Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маральны выбар: для каго Сталін – свой?


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Навіна «Ва Ўкраіне зьбіраюцца забараніць прапаганду нацызму і камунізму» агаліла стары тэзыс-падманку: «Нацысты зьнішчалі чужых, а сталіністы-камуністы – сваіх».

А таму, маўляў, гэтыя дзьве антычалавечыя дактрыны нельга параўноўваць.

Хто былі «сваімі» ў Савецкім Саюзе? Новазахопленыя краіны Балтыі, Малдова, народы заходніх Украіны і Беларусі, жыхары фінскай Карэліі? Ці раней: жыхары УНР, БНР, Грузіі, Армэніі, Азэрбайджану, Туркестану?

«Свае» на падставе чаго? Захопу? Дык і нацысты зьнішчалі «сваіх» на новазахопленых тэрыторыях, якія аб'ядналі ў адну краіну – Трэці Райх.

Калі бальшавікі пачалі са сваіх «буржуяў» унутры РСФСР, дык і нацысты пачалі са сваіх ворагаў, якіх сабе абралі – габрэяў і камуністаў, а пасьля пашырылі сьпіс і практыку на новых тэрыторыях.

З Расеяй праблема «сваіх» ідзе далей углыб гісторыі. Усе тыя большыя і меншыя па памерах народы, якія захопліваліся тым ці іншым чынам, рабіліся «сваімі» паводле права пераможцы. «Чыё? Маё! Я першы ўзяў!».

Стаць на калені, як немцы пасьля 1945 году, і пакаяцца за зьдзейсьненае – за саўдзел у бальшавізьме-камунізьме? Тады атрымліваецца траўма для некалькіх генэрацыяў.

Меў нядаўна дыскусію з аднагодкам. Мой дзед дайшоў да Бэрліну без «за Сталіна!». А ягоны дзед заўжды падкрэсьліваў, што ішоў у бой акурат як у фільмах: «За Родзіну, за Сталіна!». Пытаньне: ці я мушу з павагай ставіцца да ягонага дзеда? Адказ – стаўлюся з разуменьнем, але без павагі да ягонага ідэалу.

Зь іншага боку, калі пасыпаўся СССР, ці шмат камуністаў сталі на ягоную абарону? Няшмат, бо на той момант сяброўства ў КПСС значыла ня больш, чым халодны разьлік, прыступка ў кар'ерным росьце, выхад на новы далягляд магчымасьцяў.

«Дык што, і Быкаў быў калябарантам з бальшавіцкім акупацыйным рэжымам?» – абурана пытаецца мой старэйшы-мудрэйшы суразмоўца.

«Урэм’я было такое,– адказваю я. – У яго што – выбар быў?». Але калі надарылася магчымасьць, сваё стаўленьне да бальшавізму-камунізму ён выказаў недвухсэнсоўна. Пачытайце хоць бы кнігу «Сьцяна». Для выпрацоўкі стаўленьня спатрэбіўся час, а найперш – веданьне. Тыя самыя веды, якія актыўна хаваліся, калі Быкаў быў маладым, і якія цяпер адкрытыя для ўсіх: чытай, глядзі, слухай – усё ёсьць.

Праблема «простага чалавека», загнанага ў сытуацыю маральнага выбару пад ціскам той ці іншай бесчалавечнай палітычнай машыны. Будзь гэта вайна, будзь сталіншчына. Вечная тэма для многіх аўтараў. Тэма выбару, якая сягае далей у гісторыю.

Тыя, хто застаўся жыць у Беларусі, а не загінуў, і ня быў высланы ў Сібір пасьля паўстаньня 1863 году – ці яны калябаранты ў дачыненьні да расейскай акупацыйнай улады? Ці яны людзі, якія марылі і рыхтаваліся да незалежнасьці? Хай сабе адныя – у польскай вэрсіі, а іншыя ўжо пачыналі выношваць новую – уласна беларускую, як Францішак Багушэвіч.

Нельга быць крыху маральным, крыху чэсным, крыху ідэйным. Альбо табе ўсё роўна, і ты маўчыш, і прымаеш які заўгодна варыянт. Альбо ты адкрыта выказваесься: так, я сталініст, я за рэпрэсіі, ГУЛАГ, гэта маё крэда.

Ці наадварот – ты асуджаеш сталінізм разам з нацызмам, і кажаш, што ў цяпершчыне і будучыні такім ідэалёгіям месца няма.

Украінцы выбар зрабілі.

Беларусы прытаіліся, і сочаць – чыя возьме.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG