Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вёска, жорсткая і бязьлітасная


Зборнік апавяданьняў пісьменьніцы Тацяны Барысік «Жанчына і леапард» сёлета трапіў у лонг-ліст літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця.

Марына Весялуха

Утульны, нібыта цацачны, дамок. Дым з коміна. Котка на вакне. Дагледжаны гародчык. Накормленыя кароўка і сьвіньні ў хляве, дзелавітыя куры ў двары. Ціхае сямейнае шчасьце далёка ад гарадзкой мітусьні і турбот. Спакойная старасьць. Менавіта такой бачыцца нам ідэальная вёска, дзе ўсе жывуць дружнай грамадой, падтрымліваюць суседзяў, старанна працуюць. Але пісьменьніцу Тацяну Барысік такая вёска не цікавіць, яна зьвяртаецца да іншага боку жыцьця ў сельскай мясцовасьці — цёмнага, бруднага, з пахам алькагольнага перагару і нямытай бялізны. Тут жывуць гультаі, злодзеі і даносчыкі, тут мужчыны п’юць, а жанчыны цяжка працуюць, тут дзеці недагледжаныя і старыя самотныя.

Страшныя карціны вясковай рэчаіснасьці запаўняюць прастору апавяданьняў, што ўвайшлі ў кнігу Тацяны Барысік «Жанчына і леапард», пісьменьніца нібыта наўмысна робіць рэаліі жыцьця ў вёсцы настолькі змрочнымі, што нават не адразу верыцца ў іх праўдзівасьць. Але голас розуму ды ўласныя назіраньні, расповеды бацькоў і бабулі, якія жывуць на Слонімшчыне і Мёршчыне, прымушаюць паверыць: усё так і ёсьць. Беларуская вёска — гэта ня толькі плённая праца на зямлі, спакой і лад. Гэта незабясьпечанасьць, нерэалізаванасьць, нястача і бруд. Гэта зайздрасьць суседзяў, іх пільны нагляд, гэта жаданьне быць, як усе. Тут усе навідавоку. Тут вельмі хутка асудзяць і прычэпяць бірку, дадуць крыўдную мянушку. Калі ты ня маеш гародчыка каля хаты — гультай, калі не гадуеш сьвіней — у цябе няма чаго есьці, сапраўдная праца — толькі на зямлі. Ты хварэеш, стаміўся ці нават паўжывы — нікому нецікава: капай бульбу, зграбай сена, ідзі на досьвітку ў ягады, палі буракі, пакуль надвор’е добрае... З-за адсутнасьці цікавай працы тут маладыя сьпіваюцца, робяць злачынствы, сядаюць у турму і зноў вяртаюцца...

Вокладка кнігі «Жанчына і леапард»

Вокладка кнігі «Жанчына і леапард»

Вясковая рэальнасьць ў апавяданьнях Тацяны Барысік сумная і змрочная. Героямі пісьменьніцы становяцца неўладкаваныя ў жыцьці, хворыя, няшчасныя людзі. Гэта недалёкая Тамара, народжаная ад родных брата і сястры, алькаголік Грышка, які дзеля выпіўкі можа есьці нават мяса хворага казла, малады і нібыта пэрспэктыўны паэт Віталь, які не жадае быць творцам.

Асаблівай увагі заслугоўваюць вобразы жанчын — гераінь апавяданьняў Тацяны Барысік. Кожная зь іх мае ўласны цяжкі лёс, але ў той жа час яны разам ствараюць калектыўны партрэт тыповай жыхаркі вёскі. Муж п’е, дзеці лянуюцца дапамагаць па гаспадарцы, працы па душы не знайсьці, даводзіцца забіваць у сабе «леапарда» ды жыць па правілах, якія дыктуе вёска. Сям’я, гаспадарка ды дабрабыт важнейшыя за самарэалізацыю ў творчасьці (апавяданьне «Па наежджанай каляіне»), самы лепшы кавалак аддаваць ня дзецям, а мужу, якім гаспадаром, добрым ці кепскім, ён ні быў бы («Вянок цыбулі»), прывыкнуць уставаць на досьвітку і да поўнай зьнямогі працаваць-працаваць на полі, хай нават гэтая праца будзе амаль марнай («Кропелькі»). Кожная з гэтых жанчын, хоць і мае сям’ю ды дзяцей — вельмі адзінокая. Вось, да прыкладу, што піша аўтарка пра Валю, гераіню апавяданьня «На Каляды»: «Як есьці і піць дык усе, а як рабіць толькі Валя. Яна і ў гародзе, яна і на фэрме, яна і з кароваю, яна і ў ягады, яна прыбраць, наварыць і пашыць». Валя працуе за ўсю сям’ю, а ў выніку застаецца «са сваёю стомаю і сьлязьмі сам-насам». Адзінае выйсьце для жанчыны — марыць пра шчасьлівае наступнае жыцьцё, бо штодзённая цяжкая праца, бессэнсоўная і няўдзячная, ня проста спусташае душу, але забівае ўсялякую надзею на лепшае. А там, за гарызонтам новага лёсу, можна стаць леапардам, які «у зграі не жыве. Ляжыць на галіне дрэва над сьцежкаю, кудой антылёпы на вадапой ідуць, і палюе сабе сваю здабычу». Ды і футра ў яго прыгожае, ня кожная жыхарка вёскі такое мае!

У цэнтры ўвагі Тацяны Барысік апынуліся не толькі жанчыны, але і адметнасьці вясковага ладу, філязофія сучаснай вёскі. Так, пісьменьніца зьвяртае ўвагу чытача на тое, што праз блізкасьць, у якой людзі суіснуюць у вёсцы, тут жыцьцё нібыта спрасаванае. Сьмерць, хваробы і нястачы — усё навідавоку. І ад дзяцей нічога не хаваюць — бо няма сэнсу хаваць. Таму ня дзіўна, што гарадзкія дзеці, якія прыяжджаюць да бабуль на канікулы, менавіта ў вёсцы ўпершыню бачаць мёртвага чалавека. У вёсцы сьмерць — гэта ня толькі гора для сваякоў, але і падзея для аднавяскоўцаў. Тут прынята заходзіць у хату, дзе ляжыць нябожчык, наведваць пахаваньне, разам са сваякамі сядаць за жалобны стол. А потым доўга абмяркоўваць усе падзеі тых дзён.

Менавіта пасьля сьмерці адной з жыхарак вёскі героі апавяданьня «Маленства пад горку кацілася», дзеці з гораду, якія бавяць канікулы ў бабуль, пачынаюць цікавіцца тэмай сыходу з гэтага сьвету. Яны гуляюць у хаўтуры, ладзяць пахаваньні жукоў, у спадзяваньні пабачыць нябожчыка зазіраюць у вокны кінутай хаты, глядзяць, як з трупа дзятла ўтвараецца шкілет. А калі шкілет ужо ўтварыўся, хлопчык Валерка сымбалічна пачапляе на шыю галаву з дзюбай. Натуральна, усе яму зайздросьцяць... Сьлёзы разьвітаньня зь вёскай і канікуламі становяцца сымбалічнымі сьлязьмі ад разуменьня, што маленства скончылася. Пасьля трагічнай сьмерці Валеркі, таго самага, з галавой дзятла на шыі, жыцьцё ня будзе ранейшым. Салодкі водар летніх вясковых канікулаў здабудзе гаркаватае адценьне болю і жалю па незваротна страчаным часе, сябрах, бесклапотным дзяцінстве.

У цэлым жа, вёска — вельмі містычнае месца. Тут дамы стаяць побач з могілкамі, а старыя жанчыны любяць распавядаць пра страшныя выпадкі, што нібыта здараліся зь імі і іх знаёмымі (а можа, і сапраўды здараліся?). Ад гэтых гісторый — дрыжыкі па скуры, нават у саміх апавядальнікаў. А вы ведаеце, як сябе паводзіць, калі пабачыце на сьвежай магіле фосфарны слуп? Савончыха з апавяданьня Тацяны Барысік «Навіна тыдня» дакладна ведае: трэба стаяць на месцы і ня дыхаць, бо «прыйдзе да цябе і задушыць».

Але, бадай, самае моцнае ўражаньне застаецца пасьля прачытаньня апошняга апавяданьня зборніка. Думаецца, зусім не выпадкова тэкст з сымбалічнай назвай «На Каляды» зьяўляецца ў канцы кнігі, каб канчаткова «дабіць» чытача брутальнасьцю, безвыходнасьцю вясковага жыцьця. Нават Каляды і старажытны абрад калядаваньня становяцца для жыхароў амаль апусьцелых Лужкоў проста нагодай зладзіць вылазку ў суседнюю вёску па дармовую выпіўку і закуску. Гэты чароўны час прымушае «чэзлага Казака, бязрогага Казла, Цыганскую Мадонну і Чалавека ў скуранцы» паверыць у цуд атрыманьня жаданай здабычы і выправіцца ў падарожжа па засьнежаным полі. У апавяданьні важна ўсё: лёсы псэўда-калядоўшчыкаў, жыцьці тых, хто іх прымае (ці не прымае) дома, тут гады нібыта сьціраюцца, і застаецца важнай адно душа чалавека, яго стаўленьне да сябе і іншых. Але Каляды — час незвычайны, і гэты вечар для многіх герояў апавяданьня стаў своеасаблівым момантам ісьціны. Нехта ў сьпітым алькаголіку пазнаў першае каханьне і парадаваўся з той прычыны, што шмат гадоў таму лёс ня зьвёў іх разам^; нехта адчуў раскаяньне з-за крадзяжу кошыка памідораў, але не пабаяўся чарговы раз абакрасьці сваяка^; нехта зразумеў сутнасьць даўнішняга ліста-даносу на калядоўшчыкаў і паспрабаваў выправіцца, нічога не шкадуючы для іх «калег»...

Дык ці можна жыць у вёсцы і заставацца годным чалавекам, незалежным ад меркаваньня суседзяў, здольным пайсьці супраць сыстэмы і парушыць законы, што выпрацоўваліся дзесяцігодзьдзямі? Паводле меркаваньня Тацяны Барысік, гэта магчыма, але трэба мець вялікую моц, каб «вяртацца дадому і ня ўбачыць на сваім шляху ніводнага сьледу апроч уласнага, пакінутага табою па дарозе ўпрочкі». Трэба прызвычайвацца да адзіноты, прывучаць сябе да ўнутранай свабоды ад стэрэатыпаў і забабонаў вёскі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG