Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менск прыяжджае мэр Рыгі Ніл Ушакоў


Ніл Ушакоў

Ніл Ушакоў

Сёньня ў Менск з працоўным візытам прыбудзе старшыня рыскай Думы Ніл Ушакоў. Разам з мэрам сталіцу Беларусі наведае вялікая дэлегацыя прадпрымальнікаў, паведамляе аддзел сувязяў з грамадзкасьцю рыскай Думы.

Падчас візыту заплянаваная сустрэча Ўшакова і старшыні Менгарвыканкаму Андрэя Шарца і падпісаньне праграмы супрацоўніцтва абодвух гарадоў на 2015–2017 гады. Гэтая праграма прадугледжвае супрацоўніцтва ў разьвіцьці прадпрымальніцтва і сфэры турызму, а таксама абмен вопытам па камунальных пытаньнях, абароне асяродзьдзя і помнікаў, сацыяльнай палітыцы і ў сфэры аховы здароўя і бясьпекі.

Дэлегацыя возьме ўдзел у міжнароднай турыстычнай выставе «Адпачынак 2015» і адкрыцьці Латвійска-Беларускага бізнэс-форуму, які пройдзе ў бізнэс-цэнтры «Вікторыя». У праграме рыскай дэлегацыі — наведваньне Менскага тэхналягічнага парку і іншых аб’ектаў.

Як паведаміў агенцтву «Менск-Навіны» старшыня камітэту эканомікі Менгарвыканкаму Юры Трушчанка, такая прадстаўнічая рыская дэлегацыя прыяжджае ў беларускую сталіцу ўпершыню. Дэлегацыя будзе знаходзіцца ў Менску з 7 па 10 красавіка.

Ніл Ушакоў — вядомы латвійскі палітык, мэр Рыгі (з 2009 году), старшыня палітычнага аб’яднаньня «Цэнтар згоды».

Ушакоў па нацыянальнасьці расеец. У Расеі 39-гадовага палітыка лічаць прадстаўніком інтарэсаў расейскамоўнага насельніцтва.

Ён выступаў за прысваеньне расейскай мове статусу афіцыйнай мовы нацыянальнай меншасьці, хоць падкрэсьліваў, што расейская мова не павінна станавіцца дзяржаўнай, як у Беларусі.

XS
SM
MD
LG