Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіча катуюць, — лічаць актывісты з Грамады


Мікола Статкевіч
Мікола Статкевіч

Узмацненьне ціску ў калёніі на Мікалая Статкевіча барысаўская арганізацыя БСДП (Грамада) расцэньвае як катаваньні палітвязьня.

Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджанай арганізацыяй заяве з заклікам падтрымаць палітвязьня Мікалая Статкевіча.

«Інакш як узмацненьнем супрацьпраўнага ціску на гэтага рэальнага канкурэнта Аляксандра Лукашэнкі ў барацьбе за ўладу ў Беларусі нельга растлумачыць ужываньне да палітвязьня самых строгіх пакараньняў у турэмных умовах. Гэта, напрыклад, чарговае зьмяшчэньне Мікалая Статкевіча ў памяшканьне камэрнага тыпу або найстражэйшы лягерны карцэр, дзе ставіцца пад пагрозу здароўе зьняволенага і дзе чалавека могуць трымаць месяцамі», — гаворыцца ў заяве.

Барысаўскія сацыял-дэмакраты заклікаюць дэмакратычную грамадзкасьць краіны «замест захапленьня псэўдавыбарамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і вылучэньня нейкіх кандыдатаў на гэтае карыкатурнае палітычнае мерапрыемства распачаць шэраг канкрэтных дзеяньняў у падтрымку палітвязьняў».

Сацыял-дэмакраты прапануюць падрыхтаваць сумесныя звароты ў АБСЭ, Камітэт супраць катаваньняў і Камітэт па правах чалавека ААН з заклікам чыніць міжнародны ціск на Аляксандра Лукашэнку «з мэтай недапушчэньня ўжываньня катаваньняў у дачыненьні да яго палітычных апанэнтаў».

З аналягічнай заявай выступіла і кіраўніцтва Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада).

Адміністрацыя папраўчай калёніі № 17 Шклова за апошні тыдзень вынесла Статкевічу шэраг спагнаньняў, на яго складзена восем актаў. У прыватнасьці, яго пазбавілі кароткатэрміновага спатканьня з жонкай, якое плянавалася ў красавіку, і прадуктовай перадачы. Акрамя таго, Статкевіча зьмясьцілі на трое сутак у штрафны ізалятар, а 3 красавіка перавялі на два месяцы ў памяшканьне камэрнага тыпу, нагадвае БелаПАН.

Мікалай Статкевіч — адзіны кандыдат у прэзыдэнты Беларусі на выбарах 2010 году, які дагэтуль застаецца ў зьняволеньні. У траўні 2011-га яго асудзілі на шэсьць гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачаньні ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень прэзыдэнцкіх выбараў. Першапачаткова адбываў пакараньне ў шклоўскай калёніі № 17, аднак у студзені 2012-га ўмовы адбыцьця пакараньня яму зрабілі больш жорсткімі і перавялі яго ў магілёўскую турму № 4 на тры гады. Па заканчэньні гэтага тэрміну, 12 студзеня гэтага году, палітыка вярнулі ў шклоўскую калёнію, дзе на яго за першыя два дні склалі два рапарты аб парушэньні правілаў унутранага распарадку і на гэтай падставе забаранілі яму доўгатэрміновае спатканьне з роднымі.

Статкевічу ня раз прапаноўвалі напісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі, але 58-гадовы палітык катэгарычна адмаўляецца гэта рабіць. У беларускай апазыцыі гучаць галасы за тое, каб вылучыць яго кандыдатам у прэзыдэнты на выбарах у гэтым годзе.

Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Мікалая Статкевіча палітычным зьняволеным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG