Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Месца знаходжаньня Юрыя Рубцова невядомае


Юры Рубцоў

Юры Рубцоў

З учорашняга дня ад палітвязьня няма ніякіх зьвестак. Ня выключана, што цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА.

У панядзелак раніцай Юрыю Рубцову ў спэцкамэндатуры ў Купліне Пружанскага раёна загадалі сабраць рэчы, пасадзілі ў міліцэйскі аўтамабіль і адвезьлі ў раённы Сьледчы камітэт. Супраць палітвязьня заведзеная крымінальная справа паводле артыкула 415 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад адбыцьця пакараньня ў выглядзе пазбаўленьня волі), яму пагражае да 3 гадоў зьняволеньня.

Учора зь Сьледчага камітэта Пружанскага раёна Юры Рубцоў па тэлефоне паведаміў Свабодзе, што ён абвяшчае галадоўку і адначасова байкот сьледзтву.

Пасьля гэтага сувязі з палітвязьням няма. Яго мабільны тэлефон пакінуты на галасавой скрыні.

Вольга Мікалайчык, якая ўчора разам зь іншымі актывістамі прыяжджала да Рубцова, каб зь ім пабачыцца, не выключае, што ён цяпер знаходзіцца ў СІЗА.

«Яго маглі зачыніць у СІЗА да суда. Яму новы тэрмін пагражае, і, напэўна, гэта ўжо будзе ня „хімія“, а зона. А для чалавека зь яго характарам — гэта будуць карцэры, пазбаўленьне перадач, пазбаўленьне спатканьня. Я ведаю спадара Юрыя, ён ня скорыцца ніколі», — адзначыла яна ў размове з Радыё Свабода.

У Сьледчым камітэце Пружанскага раёна Свабодзе нічога не змаглі патлумачыць пра месца знаходжаньня Юрыя Рубцова.

XS
SM
MD
LG