Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Эўрапейскае партнэрства? Гэта старажытная эўрапейская праграма...»


У Рызе 21–22 траўня пройдзе чацьвёрты саміт краін «Усходняга партнэрства». Сярод іншых удзел у саміце мае ўзяць і Беларусь.

Што ведаеце вы аб праграме Эўразьвязу «Усходняе партнэрства», у якую ўваходзіць і Беларусь? На гэтае пытаньне адказваюць мінакі на вуліцах Менску.

Спадар сярэдніх гадоў: «Нешта чуў па тэлевізары, што пра гэта кажуць. Але асабліва гэтым не цікаўлюся — не магу сказаць».

Спадарыня сярэдніх гадоў: «Я задаволеная любым партнэрствам. Усё, што ні адбываецца дзеля аб’яднаньня — гэта адбываецца на славу народа і ягонага прэзыдэнта, між іншым, робіць яму гонар. Гэта ўсё, што я хацела сказаць. Калі ўсе народы аб’яднаюцца, ад гэта толькі дадасца дабра і шчасьця».

Спадар маладых гадоў: «Эўрапейскае партнэрства? Гэта старажытная эўрапейская праграма, якая спрабуе ўцягнуць Беларусь у эўрапейскі працэс. Я добра да гэтага стаўлюся — чым больш партнэраў, тым лепш».

Юнак: «Чуў пра гэтую праграму, але мала што пра яе ведаю, падрабязнасьцяў ня ведаю. Я думаю, што гэта нейкая праграма па ўзаемаадносінах паміж Расеяй і Беларусьсю. Пэўна, Казахстан туды ўваходзіць — штосьці такое. А больш нічога вам не скажу».

Спадарыня старэйшага веку: «Ведаеце, я глыбокая пэнсіянэрка, і мяне гэтыя пытаньні абсалютна не цікавяць».

Спадар маладых гадоў: «Я пра гэта насамрэч ведаю няшмат: ведаю, што гэта краіны СНД спрабуюць супрацоўнічаць у эканамічнай сфэры, у падатковай, гандлёвай — шмат не скажу. Ведаю, што вось гэта спрабуюць уваскрашаць тыя сувязі, якія былі раней у Савецкім Саюзе паміж краінамі, каб мацавацца як саюзьнікі. Я думаю, што гэта добра — патрэбна ж з кімсьці сябраваць. Калі з Эўропай ня надта атрымліваецца, бо яны да нас крытычна настроеныя, то будзем сябраваць з усходнімі суседзямі».

Юначкі: «Гэта тыя, што займаюцца дабрачыннымі праграмамі? Не? Ну, тады мы ня ведаем. А распавядзіце нам хоць у двух словах — можа, мы што-небудзь чыталі і ўзгадаем».

Спадар старэйшых гадоў: «А ў нас ніякіх ні з кім адносінаў няма, у нас толькі адносіны з Расеяй. Мы пад абцасам у Расеі знаходзімся. А пра „Ўсходняе партнэрства“ нічога ня чуў. Для нас, для Беларусі? Ды мы проста расейскія халуі».

XS
SM
MD
LG