на вольных землях, атрымалі новую свабоду. Яшчэ адна новае жыцьцё, разам з калгасам таго ж імя, зарадзілася ў 1920-я, а пасьля вайны ў Шчасьці пачалося будаўніцтва адной з найбуйнейшых на той момант у СССР цеплаэлектрастанцый. Вакол ЦЭС і разросься горад, які цяпер стаў прыфрантавым.

**
Мэдыкі батальёну «Айдар» пагаджаюцца даць мне прытулак на чатыры дні ў гарадзкой бальніцы, дзе адзін паверх заняты пад ваенны шпіталь.

У Шчасьці сонечна і ціха. Абстрэлы прыпыніліся месяц таму, пасьля падпісаньня менскіх пагадненьняў. Гараджане вымелі пабітае шкло і пачалі закопваць варонкі. Але разбурэньні да гэтага часу бачныя паўсюль. Вось разьнесеная вуглавая кватэра на вуліцы Рэспубліканскай: «Сюды трапіў снарад, загінула жанчына, яе бэлькай забіла, дзесьці там бэлька валялася са сьлядамі крыві». Побач з домам стаяць цэлыя жаночыя боцікі на аддачу. Напэўна, проста супала. Але ніхто не бярэ. Яшчэ адна разьбітая кватэра — трапляньне ў дах. Выкрытая плоць хатняй утульнасьці, маленькага інтымнага сьвету — дыван, лямпа, батарэя.

На шпітальную тэрыторыю міны і снарады траплялі ня раз, наўпроставае трапляньне зьнішчыла адну з машын хуткай дапамогі. Яе абгарэлы каркас мэдыкі да гэтага часу з задавальненьнем паказваюць журналістам у якасьці мясцовай страшылкі. Пашанцавала: у машыне ў той момант нікога не было. Страшнейшая іншая гісторыя. 26 верасьня 2014 на тэрыторыі шчасьцінскай бальніцы пры абстрэле загінула маладая жанчына, якая прыйшла на прыём. У аднаго зь лекараў застаўся здымак — у той момант яе яшчэ спадзяваліся выратаваць.

Чужыя сярод сваіх

Дачыненьні мясцовых жыхароў з вайскоўцамі — балючая тэма. Многія шчасьцінцы падтрымлівалі або падтрымліваюць ЛНР. «Тут 80% сэпараў, ты даеш бабулі 10 грыўняў на хлеб, а яна цябе ў Бога і ў душу мацярыць ўсьлед», — злосна кажа мне баец «Айдару» з пазыўным «Шаман». «50 на 50%, многія — «нашы», — пярэчаць іншыя байцы.

Расейскія журналісты ператварылі батальён «Айдар» у жупел: заходнеўкраінскія «карнікі» з рукамі па локаць у крыві сьнегіроў і немаўлят. Рэчаіснасьць падобная на прапаганду ня болей, чым абяцаньні «сьцерці Амэрыку ў радыеактыўны попел» — на паводзіны душэўна здаровага чалавека. Рэчаіснасьць заўсёды складанейшая.

«Айдар» — добраахвотніцкі батальён, які фармальна ўвайшоў у склад Узброеных сілаў Украіны, (але па факце даволі слаба кіраваны). Тут служаць і мясцовыя, луганчане, і хлопцы з Заходняй Украіны. Большасьць добраахвотнікаў сумленна прыйшлі «абараняць радзіму». Многія пакінулі дома сем’і, дзяцей, працу, бізнэс. Але трапляюцца і тыя, што п’юць, і наркаманы, і раней судзімыя, прызнаюцца самі байцы. У першым складзе «Айдару» было шмат майданаўцаў: «Але ўлетку і ўвосень у нас былі вялікія страты. Лепшыя людзі загінулі».
«Большасьць байцоў украінцы, замежнікаў — адзінкі. Ёсьць руская дзяўчына, ёй 19 гадоў, яе пазыўны — „Валькірыя“. Шалёная, „аджала“ дзесьці БТР і на ім езьдзіць. Ёсьць некалькі грузінаў, быў адзін паляк. Маладыя прыбалты былі, але зьехалі», — распавядаюць байцы.

«На вайне няма чорных і белых, усе мы тут шэрыя, як мышы». Былі выпадкі марадзёрства і «аджыму» машын, гэта кажуць і мясцовыя, і самі вайскоўцы. І ў той жа час за зіму байцы «Айдар» раздалі больш за 12 тон гуманітарнай дапамогі, дабіраючыся да самых гарачых кропак уздоўж лініі разьмежаваньня.

Цяжкія ападкі

Мінамётныя абстрэлы Шчасьця з тэрыторыі ЛНР пачаліся яшчэ летась у верасьні. Многія жыхары перачакалі іх у сваіх дамах, проста таму што побач не было сутарэньняў, якія пасуюць пад бамбасховішчы. У студзені-лютым абстрэлы сталі практычна штодзённымі. З 14 тысяч жыхароў у Шчасьці засталіся 3-4 тысячы, у асноўным працаўнікі Луганскай ЦЭЦ і пэнсіянэры, у якіх не было грошай і магчымасьці выехаць. Горад усё ж такі выжыў. У маразы чынілі пабітыя трубы цеплацэнтралі. Працавалі хуткая і служба Міністэрства надзвычайных сытуацый.

Недалёка ад блёкпоста і мясцовага аддзяленьня МНС, пад сьцяной кіёска, ляжыць апорная частка ракеты «Граду», ацалелая пры разрыве. Яе сюды перанесьлі ваенныя. «Да яе мацуецца баявая частка, якая потым разьлятаецца», — тлумачаць ратавальнікі. Называць імёны яны ня хочуць: «Нам забаранілі афіцыйна мець зносіны з журналістамі».

Неафіцыйна — можна

— Вось такія ў нас «ападкі» былі ў студзені-лютым. Некаторыя варонкі — памерам з пакой. Больш за 10 трапляньняў за месяц — у жылыя дамы. Разбураныя сьцены, дахі.

12 лютага ў Шчасьці загінулі тры чалавекі. Прамым пападаньнем снараду ў кавярню «Дарожнае» забіла трох жанчын, якія працавалі на кухні. Яшчэ дзьве ў цяжкім стане дастаўленыя ў бальніцу Севераданецку, «пра далейшы іх лёс мы ня ведаем, але па-мойму, абедзьве пакуль жывыя».

Сьмерць не падпісваецца

Каля школьнага ганку, проста пад елкай — варонка ад міны. Тэрыторыю сярэдняй школы № 1 тройчы накрывала мінамётным агнём. Чатыры снарады ляглі ў двары корпуса пачатковай школы, выбуховай хваляй выбіла вокны. Потым пацярпеў асноўны будынак, дзе вучацца старэйшыя клясы. А ў лютым 2015 міна разарвалася пры ганку школы.

У настаўніцкай — дзьве жанчыны. Аксана Аляксандраўна — клясны кіраўнік 9-га кляса, Ніна Сяргееўна — 11-га. Мы п’ём гарбату, чакаем дырэктара школы і размаўляем. Вядома, пра дзяцей. І пра вайну.

— А мы хадзілі на працу. Як абстрэл сьціхне — прыходзім у школу... Калі кажуць, што гэта АТА, — гэта няпраўда. Выбачайце, гэта сапраўдная вайна.

— Я свайму ўнуку зьдзіўляюся. Іншыя дзеці перажываюць, плачуць. А гэты маўчаў, маўчаў, пакуль мы яго ня вывезьлі на поўнач вобласьці. Там спакойна... Але першае, што спытаў у чужой кватэры: «А ў гэтае акно нічога не заляціць?» Больш за ўсё ў нас пацярпелі маленькія, першаклясьнікі. Яны ж дыстанцыйна ня могуць вучыцца, літар ня ведаюць. Адзінаццаціклясьнікам таксама дрэнна: трэба паступаць у інстытуты, а тут дарослыя так загуляліся... А што, калі ЛНР пачне наступаць, а мы на лініі фронту? Дзеці пра гэта ўвесь час пытаюцца. Я ім адказваю: ня бойцеся, калі што, вас арганізавана вывезуць куды-небудзь у Севераданецк, у інтэрнат. А сама ох як ня ўпэўненая...

— У верасьні ў нас у кабінэт падчас занятку трапіла снайпэрская куля, — узгадвае дырэктарка школы Антаніна Шчэгалькова. — Быў ўрок працы ў 5-м клясе, у групы з 8 хлопчыкаў. Настаўнік пасадзіў чацьвярых школьнікаў на правым шэрагу і чатырох — на левым. А на сярэднім шэрагу расклаў вырабы. Куля праляцела праз увесь кляс, над сярэднім побач — і трапіла ў дошку каля настаўніка. Пашанцавала...

Мы ідзем па школе, сьветлым калідорам, ціхім і пустым. На сьцяне велізарны герб Украіны.

— Як дзеці ўсё гэта ўспрымаюць?

— Старэйшыя клясы больш стрыманыя, а малыя, вядома, напалоханыя. Калі абстрэл здарыўся падчас заняткаў, і мы спускаліся ў падвал, некаторыя дзяўчынкі з 5-га кляса плакалі.

— Абмяркоўваюць паміж сабой усё, што адбываецца? Бо бадай ёсьць дзеці, якія «за ЛНР» і «за Ўкраіну», хоць бы таму, што так вучаць іх у сем’ях?

— Абмяркоўваюць, яшчэ і як! Іх, напрыклад, крыўдзіць, калі нас усіх без разбору называюць «сэпаратыстамі», «Даўнбасам» ці неяк так. Я да сябе гэта не адношу, я сэпаратыстаў не падтрымліваю. А дзеці... становяцца на розныя пазыцыі, бацькі ва ўсіх думаюць па-рознаму. Я ім кажу: вашая справа цяпер вучыцца і застацца жывымі. Дарослыя няхай самі разьбіраюцца. Ёсьць свае погляды на палітыку і ў настаўнікаў. Ёсьць і пэдагогі з прарасейскімі поглядамі. Але мы вырашылі: на працы нікому нічога не даказваем.

— Некаторых дзяцей гэта ўсё, наадварот, заахвоціла гаварыць на ўкраінскай мове... Сёлета знайшлося 15 ахвотных, мы адкрылі ўкраінскамоўны клас. Я і сама пачала гаварыць па-ўкраінску. Вось што дзіўна. Гэтых наверсе я б разарвала за тое, што яны робяць, а Ўкраіну люблю.

— Мой бацька загінуў у Луганску 5 жніўня, — раптам кажа дырэктарка. — Усе сьціхла, ён паехаў праверыць сваю кватэру на ўскраіне. Я не пускала, але ведаеце, старыя, яны ж такія настойлівыя. Снарад трапіў у аўтобусны прыпынак, пяць чалавек загінула. Ну, як гэта? Нельга ніяк было дапускаць гэтага.

— Чый гэта быў снарад, хто страляў?

— А хто яго ведае? Яны ж не падпісаныя, снарады. Можа, і наш.

Цалкам рэпартаж можна прачытаць на сайце расейскай службы Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG