Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкая ініцыятыва «За ўратаваньне Курапатаў» заклікае адгукнуцца ўсіх, каму неабыякавы лёс Курапатаў: ад 18 красавіка распачынаецца новы сэзон прыбіраньня ўрочышча ад хмызьняку, друзу і сьмецьця.

Пра гэта Свабодзе паведаміла актывістка ініцыятывы Ганна Шапуцька:

«З 2013 году мы праводзім талаку праз увесь летні пэрыяд і робім гэта з заходняга боку ўрочышча, паколькі з усходняга шмат гадоў гэта робяць актывісты партыі КХП БНФ. Гэткім чынам заклікаем валянтэраў падключыцца да справы ўпарадкаваньня ўрочышча. Працы будзе дастаткова ўсім. Асабліва патрэбная фізычная сіла, бо ў лесе шмат паваленых дрэваў, якія неабходна прыбіраць. Гэта таксама ўсталяваньне новых крыжоў, таму чакаем моладзь і юнакоў асабліва. Але працы будзе дастаткова і іншым людзям, якія, да прыкладу, ня змогуць прыяжджаць у Курапаты. Да прыкладу, неабходна вырабляць шмат плякатаў — людзі могуць атрымаць матэрыялы і вырабляць іх дома. Неабходна інфармацыйная падтрымка і распаўсюд паведамленьняў пра талокі. Таксама людзі могуць ахвяраваць і ня толькі грошы, але, да прыкладу, працоўныя інструмэнты: за два гады ў нас знасіліся і пілы, і сякеры, і кустарэзы — усё гэтыя прылады неабходна аднаўляць, каб прывесьці Курапаты ў годны выгляд. Першы дзень талакі прымеркаваны да Радаўніцы і адбудзецца 18 красавіка, а далейшыя даты будуць прызначаныя пазьней. І гэтак акцыя будзе доўжыцца да 29 кастрычніка — дня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў».

Як паведаміла Ганна Шапуцька, першы арганізацыйны сход валянтэраў адбудзецца 8 красавіка ў 18.00 на сядзібе партыі БНФ. Падчас збору адбудзецца таксама прэзэнтацыя фотавыставы, якая пакажа вынік працы па ўпарадкаваньні Курапатаў цягам двух апошніх гадоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG