Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На Магілёўшчыне працаўнікам «Строммашыны» з абласнога цэнтру і бабруйскага «Фандоку» больш за два месяцы ня плацяць заробкаў. Многія праз гэта ня могуць своечасова аплачваць камунальныя паслугі.

На Магілёўшчыне працаўнікам «Строммашыны» з абласнога цэнтру і бабруйскага «Фандоку» больш за два месяцы ня плацяць заробкаў. Многія праз гэта ня могуць своечасова аплачваць камунальныя паслугі. За завінавачанасьць у іхных кватэрах адключаюць сьвятло і тэлефон. Працаўнікі паскардзіліся старшыні аблсавету Анатолю Ісачанку, які праводзіў 4 красавіка наўпроставую тэлефонную сувязь з насельніцтвам.

Намесьнік генэральнага дырэктара магілёўскага прадпрыемства Мікалай Юраў, пачуўшы пра скаргу працаўнікоў на нявыплату заробкаў, заявіў, што пра гэта чуе ўпершыню.

«Я першы раз пра гэта ад вас чую, таму нічога пра гэта вам не магу сказаць».

Карэспандэнт: «Выходзіць, што гэта непраўдзівая інфармацыя?»

Юраў: «Я паўтараю, што ўпершыню ад вас пра гэта чую, таму не магу нічога сказаць».

Тым часам працаўнікі прадпрыемства не хаваюць, што праблемы з выплатай заробкаў ёсьць. Аднак гаварыць ля прахадной заводу на гэтую тэму былі гатовыя ня многія. Адна з характэрных гутарак:

«Ці праўда, што на „Строммашыне“ намнога затрымліваюць заробак?» — зьвяртаюся да аднаго з працаўнікоў.

Суразмоўца адказвае каротка: «Так, праўда».

На пытаньне пра прычыну нявыплаты заробку мужчына адрэагаваў гэтак: «Ёсьць цяжкасьці, вядома ж».

«Дык ня скажаце, чаму?», — перапытваю.

«Не», — адказвае працаўнік.

Яшчэ адзін суразмоўца паведаміў, што апошні заробак ім выплацілі за студзень:

«Апошнія грошы нам заплацілі за студзень, і тое ня поўнасьцю. Ад гэтага часу мы не атрымліваем заробкі. Нам пішуць на квіточках — іх аддаюць, а грошай няма. Цяпер у нас крызіс. Нам далі крызіснага мэнэджэра. Ён зь першага чысла пачаў працаваць. Потым, кажуць, будзе нейкі суд. Пасьля яго сьпішуць даўгі, калі сьпішуць. А потым пачнём ізноў працаваць. Мы пакуль яшчэ не банкруты».

Магілёўскае прадпрыемства вырабляе машыны для вытворчасьці будаўнічых матэрыялаў, горныя і будаўнічыя машыны, а таксама вежавыя краны. Пасьля рэзкай дэвальвацыі расейскай валюты шмат якія расейскія і беларускія прадпрыемствы цалкам альбо часткова згарнулі супрацу з заводам.

Менш за месяц таму адзін з супрацоўнікаў адміністрацыі прызнаваў цяжкасьці на заводзе. Пасьля абвалу расейскай валюты, казаў ён, прадпрыемства сутыкнулася з праблемай вымываньня абаротных сродкаў. На пытаньне, як рэагуе на сытуацыю калектыў заводу, суразмоўца адказаў:

«Людзі на прадпрыемстве разумеюць сытуацыю і церпяць ад яе. Заработная плата ў параўнаньні зь лепшымі гадамі, зразумела, упала».

Працоўныя бабруйскага «Фандоку» таксама паскардзіліся старшыні аблсавету Ісачанку. Пагутарыць з супрацоўнікамі адміністрацыі гэтага дрэваапрацоўчага прадпрыемства не ўдалося. Кіраўніцтва, паведамілі ў прыёмнай, у разьездах. Калі ўдалося дазваніцца ў адзін з аддзелаў, там прызналі, што сытуацыя на прадпрыемстве няпростая.

«Фандок» спрабавалі мадэрнізаваць, але, як відаць, без асаблівага плёну. На былога кіраўніка прадпрыемства Ўладзімера Майка завялі крымінальную справу. Яго вінавацяць у зрыве мадэрнізацыі. У жніўні 2014 году яго ўзялі пад варту.

Па выніках трох сёлетніх месяцаў пратэрмінаваную запазычанасьць па выплаце заробкаў мелі 20 арганізацыяў. Сярод праблемных афіцыйныя крыніцы называюць «Строммашыну», «Фандок», «Глускдрэў» ды магілёўскае швейнае прадпрыемства «Вясьнянка».

Што да скаржнікаў, якія дазваніліся да старшыні аблсавету Ісачанкі, то ён ім паабяцаў што будзе прасіць управу жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, каб тая не штрафавала працаўнікоў «Строммашыны» і «Фандоку» за неаплачаныя камунальныя паслугі ды каб у іхных кватэрах не адключалі ваду і ацяпленьне.

XS
SM
MD
LG