Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я — за чысьціню мовы!» — новы сайт-слоўнік беларускага моўнага пурызму


Алег Мінкін

Алег Мінкін

Пісьменьнік і перакладчык Алег Мінкін сабраў 22 тысячы беларускіх адпаведнікаў расейскіх словаў і словазлучэньняў, пры перакладзе якіх найчасьцей ужываюцца калькі, а не сапраўдныя беларускія варыянты.

«Браты-беларусы! Абаронім мову Купалы і Рагнеды ад чужынскага ўплыву! Жыве Беларусь ды дапаможа нам сьвятая Эўфрасіньня ўратаваць мову продкаў!»

Такімі словамі вітае наведнікаў інтэрнэт-слоўнік расейска-беларускіх адпаведнікаў Алега Мінкіна.

Сайт зрабіў праграміст-энтузіяст Максім Мудроў, патраціўшы на гэта, паводле ягоных словаў, тры вечары.

«Адчуваецца пагроза для беларускай мовы з боку чужынскага расейскага ўплыву. І найперш гэтая пагроза небясьпечная, бо нашыя мовы блізкія. Калі ўзяць нашых іншых суседзяў, прыбалтаў, то на сучасную беларускую мову адтуль уплыву няма, бо мовы зусім розныя. А вось расейская мова блізкая, для ўсіх зразумелая. Але трэба старацца выкарыстоўваць спрадвечныя беларускія словы», — патлумачыў Свабодзе Максім Мудроў, чаму неабходна імкнуцца да моўнага пурызму.

Сярод беларускіх адпаведнікаў — і такія добра вядомыя словы, як суніцы, бульба, шпак, і рэдкія або старыя, як маціліньне, дзогаць, вірлы, мосенж, шалабэйка, кухан, плюцы, цюшка. Аўтар адзначае, якія беларускія словы адпавядаюць розным значэньням слова расейскага, прапануе варыянты перакладу расейскіх словазлучэньняў, фразэалягізмаў, прыказак.

«У „Слоўнічку расейска-беларускіх адпаведнікаў“ у левай графе пададзеныя расейскія словы й словаспалучэньні (выслоўі, устойлівыя выразы, параўнаньні ды інш.), на якіх мы найчасьцей „спатыкаемся“, робячы мэханічны пераклад з расейскай мовы, ствараючы „кальку“ замест праўдзівага беларускага адпаведніка. У правай графе складальнік паспрабаваў, паводле собскага густу й дасьведчанасьці, паказаць сапраўдныя моўныя адпаведнікі. Гэткім парадкам, „Слоўнічак адпаведнікаў“ трэ’ разглядаць з-пад увагі, што гэта ня проста „Расейска-беларускі слоўнік“, а, перадусім, спроба выбавіцца зь верхменаванага „калькаваньня“. Маім галоўным заданьнем было стварыць практычны дапаможнік для шырокага кола карыстальнікаў — для ўсіх, хто карыстаецца беларускай мовай», — піша аўтар Алег Мінкін у прадмове да слоўніка.

У інтэрнэт-вэрсію слоўніка ўваходзіць 22 тысячы словаў і словазлучэньняў, і разьлічаны ён на тых, хто валодае беларускай мовай на добрым узроўні — у электроннай вэрсіі няма ні граматычнай інфармацыі, ні яшчэ якіх тлумачэньняў.

На сайце ёсьць функцыя, з дапамогай якой можна дадаваць новыя словы. Такім чынам праект становіцца інтэрактыўным і дасьць магчымасьць беларусам, якія дбаюць пра захаваньне роднай мовы, папаўняць слоўнік.

«Мэханізм будзе такі: карыстальнікі дадаюць словы, словы трапляюць да аўтара слоўніка Алега Мінкіна, які разглядае іх са свайго боку і вырашае, ці варта іх дадаваць, пасьля яго ўхваленьня словы трапяць да праграміста і зьявяцца на сайце. У выніку мы атрымаем скарбніцу беларускіх словаў, якія будуць адпавядаць расейскім, але не капіраваць іх», — кажа Свабодзе Максім Мудроў.

Сам стваральнік слоўніка расейска-беларускіх адпаведнікаў Алег Мінкін так пракамэнтаваў ініцыятыву стварыць віртуальны варыянт слоўніка:

«Я шмат гадоў працаваў над „Слоўнічкам адпаведнікаў“. Задума была даволі простая — падказаная Германам Гэсэ: „Гульня шкляных пэрлаў“. Вось цяпер, здаецца, яна распачалася. Усё ж вельмі проста — дзьве графы й ніякіх тлумачэньняў, спасылак. Спадзяюся толькі (як Першы Магістар) на больш вытанчаны, чужы, густ».

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG