Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Успаміны з былой «рыскай» мяжы


Доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук

Доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук

Гісторыкі зь Беларусі і Польшчы тры гады зьбіралі ўспаміны людзей, якія некалі жылі ўздоўж былой мяжы, што расьцяла беларускія землі на дзьве часткі.

Запісаныя ўспаміны былі выкарыстаныя ў кнізе «Восень 1939 году. У гістарычнай традыцыі і вуснай гісторыі». Пад вокладкай — працы больш як дваццаці аўтараў. Зборнік выйшаў у выдавецтве Зьмітра Коласа ў Менску. Рэдактар кнігі доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук даў інтэрвію Свабодзе.

Гісторыя, але вусная

Дасьледаваньні вуснай гісторыі ў Беларусі пачалі разгортвацца толькі апошнім часам. Алесь Смалянчук зазначае: «вусны гісторык» павінен быць крыху этнографам, антраполягам, сацыёлягам і культуролягам. У гэтым прывабнасьць гэтага новага кірунку.

Вокладка кнігі “Восень 1939 году. У гістарычнай традыцыі і вуснай гісторыі”

Вокладка кнігі “Восень 1939 году. У гістарычнай традыцыі і вуснай гісторыі”

У кнізе паспрабавалі спалучыць дасьледаваньні, напісаныя ў рэчышчы традыцыйным, калі гісторыкі працуюць з дакумэнтамі, і вусныя крыніцы, кажа рэдактар.

— Што запомнілі беларусы са свайго жыцьця да 17 верасьня 1939 году?

Смалянчук: «Экспэдыцыю ўздоўж былой рыскай мяжы, пачынаючы з Палесься, праводзіў Беларускі архіў вуснай гісторыі. Спачатку былі Мікашэвічы, Стоўбцы, Глыбокае. Запісвалі ўспаміны людзей, якія некалі жылі з абодвух бакоў той былой мяжы. Зьвярталі ўвагу на важныя рэчы: штодзённае жыцьцё, успрыманьне ў тыя часы суседняй краіны. Мяжа фактычна падзяліла ня толькі дзьве часткі беларускага народу, але сем’і.

Гэтыя ўспаміны засьведчылі, што пры ўсіх недахопах польскага ладу, пры пэўнай недэмакратычнасьці, асабліва ва ўмовах рэжыму санацыі, усё-ткі быў значна большы ўзровень свабоды. Напрыклад, працавалі непадалёк сваякі і была магчымасьць перакрыквацца церазь мяжу, але з савецкага боку ўсе маўчалі. Таму што памежнікі забаранялі размаўляць, інакш можна было трапіць у ГУЛАГ. Ну, і ўзровень жыцьця быў, вядома, зусім іншы. Тыя, хто жыў каля савецкай мяжы з польскага боку, выдатна разумелі — што за жыцьцё ў Саветах. Таму ніякай радасьці ня мелі, калі прыйшла Чырвоная армія».

Памежныя заставы пасярод Беларусі

— Што ўражвала жыхароў былога савецка-польскага памежжа пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР?

Смалянчук: «Што мяжа ня зьнікла ні ў верасьні, ні ў лістападзе 1939-га. Ні ў наступным годзе. Яна заставалася, былі на месцы і памежныя заставы, нікога не пускалі. Калі толькі нямецкія войскі акупавалі Беларусь, гэтая „рыская мяжа“ нарэшце зьнікла, і сваякі нарэшце змаглі ўзьяднацца.

Такія рэчы дазваляюць бачыць новыя аспэкты тых падзей. І, можа, больш глыбока зразумець, чым гэты верасень 1939 году быў у беларускай гісторыі. Гэты зборнік мне здаецца важным для далейшага разьвіцьця і гістарычнай навукі і разуменьня важных момантаў нацыянальнага гістарычнага лёсу Беларусі.

Навошта была патрэбна мяжа? Савецкія ўлады хацелі правесьці зачыстку насельніцтва. Па-другое, не хацелі, каб жыхары былой Заходняй Беларусі паехалі паглядзець на савецкі рай і ўбачылі рэальнае жыцьцё. Такі прыклад: чалавек прыехаў на нейкі зьезд у Менск. Пасяліўся ў гасьцініцы і захацеў папіць гарбаты. Пайшоў у краму і ўбачыў вялікую чаргу па цукар, дзе амаль што біліся. Ён быў лепш апрануты, і да яго адразу падышоў міліцыянт, і калі даведаўся, што чалавек з Заходняй Беларусі, зьвярнуўся да чаргі: вось чалавек, які дваццаць год ня бачыў цукру, прапусьціце яго, таварышы, без чаргі...»

Успаміны ці дакумэнты?

— Наколькі можна давяраць старым людзям, на ўспамінах якіх маглі адбіцца дзесяцігодзьдзі прапаганды?

Смалянчук: «Праца з вуснымі крыніцамі дастаткова складаная. Гэта сапраўдны выклік для гісторыка. Большасьць нашых дасьледчыкаў выхаваныя на працы зь пісьмовымі крыніцамі. Тут да канца ня ведаеш, з чым сутыкаесься. З успамінамі пра факты, тым, што было ў мінулым, калі чалавек распавядае, ці з пэўнымі асаблівасьцямі памяці? Тут адно пераплятаецца з адным. І аналізаваць складана бывае. Сёньня ў сусьветнай вуснай гісторыі дамінуе перакананьне, што дасьледчык хутчэй працуе з памяцьцю. І трэба аналізаваць пачутае ад людзей не як факты гістарычныя, а як перадачу іх празь людзкую памяць. І думаць пра тое, чаму чалавек менавіта так распавядае, а не па-іншаму. У нашай беларускай сытуацыі факталягічны бок досыць важны, таму што па-ранейшаму закрыты многія архівы, мы ня маем доступу да многіх дакумэнтаў. А па-другое, памяць, асабліва вясковага насельніцтва Беларусі, яна не зазнала моцных уплываў культурнай памяці, што назіраецца ў Эўропе. Людзі сапраўды ўзгадваюць пра падзеі дастаткова дакладна.

Вядомы факт: людзі сталыя часам з дакладнасьцю памятаюць падзеі, якія адбыліся шэсьцьдзесят-семдзесят гадоў таму, і ня вельмі памятаюць, што было ўчора. Таму мы выкарыстоўваем вусную гісторыю як сапраўдны мэтад гістарычнага дасьледаваньня. Прынамсі, мы можам параўноўваць пачутае ад людзей з афіцыйнай вэрсіяй гістарыяграфіі. І гэтае параўнаньне спрыяе далейшаму разьвіцьцю навукі, бо нараджае палеміку».

— Значыць, гісторык, папрацаваўшы з успамінамі, усё роўна мусіць у любым разе больш давяраць дакумэнтам, ня вуснай, а зафіксаванай пісьмова гісторыі?

Смалянчук: «Кожны дакумэнт ствараецца чалавекам. Практычна ніколі не было, каб ён кіраваўся імкненьнем аб’ектыўна апісаць падзею. Заўсёды ў чалавека ёсьць свой намер, свая мэта. Трэба гэта ўлічваць і разумець, што кожны пісьмовы дакумэнт — ён суб’ектыўны. І яшчэ важная акалічнасьць. Вусны дакумэнт ствараецца сёньня ў выніку размовы ці інтэрвію. Ён не ствараўся ў тым далёкім 1939 годзе. Гэты важны момант трэба ўлічваць і пры аналізе зьвяртаць на яго ўвагу. І мы ўсьведамляем, што гэты новы дакумэнт нараджаецца падчас дыялёгу двух чалавек. Вельмі часта адказ залежыць ад пытаньня. Таму мы стараемся як найменш задаваць пытаньняў і даём чалавеку магчымасьць выказвацца».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG